У новы навучальны год – на новым транспарце. Школьны аўтапарк нашага раёна папоўніў новы МАЗ 257 s40

 

Камфортныя ўмовы для адукацыі дзяцей залежаць таксама ад наяўнасці адпавядаючага ўсім патрабаванням школьнага транспарту. Менавіта таму ў нашай вобласці штогод вядзецца работа па абнаўленні такога аўтапарка.

 

Сёлета да новага вучэбнага года ў пяці раёнах Гродзеншчыны з’явяцца новыя сучасныя аўтобусы маркі МАЗ. Адзін з іх ужо паступіў на баланс Шчучынскага раённага цэнтра для забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый і дзяржаўных органаў, пра гэта нам расказаў кіраўнік арганізацыі Іван Гваздоўскі.

 

 

– Гэтыя аўтобусы закупляюцца галоўным упраўленнем адукацыі Гродзенскага аблвыканкама па дамове фінансавай арэнды – лізінгу, – адзначае Іван Вікенцьевіч. – Кошт аднаго такога аўтобуса складае больш за 250 тысяч рублёў, гэтыя сродкі выдзяляюцца з абласнога бюджэту. Безумоўна, такі транспарт дазволіць арганізаваць у нашым раёне больш камфортны і бяспечны падвоз дзяцей да месца вучобы і пражывання.

 

МАЗ 257 s40, менавіта такая мадэль паступіла ў Шчучынскі раён – гэта аўтобус, які з завода забяспечаны ўсімі сродкамі бяспекі для дзяцей. Транспартны сродак мае абмежавальнік хуткасці, відэарэгістратары, кожнае пасадачнае месца абсталявана рамянямі бяспекі, ёсць падножкі, пробліскавыя маячкі, сігнал задняга ходу і іншае.

 

 

Інжынер-механік Шчучынскага раённага цэнтра для забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый і дзяржаўных органаў Юрый Гайда дапаўняе: “Аўтобус разлічаны на 31 пасажырскае месца і мае сучасныя сістэмы назірання. З дапамогай відэакамер шафёр мае магчымасць бачыць, што адбываецца ў салоне, ёсць таксама камера задняга ходу і відэарэгістратар наперадзе. У салоне ёсць спецыяльныя кнопкі выкліку кіроўцы. Аўтобус паспяхова прайшоў тэхагляд і адпавядае ўсім тэхнічным патрабаванням”.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!