У руках вадзіцеляў – жыццё маленькіх пасажыраў

З 20 па 29 снежня на Гродзеншчыне праходзіла прафілактычная акцыя "Захавай дзіцяці будучыню", у рамках якой супрацоўнікі ДАІ правяралі, наколькі вадзіцелі клапоцяцца пра бяспеку маленькіх пасажыраў і карыстаюцца дзіцячымі ўтрымліваючымі ўстройствамі і рамянямі бяспекі пры іх перавозцы.

Каб пераканацца ў тым, што шчучынскія вадзіцелі таксама выконваюць гэтыя патрабаванні правілаў дарожнага руху, мы накіраваліся ў рэйд разам з інспектарам дарожна-патрульнай службы АДАІ Шчучынскага РАУС Паўлам Уладзіміравічам Старчуком і міліцыянерам-вадзіцелем аператыўна-дзяжурнай часці Алегам Віктаравічам Кахновічам. А спыніцца вырашылі ў раёне дзіцячага садка №6 у Шчучыне, куды кожную раніцу бацькі прывозяць сваіх дзяцей.

Прыемна адзначыць, што мамы і таты клапоцяцца пра бяспеку сваіх дзяцей. Практычна ўсе маленькія пасажыры знаходзіліся ў дзіцячых утрымліваючых устройствах і былі прышпіленыя.

Алена Уладзіміраўна – мама чатырохгадовай Паліны, запэўніла, што заўсёды прышпільвае сваю дачушку.

– Гэта ж бяспека майго дзіцяці, хіба ж можна паступіць інакш? – паведаміла жанчына.

У спецыяльным крэсле ехаў і сын Любові Мікалаеўны Цімур, дарэчы, як і іншыя дзеці.

– Віка як толькі сядае ў машыну, адразу прышпільваецца сама, – паведаміла мама пяцігадовай дзяўчынкі. – Мне нават і нагадваць ёй не трэба.

Заўсёды клапоціцца пра бяспеку свайго трохгадовага сыночка Міхаіла яго бацька Сяргей Міхайлавіч.

– Паколькі ў час руху я павінен сачыць за дарогай, найлепшы спосаб паклапаціцца пра сваё дзіця – прышпіліць яго, – упэўнены тата.

А вось хто здзівіў дык здзівіў, так гэта бацькі трох маленькіх дзяўчынак – Анастасіі, Ксеніі і Вікторыі. Усе яны ехалі ў аўтамабілі не прышпіленымі. Тлумачэнні матулі – спяшаліся, гэта першы раз і г.д. – гучалі зусім не пераканальна. Складвалася такое ўражанне, што дзеці пастаянна так ездзяць у транспартным сродку. Па ўсім відаць, бацькам няма ніякай справы да бяспекі сваіх уласных дзяцей.

У такім выпадку – калі парушаюцца патрабаванні правілаў дарожнага руху пры перавозцы маленькіх пасажыраў – вадзіцель атрымлівае штраф. На гэты раз рэйд быў арганізаваны з мэтай прафілактыкі, таму тата гэтых трох дзяўчынак атрымаў толькі папярэджанне. У наступны раз ён абавязкова панясе адміністрацыйную адказнасць.

– Згодна з ч. 5 арт. 18.14 Адміністрацыйнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, штраф за няправільную перавозку дзяцей вагаецца ад 0,5 да чатырох базавых велічынь, – удакладняе Павел Уладзіміравіч. – Толькі хіба ж справа ў пакаранні? У падобных  выпадках проста незразумелымі застаюцца такія адносіны бацькоў да сваіх дзяцей? Хто, як не мамы і таты ў першую чаргу павінны думаць пра бяспеку сваіх сыноў і дачушак? А яны шукаюць розныя адгаворкі, каб толькі не атрымаць штраф…

І ўсё ж, як сведчаць вынікі рэйду, пераважная большасць вадзіцеляў з адказнасцю адносяцца да перавозкі дзяцей. А як інакш? У іх руках – жыццё маленькіх пасажыраў.

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!