У Лідскім замку праводзяць незвычайную экскурсію з ліхтарыкамі

У Лідскім замку з’явілася незвычайная турыстычная навінка – экскурсія з ліхтарыкамі, якая праводзіцца позна вечарам, калі заходзіць сонца. Наведвальнікі могуць літаральна пагрузіцца ў “цёмную эпоху” Сярэднявечча, калі пра электрычнае святло не маглі нават марыць. Праўда, замест свечак экскурсанты атрымліваюць сучасныя светадыёдныя ліхтарыкі, якія свецяць рассеяным святлом – гэта звычайная мера бяспекі.
Адбываецца ўсё такім чынам: у вежы гасне свет, і перад гасцямі з’яўляецца экскурсавод у сярэднявечным адзенні. У яго руках – ліхтарык з накіраваным святлом. Пачынаецца аповед пра экспанаты, гісторыю Лідскага замка і пра тое, як жылі людзі сем стагоддзяў таму.
Пераход з аднаго яруса вежы на другі таксама адбываецца толькі пры святле ліхтарыкаў.
Адпаведны антураж і змрок неймаверна абвастраюць усе пачуцці, прымушаюць уяўленне працаваць на поўную моц і ператвараюць экскурсію ў надзвычайную прыгоду. Здаецца, што гісторыя ажывае, а сцены замка нашэптваюць свае таямніцы…
Экскурсія разлічана на ўзроставую аўдыторыю 16+. Праводзіцца па папярэднім запісе для груп ад 10 да 25 чалавек. Кошт білета на аднаго чалавека – 30 рублёў.
Гастрамарафон сярэднявечча
У апошнюю пятніцу кожнага месяца ў Лідскім замку, на першым ярусе вежы Вітаўта, дзе размешчана экспазіцыя кухні сярэднявечча, з 15.00 да 17.00 гадзін таксама праходзіць гастрамарафон. Лідскія прадпрыемствы харчовай прамысловасці прапануюць сваю прадукцыю для дэгустацыі.
Бліжэйшая адбудзецца 27 лютага. Удзельнікам гастрамарафона можа стаць любы наведвальнік Лідскага замка, які набыў білет па звычайных тарыфах.
