У Ракавічах пачалася рэканструкцыя каплічкі, дзе бруіцца цудатворная крынічка

Распачаліся работы па рэканструкцыі каплічкі і добраўпарадкаванні тэрыторыі ля ракавіцкай цудатворнай крыніцы. На гэту добрую справу грошы ахвяравалі не толькі прыхаджане мясцовай царквы, але і іншыя нераўнадушныя людзі, у чыіх сэрцах жыве вера і павага да духоўнай спадчыны народа.

 

– У больш аддаленай перспектыве паводле праекта тут будзе ўзведзены цэлы комплекс, які ўключыць у сябе будаўніцтва дома паломніка і трапезнай, – зазначае настаяцель Свята-Ражства-Багародзічнага храма айцец Сергій Раманко. – Хочацца, каб людзі, якія прыязджаюць да нас здалёк, змаглі пры жаданні затрымацца на некалькі дзён, памаліцца ля цудатворнай іконы Ракавіцкай Божай Маці, наведаць багатыя сваёй слаўнай гісторыяй мясціны Прынёманскага краю. А пакуль ля капліцы маем намер узвесці тэрасу, а купель устанавілі літаральна гэтымі днямі. У хуткім часе вернікі змогуць не толькі набраць вады са святой крыніцы, але і акунуцца ў новай купелі, падобнай на жыровіцкую.

 

 На першым этапе рэалізацыі гэтага цікавага праекта прадугледжваецца і рэканструкцыя самой капліцы, дзе памяняюць дах, абкладуць сцены. Плануецца зрабіць пешаходныя дарожкі і абсталяваць зручны пад’езд да крыніцы. Працуюць на гэтым незвычайным аб’екце будаўнікі-добраахвотнікі, і робяць яны сваю справу з душой. Істотную спонсарскую дапамогу, дарэчы, аказала Шчучынская МПМК-167. Гэта добры прыклад, і высакародны пачын могуць падхапіць іншыя калектывы.

 

 Па паданні, гаючая вада ракавіцкай цудатворнай крыніцы дапамагае хворым і нямоглым людзям, ачышчае духоўна, аднаўляе сілы і энергію. Штогод 9-10 жніўня шматлікія паломнікі з усіх куточкаў Беларусі і нават замежжа прыязджаюць і пешшу прыходзяць у Ракавічы на прастольнае свята. Настаяцель Ракавіцкай царквы спадзяецца, што да гэтай знакавай даты большая частка работ па добраўпарадкаванні святой мясціны будзе ўжо выканана.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ. Фота аўтара.

 

ДАРЭЧЫ

 

Свой унёсак у добраўпарадкаванне святой мясціны ў Ракавічах вы можаце накіраваць па адрасе: 231550, аг. Ракавічы, прыход храма Ражства Прасвятой Багародзіцы, вул. Шчучынская, 21, Шчучынскі р-н, Гродзенская вобл. УНП 500065258, р/с ВY75ВАРВ30152504700240000000 ОАО “БЕЛАГРОПРОМБАНК” г. Минск БИК ВАРВВY2Х

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!