У полі зроку раённага Савета дэпутатаў і райвыканкама – пытанні дэмаграфіі

 

Дзяржаўная праграма "Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь на 2016 – 2020 гады" – адна з найважнейшых. Яна накіравана на захаванне стабільнай колькасці насельніцтва, умацаванне здароўя чалавека ад нараджэння да глыбокай старасці, павелічэнне чаканай працягласці жыцця, а таксама на прапаганду здаровага ладу жыцця, умацаванне сямейных каштоўнасцей, павышэнне прэстыжу бацькоўства. Для рэалізацыі гэтай праграмы на Шчучыншчыне быў распрацаваны і зацверджаны комплекс мерапрыемстваў. Наколькі поўна і дакладна прапісаныя задачы выкананы уладай і зацікаўленымі службамі, абмяркоўвалі сёння на 26-й сесіі раённага Савета дэпутатаў 28-га склікання і пасяджэнні  раённага выканаўчага камітэта.

 

 

Удзел у пасяджэнні прынялі кіраўнікі служб і ўпраўленняў райвыканкама, дэпутацкі корпус, старшыні сельвыканкамаў.

 

 

 

З дакладам выступіла намеснік старшыні райвыканкама, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта. Яна падрабязна прааналізавала ход выканання рэгіянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі. У комплексе мерапрыемстваў – 7 падпраграм, 2 з іх фінансуюцца з мясцовага бюджэту, падкрэсліла дакладчык. Так, на мерапрыемствы падпраграмы "Сям'я і дзяцінства", якая мае на мэце вырашэнне задач павышэння нараджальнасці, удасканаленне сістэмы аховы маці і дзіцяці, было выдзелена звыш 30 тысяч рублёў.  Больш за 80 працэнтаў ад гэтай сумы ўжо пайшлі на добрыя справы.

 

 

– З мэтай выканання падпраграмы ў раёне выкарыстоўваецца разгалінаваная сістэма дзяржаўнай падтрымкі сямей, якія выхоўваюць дзяцей, – адзначыла Алена Васільеўна.

 

 

У пацвярджэнне сваіх слоў дакладчык прывяла многа лічбаў і фактаў. Так, рэальную падтрымку маюць шчучынскія сем'і ў перыяд выхавання дзяцей да трох год. Сёлета прызначаны сямейны капітал 22 шматдзетным сем'ям (з 2015 года – 325 сем'ям), 40 сем'яў з гэтай катэгорыі атрымалі жыллё ў новым 60-кватэрным доме… Клопат і падтрымку адчуваюць і малазабяспечаныя сем'і, і тыя, у якіх выхоўваюцца дзеткі-інваліды.

 

 

 

Дакладчык рассказала таксама аб шырокамаштабнай рабоце па ахове здароўя дзяцей, абароне іх правоў і законных інтарэсаў, дзейнасці па ахове мацярынства, прафілактыцы здаровага ладу жыцця, фарміраванні сямейных каштоўнасцей, інфармацыйнай рабоце і г.д.

 

 

Вялікая ўвага, адзначыла яна, удзяляецца прафілактыцы шкодных звычак, развіццю фізічнай актыўнасці, стварэнню спрыяльнага навакольнага асяроддзя, барацьбе з сацыяльнымі захворваннямі – туберкулёзам, ВІЧ і алкагалізмам.

 

 

Зацікаўленыя службы і ведамствы разам шукаюць новыя накірункі і падыходы, каб павысіць узровень дэмаграфічнай бяспекі. Як найбольш важныя аспекты разглядаюцца зніжэнне смяротнасці і прадаўжэнне працягласці жыцця. Дарэчы, з гэтым на Шчучыншчыне сітуацыя ўсё яшчэ застаецца складанай. Прычын таму некалькі, адна з іх – насельніцтва старэе: каля 36 працэнтаў – гэта людзі пенсійнага ўзросту. Да таго ж зменшылася колькасць жанчын дзетароднага ўзросту, многа людзей дачасна пакідаюць гэты свет…

 

 

 

Каб палепшыць дэмаграфію, трэба многа і сістэмна працаваць. Што робіцца ў гэтым накірунку медыкамі, расказаў галоўны ўрач УАЗ "Шчучынская ЦРБ" Іван Загароўскі. Па яго словах, комплексны характар  носіць прафілактыка неінфекцыйных захворванняў – хвароб сістэмы кровазвароту і органаў дыхання, дыябету, раку.  Эфект тут маюць дыспансерныя агляды, у тым ліку непасрэдна на прадпремствах раёна, тры скрынінгавыя праграмы з мэтай ранняга выяўлення анказахворванняў, комплекс дыягнастычных даследаванняў, прафагляды, вакцынацыя, мноства іншых мерапрыемстваў. Медыкі многае робяць са свайго боку, але найперш людзі павінны мець асабістую зацікаўленасць жыць доўга і ў здароўі, лічыць Іван Уладзіміравіч.

 

 

– Уся наша дэмаграфія – гэта стабілізацыя колькасці насельніцтва, – адзначыў старшыня райвыканкама Аляксей Садоўскі. – Так, праведзена немалая работа ва ўстановах аховы здароўя. Між тым варта больш увагі звярнуць на праблему смяротнасці людзей у працаздольным узросце, ад знешніх прычын, на прафілактыку алкагалізму, пытанні знешняй і унутранай міграцыі, матывацыю моладзі да стварэння сям'і…

 

 

А намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Таццяна Цюсіна агучыла вынікі анкетавання па шэрагу пытанняў, якія датычаць якасці работы ўстаноў аховы здароўя раёна. Дарэчы, большасць з апытаных шчучынцаў станоўча ацанілі ўзровень і ўмовы аказання меддапамогі, падкрэсліла Таццяна Уладзіславаўна.

 

 

Пра шырокую і адладжаную сістэму аказання сацыяльных паслуг адзінокім, адзінока пражываючым людзям, інвалідам і грамадзянам, якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, падрабязна расказала дырэктар ТЦСАН, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Святлана Шанчук. Так, сацыяльная дапамога на даму аказваецца 892 грамадзянам. Служба сядзелак запатрабавана ў тых, хто страціў здольнасць да самаабслугоўвання. А пажылыя і інваліды добра пачуваюць сябе ў гасцявых і прыёмных сем'ях, дамах зімоўкі.  Па словах Святланы Уладзіміраўны, у ТЦСАН паспяхова вядзецца работа па матывацыі пажылога насельніцтва да здаровага ладу жыцця і актыўнага даўгалецця.

 

 

Падчас пасяджэння разгледжаны і шэраг іншых пытанняў.

 

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!