У рубрыцы “Фамільная каштоўнасць” – Зайцы, Мядзведзевы і Лісіцы, якія камфортна пачуваюць сябе ў нашым агульным доме – на шчучынскай зямлі

Памятаеце казку пра церамок, які ўмясціў пад адным дахам і абагрэў розных лясных насельнікаў? Вось і сённяшнія героі праекта “Фамільная каштоўнасць” камфортна пачуваюць сябе і ў нашым агульным доме – на шчучынскай зямлі, і ва ўласных “церамках” – сваіх сем’ях, якія лічаць бясцэнным і самым каштоўным жыццёвым набыткам. Гэтыя людзі годна жывуць, сумленна працуюць, іншых паважаюць. Таму і гучаць ухвальна іх каларытныя прозвішчы.

 

Як сібіракі Мядзведзевы шчучынцамі сталі

Сорак год назад на шчучынскую зямлю ўпершыню ступілі Зінаіда і Сяргей Мядзведзевы. Ён – афіцэр, тэхнік самалёта. Яна – жонка вайскоўца, з тых, што ідуць за мужам як нітачка за іголачкай. Наўрад ці думалася тады маладой пары, ураджэнцам Краснаярскага краю, што невялікі беларускі гарадок стане іх другой радзімай.

 

– Спачатку муж вучыўся на фізмаце інстытута, магчыма, як і яго мама, стаў бы педагогам, але потым перадумаў і вырашыў стаць вайскоўцам, – расказвае Зінаіда Іванаўна. – Пасля заканчэння ваеннага вучылішча ў Ачынску ён атрымаў накіраванне ў Шчучын, за тысячы кіламетраў ад роднага дома. І так выйшла, што горад стаў яго адзіным месцам службы. Пасля распаду СССР наступіў час перамен, не самых лепшых для людзей у пагонах. Завяршыў службу ў званні капітана, патрапіўшы пад скарачэнне, і мой Сяргей.

 

Перамены па-рознаму адбіліся на лёсе былых абаронцаў Айчыны. Але Сяргей Пятровіч Мядзведзеў не згубіўся ў цывільным жыцці. Тэхнар па прафесіі, ён пайшоў на курсы зваршчыкаў, потым набыў прафесію сантэхніка і працаваў на розных шчучынскіх прадпрыемствах. У прыватнасці, у РУП ЖКГ, дзе, можна сказаць, стаў заснавальнікам сямейнай дынастыі. У гэтай арганізацыі цяпер працуюць слесарамі-сантэхнікамі старэйшы і малодшы сыны – Яўген і Аляксандр. Такое вось мядзведзеўскае брацтва атрымалася. Яшчэ адзін сын, Ігар, – на “Рына- Пластыку”. Што цікава, маладыя людзі не абдзеленыя талентамі. Той жа Аляксандр з юнацтва захапіўся навамоднымі танцамі, нават абучаў майстэрству іншых, добра спявае. Яўген жа ў поварскай справе майстар, торт спячэ – пальчыкі абліжаш. А ў Ігара добрыя тэхнічныя здольнасці.

 

– Шчучын – радзіма нашых дзяцей. Хлопцы раслі спакойнымі, асаблівых турбот з імі не мела. Хаця, пакуль падгадавала, давялося быць хатняй гаспадыняй. Потым пайшла працаваць санітаркай у бальніцу, – расказвае жанчына. – Канешне, трэба было добра завіхацца, каб накарміць чатырох любімых мужчын. Але для мяне гэта не ў навіну, бо сама расла ў мнагадзетнай сям’і. Ды і ў ежы мае хлопцы не пераборлівыя. Любімы прадукт – смажаная бульба. Сыны скончылі мясцовае ПТВ, тут вырашылі пусціць карані. Ва ўсіх ужо свае сем’і. У нас з мужам ёсць шэсць унукаў – чатыры дзяўчынкі і два хлопчыкі.

 

Зінаіда Іванаўна з замілаваннем гаворыць пра ўнукаў, з цеплынёй – пра нявестак – дзвюх Таццян і Вольгу. Па яе словах, абранніцы сыноў вельмі дастойныя маладыя асобы. Расказвае, што любіць прымаць вялікую сям’ю ў сваёй кватэры. І пра сваё сібірскае правіла – дапамагаць, але не ўмешвацца ў жыццё дарослых дзяцей. Часцей за ўсё родныя людзі збіраюцца на святы, вось і гэтым летам віншавалі бацькоў з 40-годдзем сумеснага жыцця. Але бацька і маці не крыўдзяцца: у будні ў каго работа, у каго вучоба. Свабодны “графік” толькі ў маленькага Арсенія, з якім бабуля ахвотна паняньчыцца. Што да дзядулі, то ён ўсё яшчэ працуе – наводзіць чысціню на тэрыторыі адной з гарадскіх школ.

 

Радзіма. Яна там, дзе чалавеку добра, перакананы Мядзведзевы. І таму Беларусь, за свабоду і незалежнасць якой, дарэчы, змагаўся і бацька Зінаіды Іванаўны – кавалер трох ордэнаў Славы – даўно для іх родная, іх цёплы дом. 

 

Тры аповеды пра Паўла Ісакавіча Зайца

“Дзеці настойваюць, каб я пісала кнігу пра свой і мужаў род, – дзеліцца Эльвіра Уладзіміраўна Заяц. – А я ўсё ніяк не пачну, бо іншых спраў хапае. Я чалавек рухавы. Як устану ў сем раніцы, лічы, да апоўначы занятак маю. І дома, і на прысядзібным участку. Днямі вось лісце зграбала. Цікаўлюся навінамі, усім, што адбываецца ў краіне і свеце. Хачу ведаць, што вакол мяне. А яшчэ люблю разгадваць сканворды і красворды…”.

 

 Маёй новай знаёмай 83 гады. Паважаны ўзрост. Але Эльвіра Уладзіміраўна, маючы на ўвазе найперш сябе, канкрэтна заявіла: “Узрост – памылка, калі чалавек малады душой!”. Працытавала і Марка Твэна пра тое, што ўзрост толькі ў нашай галаве… Як кажуць, не паспрачаешся.

 

 Прызнацца, за час размовы гэта жанчына ўлюбіла ў сябе аптымізмам і актыўнай жыццёвай пазіцыяй: не падаць духам, не паддавацца ўзросту, думаць пазітыўна і гэтак жа глядзець на свет. Упэўнена, і мемуары пра сваю радзіну ў яе атрымаюцца. Бо, як высветлілася, у Эльвіры Уладзіміраўны ўжо ёсць вопыт творчай работы.

 

– Нядаўна споўнілася 60 год сыну Ігару. Яго жонка рыхтавала з гэтай нагоды альбом з водгукамі блізкіх і сяброў, і мяне папрасіла напісаць некалькі радкоў. Я і напісала. Нявестка прачытала і сказала: “Мама, у вас талент”. А яшчэ адзін мой творчы вопыт быў крыху раней. Тады на наш хатні адрас прыйшло пісьмо з Гомельскага дзяржуніверсітэта. Мужа, Паўла Ісакавіча, прасілі падзяліцца інфармацыяй пра яго навуковую дзейнасць, бо рыхтавалі кнігу “Шлях у навуку” пра знакамітых навукоўцаў – ураджэнцаў Гомельшчыны, – прыгадвае Э.У. Заяц. – Паўла Ісакавіча ўжо не было на гэтым свеце, таму я сама ім усё падрыхтавала і выслала. Тая кніга цяпер сярод сямейных рэліквій. Як і выданне “Гродненщина в лицах”, дзе таксама ёсць аповед пра мужа. А трэці зборнік, дзе ўзгадваецца імя Паўла Ісакавіча, яго жыццёвы і працоўны шлях, называецца “Кто есть кто: деловой мир СНГ”. Вельмі прыемна, што памяць пра роднага чалавека жыве. Нядаўна прыязджалі ўнукі, а ўсіх іх пяць, на сямейную ўрачыстасць, і я ім паказала кнігі, дзе расказваецца пра дзеда, яго ўзнагароды…

 

Нагадаю: Павел Ісакавіч Заяц – знакавая асоба для нашай Шчучыншчыны. Дваццаць тры гады гэты высокаадукаваны інтэлігентны чалавек, кандыдат сельскагаспадарчых навук, узначальваў спачатку доследную станцыю, а потым і занальны інстытут раслінаводства. Па словах Эльвіры Уладзіміраўны, менавіта яго і кіраўніцтва вобласці намаганнямі доследнай установе быў нададзены такі высокі статус. У інстытуце поплеч з мужам працавала і сама Э.У. Заяц – загадчыцай аднаго з аддзелаў. 

 

Але заслугі Паўла Ісакавіча не толькі на навуковай ніве. Жонка і сёння захапляецца яго талентам быць цудоўным мужам для яе і бацькам для траіх дзяцей. А пажаніліся гэтыя двое – Эльвіра Бароўская з Жодзіна і Павел Заяц з вёсачкі Лукі Калінкавіцкага раёна – у 1958 годзе, пазнаёміўшыся падчас вучобы ў Горацкай сельгасакадэміі. Калі ўступалі ў шлюб, у жаніха не было бацькоў. Сіроцтва не абазліла, наадварот: Павел Ісакавіч усю сваю душу ўклаў ва ўласную сям’ю, якую вельмі любіў. “Мне яго вельмі не хапае, – смуткуе сёння жонка. – Ён жа дабіўся ўсяго сам. Пачынаў брыгадзірам трактарнай брыгады ў МТС, а стаў дырэктарам НДІ. Ён увесь быў у сельскім жыцці. Гэта яго стыхія”.

 

Так склаўся лёс, што цяпер побач з Эльвірай Уладзіміраўнай сям’я малодшай дачкі Марыны. Марына Паўлаўна Адашчык – дырэктар СШ №1 г.Шчучына. Дастойнымі людзьмі сталі старэйшая дачка Таццяна, біёлаг па адукацыі, і сын Ігар – авіятар. “У кожнага з маіх дзяцей свая дарога”, – слушна разважае іх мудрая матуля і з нецярпеннем чакае сустрэчы.

 

Шляхі-дарогі Лісіцаў

Анатолія Лісіцу з вёскі Мураванка застаць дома няпроста: за рулём аўтамабіля ён накручвае кіламетры па беларускіх дарогах і ў замежжы. З кабіны яго “Вольва” бачны краявіды Францыі, Германіі, Літвы і іншых блізкіх і далёкіх краін, якія за 19 год работы (а ўвогуле яго стаж нашмат большы) аб’ехаў наш зямляк. Работа вадзіцеля-міжнародніка не з лёгкіх, але вопыт і пачуццё адказнасці дапамагаюць справіцца з задачай даставіць груз у пункт прызначэння. Фірма, у якой працуе мужчына, гродзенская. Калі ж Анатолій Мікалаевіч вяртаецца дамоў, стараецца знайсці такі занятак, каб не сядзець на месцы, а быць у руху. І калі яго адпачынак супадае з паляўнічым сезонам, мужчына бярэ ў рукі ружжо і ідзе ў лес. Яго галоўнае хобі – паляванне, а таксама рыбалка. Калі ты так многа праводзіш за рулём – гэта сапраўды добры рэлакс для арганізма. “Сярод трафеяў майго Лісіцы найчасцей дробны звер, – распавядае жонка Ірына Аляксандраўна.

 

– Даводзіцца мне шукаць новыя рэцэпты, каб смачна прыгатаваць здабытае”.

 

Сама яна, можна сказаць, ветэран сістэмы спажывецкай кааперацыі. Працоўны шлях пачала ў 1991 годзе пасля заканчэння Мінскага кааператыўнага тэхнікума. Упершыню стала за прылавак у магазіне прамысловых тавараў у Скрыбаўцах. “Тады тут знаходзіліся ажно два прадмагі, крама прамысловых тавараў і магазін ад чыгункі. У 90-ыя давялося пабачыць і талоны, і купоны. Затое цяпер на прылаўках – што душа пажадае, – расказвае Ірына Аляксандраўна. – Я працую з дзвюмя калегамі пазменна. Стараемся задавальняць усе патрэбы пакупнікоў і заданні па тавараабароце выконваць”. Дарэчы, работай І.А. Лісіцы ў Шчучынскім філіяле аблспажыўтаварыства задаволены.

 

Анатолій Мікалаевіч і Ірына Аляксандраўна – людзі мясцовыя, скрыбаўскія. Пра такіх кажуць: дзе нарадзіліся, там і спатрэбіліся. У суседняй з іх бацькаўшчынай Мураванцы ў іх свой дом, дарэчы, з усімі выгодамі. А вось гаспадарку давялося аптымізаваць. Усё з-за работы, якая не ўкладваецца ў класічныя межы “з васьмі да сямнаццаці”. Таму на падворку толькі два сабакі, адзін, дарэчы, паляўнічы. А дома гаспадыні спраў хапае – наводзіць чысціню і парадак, займаецца агародніцтвам, любіць чытаць. 

 

 Род Лісіцаў паціхеньку павялічваецца. Так, у сына Алега падрастае маленькі Ягорка, якому трохі больш за два гады. Сын з сям’ёй жыве ў Гродне. Скончыўшы Беларускі інстытут правазнаўства, пайшоў на службу ў міліцыю. Цяпер старшы інспектар ДАІ маёр міліцыі Алег Анатольевіч Лісіца ў адказе за парадак і бяспеку на дарогах, у тым ліку на тых, па якіх імчыць велікагруз яго бацькі. А ў вольны час, як і бацька, ён любіць выйсці на паляванне. Дарэчы, усе дакументы і дазвол на гэты занятак і старэйшы, і малодшы Лісіцы маюць.

 

Не меншы гонар бацькоў – дачка Святлана. Яна з залатым медалём скончыла школу, паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. І вось ўжо з 1 жніўня прыступіла да працы ў Астравецкай ЦРБ у якасці ўрача лабараторнай дыягностыкі. Верыцца, што ў маладога доктара ў такім перспектыўным горадзе ўсё складзецца як найлепш: і асабістае жыццё парадуе, і прафесійны шлях будзе мець добры працяг.

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара і з сямейнага архіва.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!