У клубе-музеі Чэслава Немэна ў Старых Васілішках у хуткім часе плануецца адрамантаваць дах
Плануецца, што адзін з самых папулярных турыстычных аб’ектаў Шчучыншчыны – клуб-музей Чэслава Немэна ў Старых Васілішках – у хуткім часе набудзе яшчэ большы шарм. Да рамонту даху тут мяркуюць падысці небанальна і замяніць стары шыфер на … стылізаваную пад даўніну дранку.
– Менавіта так і выглядаў калісь дом Выджыцкіх, дзе нарадзіўся і пражыў да 19 год знакаміты польскі рок-музыкант і кампазітар Чэслаў Немэн, пакуль сям’я не пераехала ў Польшчу, – гаворыць начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Васільеўна Ганчарук. – Пад шыферам, якім пазней накрылі страху – мабыць, у тыя часы, калі тут мясцілася сельская крама, – яшчэ захаваліся элементы аўтэнтычнай дранкі, што і нарадзіла ідэю ды паслужыла штуршком для чарговага этапу адраджэння.
Спонсарскую дапамогу на крэатыўны рамонт выдзяляе Нацыянальны інстытут польскай культурнай спадчыны за мяжой “Палоніка” ў памеры 26 тысяч еўра. А заказ бярэцца выканаць шчучынская будаўнічая кампанія ТАА “СалАнбудОпт”.
– Мне падабаецца аднаўляць старадаўнія будынкі “з гісторыяй”, тым самым пакідаючы добры след на зямлі, – прызнаецца заснавальнік кампаніі Анатоль Часлававіч Салкевіч. – У Шчучыне такіх аб’ектаў траплялася нямала, а вось зараз – Старыя Васілішкі. Крыць дах дранкай не кожнаму майстру па сіле, але ў нас працуе пара спецыялістаў, у якіх ёсць вопыт менавіта такой работы па тэхналогіях нашых продкаў.
Інтрыга, як у перспектыве будзе выглядаць дамок Чэслава Немэна пад новым “капелюшом”, ні на жарт хвалюе тых, хто пастаянна сочыць за развіццём клуба-музея, адкрытага, між іншым, у 2010 годзе. Штогод музей куміра наведваюць тысячы турыстаў з усіх кропак свету. Як зазначыў загадчык Стара-Васілішкаўскага клуба-музея Уладзімір Уладзіміравіч Сянюта, толькі сёлета на сядзібе Чэслава Немэна пабывалі больш за сем тысяч прыхільнікаў ягонай творчасці.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.