“У кінатэатр прыйшлі ўсім калектывам!” Сваімі ўражаннямі аб знакавай кінастужцы “Беларусьфільма” “На другім беразе” дзеліцца Валянціна Кандрацюк, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце і кадрах Шчучынскага філіяла аблспажыўтаварыства

 

– Цікаўнасць да прэм’еры была агромністая, а таму наш прафкам выступіў з ініцыятывай наведаць кінатэатр усім калектывам, – расказвае Валянціна Антонаўна. – Білеты разбіралі з ахвотай, узгадваючы старыя і добрыя часы культпаходаў. І вось пасля працоўнага дня мы ва ўтульнай зале нашага шчучынскага кінатэатра.

 

Фільм “На другім беразе” захапіў з першых жа хвілін і, што называецца, не адпускаў да канца. Вострасюжэтнасць, дынаміка падзей, выдатная ігра акцёраў, шчырыя пачуцці… І не толькі гэта стала прыцягальным у новай кінастужцы “Беларусьфільма”. Асабіста мне міжволі ўзгадаліся расповеды майго дзядулі Пятра Васільевіча, які часта ўспамінаў нялёгкае жыццё “за польскім часам.” Вось і цікава было ўвачавідкі ўбачыць той польскі час…

 

Гэты фільм насамрэч дапамог пагрузіцца ў гісторыю, перанесціся ў тую эпоху, калі Заходняя Беларусь апынулася пад уладай Польшчы. Падзеі разгортваюцца ў 1925 годзе. Галоўны герой кінастужкі Павел жыве на памежжы, і яму напачатку нібыта ўсё роўна, якая ўлада прыйшла, на каго  даводзіцца працаваць: абы грошы плацілі… Вось і зараз хто-ніхто з моладзі мерае дабрабыт выключна грашыма. Але абставіны складваюцца так, што нельга быць “з краю”. Ідзе апалячванне беларусаў, у народа адымаюць ягоную мову, культуру, веру, без чаго не можа жыць чалавек! Далёка не ўсё вымяраецца матэрыяльнымі каштоўнасцямі.

 

Гэты фільм не толькі гістарычны па сваёй сутнасці, але і ідэалагічны. Вельмі важна яго не толькі глядзець, але і абмяркоўваць. Асабліва ў маладзёжнай аўдыторыі.

 

Новая работа беларускіх кінематаграфістаў надзвычай глыбокая. Гэты фільм робіць яшчэ адзін значны ўнёсак у нашу гістарычную памяць. Такіх кінастужак павінна быць больш, каб пераканаўча раскрываць сапраўдныя чалавечыя каштоўнасці, дапамагаць усвядоміць наш няпросты гістарычны шлях. Гістарычная драма “На другім беразе” вучыць берагчы адзінства краіны, ведаць і шанаваць сваю гісторыю, сваю свабоду і незалежнасць.

 

Безумоўна, мы абмяркоўваем у калектыве не толькі ўзняты сацыяльны пласт, але і простыя жыццёвыя рэчы –  лёсы герояў, тэму кахання, сілу мацярынскай і сыновай любові. Я вельмі раю ўсім паглядзець гэты фільм – глыбока чалавечны, поўны трагізму і шчырых эмоцый, але жыццесцвярджальны.

 

Запісала Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!