У РЦКіНТ праходзіць урачысты сход перадавікоў вытворчасці і лепшых па прафесіі і з нагоды 85-годдзя ўтварэння Шчучынскага раёна

Святочная атмасфера адчуваецца адразу ў файе раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, дзе прадстаўлены дасягненні прадпрыемстваў і арганізацый, устаноў сацыяльнай сферы. Бяспрэчна, усё гэта выклікае гонар за нашу родную Шчучыншчыну.
Прадпрыемствы раёна дэманструюць сваю прадукцыю. Ёсць чым ганарыцца заводу "Аўтапровад": дырэктар ахвотна адказвае на пытанні зацікаўленых, знаёміць з гісторыяй завода, а маркетолагі уручаюць рэкламныя буклеты.
Ля павільёнаў Шчучынскага філіяла ААТ “Малочны Мір” і ТАА “Праймілк” ідзе дэгустацыя сыроў і малочнай прадукцыі, якая дазваляе ўпэўніцца ў высокай якасці і адменным смаку. Таму ўхвальныя водгукі аб прадукцыі тут не змаўкаюць.
А да чаго ж апетытна выглядаюць паліцы ААТ "Васілішкі" з уласнымі хлеба-булачнымі вырабамі і свежай садавінай, "Шчучынаграпрадукта" з фірменнымі каўбасамі ды вяндлінамі. Сваю прадукцыю прадставіў і КСУП "Саўгас "Вялікае Мажэйкава".
Рэцэптамі прыгатавання свежанькіх шампіньёнаў з радасцю дзеляцца работнікі ТАА "Логал Біа". Вітаміны з саду і агарода завіталі на свята ад супрацоўнікаў Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства.
Таксама на алеі славы – шматлікія дасягненні ўстаноў адукацыі, медыцыны, ЦГіЭ, РЭС, “раёнкі” і іншых.
Вялікую ўвагу арганізатары надалі захаванню турыстычнага патэнцыялу раёна. Цудоўны эмацыянальны фон і святочны настрой сваімі задорнымі песнямі ствараюць артысты народнага ансамбля народнай песні "Васільковая раніца".
Мерапрыемства сабрала паважаных, дарагіх і ганаровых гасцей, якія прыехалі, каб раздяліць са шчучынцамі радасць гэтай падзеі.
Вікторыя ШЫЛКО.
Фота аўтара і Сяргея КАСПЕРЧУКА.
Сяргей Іосіфавіч Ушкевіч, Ганаровы грамадзянін горада Шчучына:
-- Трэба сказаць, што Шчучыншчына заўсёды паспяхова развівалася ва ўсіх напрамках. З павагай успамінаю былых кіраўнікоў раёна, з якімі давялося працаваць, – Уладзіміра Іванавіча Дземянкова, Міхаіла Аляксандравіча Логвіна, Івана Рыгоравіча Машко, Вінцэнты Іванавіча Казяка. У тыя часы, як і цяпер, усё рабілася для людзей – будавалася жыллё, развівалася прамысловасць, сельская гаспадарка. Гэта дало старт для далейшага ўдасканалення раёна. І зараз паспяхова вырашаюцца сур’ёзныя пытанні ў сельскай гаспадарцы, ствараюцца інавацыйныя прадпрыемствы, павышаецца ўзровень дабрабыту насельніцтва. Упэўнены, што кіраўніцтва раёна прадоўжыць ствараць шчаслівую і мірную будучыню. Новых перамог і дасягненняў з нагоды 85-годдзя ўтварэння Шчучынскага раёна!
Іван Юльянавіч Сакалоўскі, былы кіраўнік Шчучынскага раёна:
-- Восем з паловай дзесяцігоддзяў – гэта сур’ёзная падзея для любога рэгіёна. У цяжкі пасляваенны перыяд мы змаглі накіраваць свае сілы, здольнасці на стварэнне і развіццё раёна. Зразумела, што за гэты перыяд часу змянілася не адно пакаленне і кожнае з іх унесла важкі ўклад ва ўсё тое, чым Шчучыншчына валодае цяпер. Мне прыемна, што ў нас атрымалася стварыць добрую базу для цяперашніх кіраўнікоў, іх калектываў, якія таксама працуюць годна. Ад усёй душы віншую шчучынцаў з юбілеем раёна, з сур’ёзнымі вынікамі, дасягнутымі як у мінулыя гады, так і ў Год якасці. Далейшых поспехаў!