У музейным пакоі Орлеўскага дз/с-СШ імя С.П. Шупені захоўваецца мноства архіўных матэрыялаў, пісьмовых крыніц, самых розных экспанатаў

У 75-ую гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў нельга не ўспомніць аб людзях, якія, здаўшы зброю, узялі ў рукі пяро, хто ўсё сваё пасляваеннае жыццё прысвяціў выхаванню падрастаючага пакалення, хто ўсім сэрцам жадаў, каб мы ніколі не пачулі выстралаў, каб не бачылі разбураных беларускіх вёсак і гарадоў.
У музейным пакоі аформлена экспазіцыя “Настаўнікі школы – ветэраны Вялікай Айчыннай вайны”. Яе героі: Васіль Васільевіч Чарнягоў – настаўнік гісторыі, узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, Аляксандр Аляксеевіч Уладыкін – настаўнік гісторыі, Віктар Канстанцінавіч Ліпай – настаўнік фізікі. На працягу многіх гадоў гэтыя людзі жылі і працавалі ў Орлі. Яны сталі заснавальнікамі гісторыка-краязнаўчага музея школы, дзе адзін з раздзелаў прысвячаўся яе гісторыі.
Вось аб чым успамінае на сустрэчы з вучнямі выпускніца 1966 года, былая настаўніца пачатковых класаў Лідзія Мікалаеўна Дайліда:
– Я нарадзілася роўна праз чатыры гады пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Вярнуліся з фронту аднавяскоўцы, пачалося адраджэнне разбуранай гаспадаркі. Удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны быў і наш класны кіраўнік Аляксандр Аляксеевіч Уладыкін.
З ранняга дзяцінства Аляксандр Аляксеевіч раскрыў перад намі прыгажосць родных мясцін, прабудзіў любоў да роднай зямлі. Колькі ён прайшоў лясных дарог і сцяжынак! Спачатку з вінтоўкай у руках, а затым з фотаапаратам на плячы як кіраўнік турыстычнага атрада. У рабят, у якіх класным кіраўніком быў А.А. Уладыкін, на доўгія гады засталіся ў памяці дарогі, сустрэчы, кастры...
“Няхай дзеці сустрэнуцца з жывымі героямі, няхай пагавораць, няхай вывучаюць гісторыю не па падручніку, а з жыцця,” – гаварыў Аляксандр Аляксеевіч.
Кожны год на школьных канікулах мы разам з класным кіраўніком адпраўляліся ў паход па месцах баявой і працоўнай славы нашага народа. Мы ўздоўж і ўпоперак прайшлі Ліпічанскую пушчу, дзе ў гады Вялікай Айчыннай збіраліся тыя, хто вёў актыўную барацьбу з лютым ворагам, дзе ў 1942 годзе ўзнікла Ленінская партызанская брыгада, затым было створана Шчучынскае партызанскае злучэнне.
 З кожным годам нашы паходы ўскладняліся. Нават перад самымі выпускнымі экзаменамі, узяўшы з сабой экзаменацыйныя білеты і падручнікі, мы адправіліся ў апошні школьны паход: наведалі Ваўкавыск.
А.А. Уладыкін – былы партызан, гісторык па спецыяльнасці, пакараў дзіцячыя сэрцы глыбокім веданнем прадмета, высокай эрудыцыяй. Ён выдатна ведаў літаратуру і мастацтва, меў добры музыкальны слых, нядрэнна маляваў і складаў вершы. Рукапісы вершаў, прысвечаных армейскім сябрам, жыццю партызан, далёкай радзіме, беларускай прыродзе, школе, у якой працаваў з 1949 па 1980 год, сваім вучням і калегам, беражліва захоўваюцца дома і часткова перададзены ў музейны пакой школы.
Пасля выхаду ў 1980 годзе на заслужаны адпачынак працягваў актыўную работу па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі, быў частым госцем і ўдзельнікам мерапрыемстваў, якія ладзіліся ў школе.
 Былыя вучні, калегі, жыхары вёскі і сёння ўспамінаюць Аляксандра Аляксеевіча як прынцыповага, адданага сваёй прафесіі чалавека.
Марыя УЛАДЫКІНА, настаўнік Орлеўскага дз/с-СШ імя С.П. Шупені.