У райвыканкаме разгледжаны звароты, накіраваныя жыхарамі раёна напярэдадні “Вялікай размовы з Прэзідэнтам”, якая адбылася 1 сакавіка 2019 года

На адрас БелТА, якое праводзіла акцыю “Ваша пытанне Прэзідэнту”, паступіла каля 2,5 тысячы зваротаў з усіх куткоў краіны, у тым ліку і два са Шчучынскага раёна.
– Звароты маюць асабісты характар, накіравалі іх жыхары Васілішкаўскага сельсавета, – тлумачыць загадчык сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Шчучынскага райвыканкама А.М. Міхальцова. – Людзі цікавіліся, якім чынам іх мнагадзетным сем’ям можна як мага хутчэй палепшыць свае жыллёвыя ўмовы. А таксама пыталіся, ці дазваляецца за сродкі мацярынскага капіталу купіць дом і ці могуць разлічваць на падтрымку дзяржавы ў жыллёвым пытанні сем’і з двума дзецьмі.
Звароты ўважліва разгледжаны. Так, адна з заяўніц жыве ва ўласным доме ў вёсцы, год таму стала на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў па месцы работы – у ААТ “Васілішкі”. Зразумела, у агульным спісе чаргавікоў яна далёка не першая, як і ў асобным – сярод мнагадзетных сем’яў. Жанчыну праінфармавалі аб тым, чаму яна не ўваходзіць у катэгорыю работнікаў сельгаспрадпрыемства, маючых першачарговае права на прадастаўленне жылля. 
І яшчэ. У пачатку бягучага года жанчына стала ў чаргу маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў у Васілішкаўскім сельвыканкаме. Знаходзіцца яна на аналагічным уліку і ў аддзеле ЖКГ райвыканкама – у асобным спісе як мнагадзетная сям’я.
– А гэта значыць, што для паляпшэння жыллёвых умоў гэта грамадзянка мае права скарыстацца дзяржаўнай падтрымкай, якая аказваецца на ўмовах, прадугледжаных Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 ліпеня 2017 года № 240 “Аб дзяржаўнай падтрымцы грамадзян пры будаўніцтве (рэканструкцыі) жылых памяшканняў”, – тлумачыць А.М. Міхальцова. – Цяпер у Шчучыне ўзводзіцца 60-кватэрны дом па вуліцы Заводская, і гэтай мнагадзетнай матулі прапанавана пабудаваць тут кватэру. Ёй растлумачылі механізм атрымання субсідыі на будаўніцтва, а таксама на рэканструкцыю жылога дома, які ёсць ва ўласнасці ў вёсцы. 
Вяскоўку таксама праінфармавалі, што згодна з палажэннямі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 снежня 2014 года №572 “Аб дадатковых мерах дзяржаўнай падтрымкі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей” распараджацца сямейным капіталам будзе можна, калі дзіцяці, у сувязі з нараджэннем якога сям’я атрымала права на такія сродкі, споўніцца 18 год. 
Дасканала разабраліся ўлады і з сітуацыяй, пазначанай у звароце другой мнагадзетнай матулі. Яе сям’я з жыве ў службовай кватэры з усімі выгодамі, мае права на дзяржпадтрымку ў адпаведнасці з тым жа Указам № 240. Пабудаваць кватэру ў горадзе вяскоўцы не захацелі, хаця ім і прапаноўвалі. У планах – узвесці свой дом у Васілішках. У снежні мінулага года райвыканкам прыняў рашэнне дазволіць правядзенне праектна-вышуковых работ, будаўніцтва аднакватэрнага жылога дома і гаспадарчых пабудоў. Цяпер распрацоўваецца праектная дакументацыя, і пасля яе ўзгаднення ў аддзеле архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама можна будзе закладваць першы камень у падмурак уласнага дома.
Дарэчы, з выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі, прадугледжанай Указам № 240, пабудаваць свой дом могуць усе катэгорыі грамадзян, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.
Што да пытання пра падтрымку сем’яў з двума дзецьмі, то16 студзеня 2018 года райвыканкам прыняў рашэнне № 34 “Аб вызначэнні долі жылых памяшканняў пры заключэнні дагавораў стварэння аб’ектаў долевага будаўніцтва”. У адпаведнасці з ім 10 % ад агульнай колькасці жылых памяшканняў прызначана для асоб, якія стаяць у агульнай чарзе незалежна ад месца пастаноўкі на ўлік маючых патрэбу (у межах Шчучынскага раёна). У гэтых жа чаргавікоў ёсць шанц займець сваё жыллё пры наяўнасці кватэр, не запатрабаваных льготнымі катэгорыямі. 
Таццяна ПАЛУБЯТКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!