У рубрыцы Фамільная каштоўнасць – каманда Шчучыншчыны нашай: Пабягуц, Стрэльчань і Мячын
У Беларусі стартавалі II Еўрапейскія гульні. Гарачыя баталіі разгортваюцца ў цірах і на рынгах, бегавых і веладарожках і іншых спартыўных аб’ектах. Гэта значная для краіны падзея навяла на думку запрасіць да ўдзелу ў праекце “Фамільная каштоўнасць” жыхароў раёна, прозвішчы якіх сугучныя з відамі спорту, прадстаўленымі на Еўрапейскіх гульнях. У размове мы высветлілі адносіны гэтых людзей да фізкультуры і спорту, пагаварылі пра каштоўныя жыццёвыя дасягненні і сямейныя рэкорды. І вось такая атрымалася каманда.
Мячыны са спортам на “ты”
Ураджэнец вёскі Мураванка Алег Мячын і хацеў бы на свае вочы ўбачыць паядынкі на спартыўных аб’ектах Мінска, але работа не адпускае. Малады чалавек працуе аператарам аднаго з аддзяленняў на Астравецкай АЭС. Спецыяльнасць “паратурбінныя ўстаноўкі”, атрыманая ў БНТУ, дазваляе займацца такой адказнай работай. Дарэчы, з дзяцінства Алег дружыць са спортам. Не таму, што прозвішча абавязвае, а таму, што з маленства ёсць такая ўнутраная патрэба. Разам з сябрамі на школьным стадыёне ганяў мяч, а калі быў студэнтам, зацікавіўся тайскім боксам…
– І цяпер, падчас работы ў Астраўцы, ён удзельнічае ў спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, у футбольных баталіях, – распавядае мама Алега Яніна Іванаўна. – Сын прызнаны лепшым варатаром! За свае спартыўныя поспехі мае шматлікія граматы і дыпломы. А калі дамоў у Мураванку прыедзе – бягом на стадыён!
З самім хлопцам пагутарыць не давялося, але яго матуля ахвотна падзялілася радасцю: і сын Алег, і дачка Вікторыя выраслі добрымі людзьмі. Віка таксама працуе ў перспектыўным Астраўцы. “Яна скончыла школу з залатым медалём, потым – педуніверсітэт у Мінску, дзе атрымала спецыяльнасць лагапеда, – распавядае матуля. – Абое многа чытаюць, Алег на гітары грае, самастойна вучыць англійскую мову, а Віка ў вольны час вяжа”.
Малодшыя Мячыны ўвабралі ўсё добрае ад сваіх бацькоў – Яніны Іванаўны і Сяргея Васільевіча. Пара ў шлюбе 27 год. А першае знаёмства адбылося на вечары-сустрэчы ў мясцовай школе: тады Сяргей Мячын запрасіў на танец маладую сарамлівую настаўніцу Яніну Купрыян…
– Мой Сяргей хоць меў прозвішча, сугучнае з мячом, усё ж любіў ганяць шайбу, – адказвае субяседніца на маё пытанне пра спартыўныя інтарэсы яе мужа. – Але з хакеем развітаўся і ўсе свае сілы накіраваў у жыццёвае стваральнае рэчышча: дом і ў доме адбудоўваў сам. Ён у мяне майстар на ўсе рукі! А цяпер працуе ў РУП ЖКГ. Часам, гледзячы на нашу сядзібу, людзі кажуць: “Малайчына, Яніна Іванаўна! А я ім пярэчу, маўляў, у гэтым не мая заслуга, а мужа… Дарэчы, дом наш стаіць, як мы кажам, у царскім месцы – побач са старымі лістоўніцамі, што растуць пры дарозе, па якой некалі вяльможы ездзілі. І мы часам любім пажартаваць пра царскі клад, які не шкодзіла б знайсці…
Хаця для самой Я.І. Мячынай сапраўдны клад – яе сям’я і любімая праца. Педагагічны стаж жанчыны больш за 30 год. Пачынала старшай піянерважатай у Вялікім Сяле, потым працавала ў Арцюшах, Багушах… Цяпер выкладае беларускую мову і літаратуру ў Скрыбаўскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе, класны кіраўнік у 9 класе. А гэтымі летнімі днямі яна пры сваіх вучнях у прышкольным аздараўленчым лагеры.
“Ты пакліч мяне, пазаві…”, – цытуе настаўніца любімую паэтку Яўгенію Янішчыц і прызнаецца, што ў яе сэрцы і цяпер ёсць покліч малой радзімы. Раз-пораз у памяці ўсплываюць маляўнічыя забор’еўскія краявіды, Нёман з высачэзнымі прыбярэжнымі дубамі – месца, дзе яны, вясковыя дзеці, абсталявалі пляцоўку для гульні ў валейбол і да цемнаты “біліся” за перамогу. А якія гаманкія і шматлюдныя фестывалі і турзлёты тут ладзіліся! Паўраёна пабывала на іх! А калі Яніна Іванаўна чытае сваім вучням “Новую зямлю” Якуба Коласа, перад вачамі паўстаюць родная хата, духмяныя бліны на стале… Прызнаецца, што з часам успрыманне бацькаўшчыны набыло новыя колеры: “Дзеці падарылі мне карціну, вісіць дома на сцяне. Чужы пейзаж, а, здаецца, наша Забор’е, вылітае Забор’е…”.
Іх не дагоніш!
– Яшчэ дом не дабудаваў, а ўжо валейбольную сетку на ўчастку прыладзіў, – з гонарам расказвае пра свайго мужа шчучынка Алена Сяргееўна Пабягуц. – Ён у нас адпавядае свайму прозвішчу: вельмі рухавы, энергічны. Хуткі і пры прыняцці рашэнняў, і ва ўсіх справах.
Як даведалася, Дзмітрый Іванавіч Пабягуц – будаўнік па прафесіі – “дабег” ажно да Падмаскоўя, дзе цяпер працуе ў будаўнічай фірме. “Магчыма, гэта покліч продкаў”, – кажу жанчыне, даведаўшыся, што карані роду яе спадарожніка жыцця ажно ў Новасібірску. Менавіта адтуль перабраліся ў Беларусь носьбіты такога цікавага і рэдкага прозвішча.
Свае асаблівыя адносіны са спортам, у каго блізкія, а ў каго не вельмі, і ў астатніх членаў сям’і. Алена Сяргееўна шчыра прызнаецца: яна дамаседка, аматар спакойнага баўлення часу, але праца зрабіла яе, так бы мовіць, бегуном на кароткія дыстанцыі – разам з любімымі вучнямі з 2”В” класа другой гарадской школы. А гэта дваццаць чатыры цікаўныя, дапытлівыя, вясёлыя, спакойныя і гарэзлівыя выхаванцы. Сумаваць не даюць, за што настаўніца ім вельмі ўдзячна.
– Дзеці зараджваюць энергіяй, не дазваляюць пасяліцца ў сэрцы суму, – гаворыць яна. – Актыўна і плённа працуем на ўроках, разам ходзім у паходы. І з бацькамі вучняў добрыя адносіны – даверлівыя і таварыскія.
Дарэчы, Алена Сяргееўна выкладае ў школе, дзе некалі сама была першакласніцай, вучылася ў Іны Міхайлаўны Краўчанка. А вось выпускны вальс прагучаў для яе ажно у Германіі, дзе служыў бацька-вайсковец.
У Дзмітрыя Іванавіча і Алены Сяргееўны Пабягуц два сыны – 21-гадовы Антон і 15-гадовы Аляксей. Старэйшы вучыцца ў БНТУ на энергетычным факультэце, а малодшы – гімназіст, скончыў 9 класаў. Аляксей яшчэ перад выбарам прафесіі, расказвае матуля, але ў хлопца ўжо з’явілася жаданне стаць… кінааператарам. На шляху да мары ён спрабуе здымаць відэафільмы, у тым ліку і пра Шчучын, уваходзіць у склад творчай групы “Ангелы”, у якой ёсць свой Ютуб-канал…А яшчэ абодва сыны са спортам на “ты”. Захоплена і з задавальненнем займаліся таэквандо ў трэнераў Натарава і Валентукевіч,падчас спаборніцтваў аб’ездзілі Беларусь і блізкае замежжа, адкуль прывозілі медалі і многа добрых уражанняў. “Аляксей паехаў у Мінск, каб убачыць адкрыццё Другіх Еўрапейскіх гульняў, – падзялілася Алена Сяргееўна. – Магчыма, патрапіць і на спаборніцтвы. Ён любіць баскетбол. А старэйшы Антон падчас вучобы ва ўніверсітэце захапіўся плаваннем”. Матуля з радасцю назірае, як растуць і сталеюць яе дзеці. У клопатах пра сям’ю, пра сваіх вучняў праходзіць дзень за днём. Як і ва ўсіх, час прыносіць радасці і засмучэнні. Але А.С. Пабягуц – аптымістка па натуры і стараецца кіравацца мудрымі словамі Станіслаўскага: “Трэба цяжкае зрабіць лёгкім, лёгкае – звыклым, звыклае – прыгожым, а прыгожае – цудоўным”.
Трапныя стрэлы Івана Стрэльчаня
На шчасце, страляць давялося не на баявых пазіцыях, а на трэніровачных стрэльбішчах, падкрэслівае Іван Аляксандравіч. Яшчэ падчас вучобы ў Ракавіцкай школе быў у раскладзе прадмет “пачатковая ваенная падрыхтоўка”, і пасля ўрока дзеці ахвотна ішлі ў цір. Асвойваў зброю, калі служыў тэрміновую ў арміі, праходзіў агнявую падрыхтоўку і падчас службы ў райваенкамаце.
Ваенкамат суседнічае з рэдакцыяй, таму з вокнаў нашых кабінетаў былі бачны і юныя прызыўнікі, і сталыя мужчыны, якіх выклікалі на зборы. А сярод іх нязменна знаходзіўся чалавек у форме – энергічны прапаршчык І.А. Стрэльчань.
– А я ж па спецыяльнасці фінансіст, – здзіўляе Іван Аляксандравіч. – Скончыў фінансава-эканамічны тэхнікум у сталіцы, потым шэсць год працаваў у інспекцыі Дзяржстраху. Але аднойчы знаёмы камандзір вайсковай часці прапанаваў мне пайсці на звыштэрміновую службу ў армію. Я пагадзіўся. Аднак патрапіць на службу мог толькі праз ваенкамат. Вось тут і адбылася сустрэча, якая змяніла планы. Тагачасны ваенны камісар Міхаіл Антонавіч Жыгалін, пагутарыўшы са мной, “ушаптаў” застацца ў іх ведамстве. Так з лістапада 1975 года па верасень 2011-га маім месцам службы і работы стаў будынак па суседству з вашай рэдакцыяй. Дарэчы, спачатку я служыў у форме, а потым быў грамадзянскім спецыялістам. Лічу, выбар работы – гэта быў выстрал у яблычак. І калегі былі дастойныя – Ф.Ф. Жылкін, Ф.Л. Сямашка, М.М. Бялко, Ю.П. Платонаў, В.А. Казінец, Ю.М. Шэпелеў, Г.П. Шышкін і многія іншыя.
– Я займаўся і прызывам моладзі на службу, і ваенна-патрыятычным выхаваннем, і прыпіскай, і пастаноўкай на воінскі ўлік, – прыгадвае суразмоўца. – Пры Саюзе да сямі-васьмі соцень хлопцаў у армію прызывалі.
Федар Фёдаравіч Жылкін называе І.А. Стрэльчаня выдатным работнікам і чалавекам і падказвае, што той цяпер захоплены дачай.
– Дык я ж вясковы хлопец, нарадзіўся і вырас у Русаках, – дзеліцца Іван Аляксандравіч. – У восем гадоў ужо касіць умеў. Як пайшоў на пенсію, знайшоў асалоду для сваіх рук і душы ў рабоце на дачы. З вясны да восені там прападаю. Ад пасадкі да збору ўраджаю – усё сам: капаю, сею, праполваю, апрацоўваю… У мяне там ніводнай зялінкі!
На маё пытанне, што пры такім руплівым мужы-агародніку застаецца рабіць жонцы, мужчына адказвае: “ У яе і хатніх клопатаў хапае”.
А са сваёй другой палавінкай у Івана Аляксандравіча выйшла амаль як у той песні: “Касіў Ясь канюшыну – паглядаў на дзяўчыну”. Сапраўды, знайшоў ён сваю Яніну Фёдараўну па-суседску: ён жыў у вёсцы, а яна на хутары – праз раку. А для стрэлаў Амура гэта не перашкода, асабліва калі ў хлопца такое прозвішча. Выстрал Стрэльчаня, а дакладней, выбар спадарожніцы жыцця аказаўся правільным: разам 36 год, жывуць добра, выгадавалі двух цудоўных сыноў. “Андрэй і Дзмітрый атрымалі вышэйшую адукацыю, маюць цяпер добрую работу на “Праймілку”, жанатыя – добрых дзяўчат у жонкі выбралі, вядуць здаровы лад жыцця. Іх дзеці – наша радасць: ці не штодзень старэйшыя ўнук і ўнучка прыбягаюць праведаць. І з дваіх малодшанькіх не нацешымся. Іншага шчасця і не трэба”, – радуецца Іван Аляксандравіч.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.