У “Касмадроме” стартавала другая змена, падчас якой у лагеры адпачываюць 135 рабят

Кожны раз, прыязджаючы ў “Касмадром”, крыху сумую аб тым, што ў дарослых ужо няма магчымасці вярнуцца ў бесклапотнае дзяцінства. Як жа было б здорава так адпачываць і займацца тым, што падабаецца! Вось за шашачнай дошкай схіліліся юныя інтэлектуалы, а побач за іх хварэюць сябры. А вунь на баскетбольнай пляцоўцы разгарнуліся нежартоўныя спаборніцтвы. А на танцполе аматары музыкі і танцаў развучваюць новыя рухі. Надвор’е – выдатнае, і настрой у дзятвы – адпаведны! 

– Наша змена інтэлектуальна-пазнавальнага профілю называецца “Лицей”, што значыць “летние игры целеустремлённых единомышленников-исследователей», – расказвае выхавацель Святлана Канстанцінаўна Матусевіч. – Усе рабяты, якія прыехалі сюды адпачываць, адразу накіраваліся ў экспедыцыю, прысвечаную Году малой радзімы, – «Зямля, на якой мне пашчасціла нарадзіцца». Кожны дзень экспедыцыі праходзіць пад пэўнай назвай – Дзень знаёмстваў, Дзень дружбы, Дзень творчай фантазіі, Дзень здароўя і іншыя. У Дзень беларускай мовы мы ўсе будзем размаўляць толькі па-беларуску. А вось у Дзень сям’і кожны будзе складаць свой радавод, каб ведаць свае карані. У Дзень рамёстваў пачнуць працаваць творчыя майстэрні па вышыванцы. У час адпачынку нашы выхаванцы абавязкова накіруюцца на экскурсіі: плануем пабываць у Цэнтры МНС у Лідзе і ў аквапарку ў Азёрах.


У лагеры праводзіцца шмат самых цікавых мерапрыемстваў, сярод якіх кожны можа знайсці сабе занятак па душы. Працуюць аб’яднанні па інтарэсах, праходзіць мноства спартыўных спаборніцтваў – па піянерболе, па футболе. Кожны, хто жадае, можа наведваць заняткі выязной школы «Інтэлект», якія праводзяць для рабят педагогі ўстаноў адукацыі раёна. Ужо адбылася творчая майстэрня па экалогіі, якую арганізавала настаўніца біялогіі гімназіі г. Шчучына В.І. Шэйгерэвіч. Рабяты змогуць наведаць і падобныя заняткі па рускай і беларускай мовах, па матэматыцы, па фізіцы і іншых прадметах. Дарэчы, школа «Інтэлект» працуе ў гульнявай форме. 
– Дзеці ў нас адпачываюць вельмі актыўныя і крэатыўныя, – сцвярджае Святлана Канстанцінаўна. – Яны прапаноўваюць шмат ідэй, з задавальненнем удзельнічаюць ва ўсіх мерапрыемствах. Значную дапамогу нам аказвае студэнцкі педагагічны атрад – студэнты ГрДУ імя Я. Купалы. 


На гэты раз у лагеры працуюць дзесяць будучых педагогаў. 
– Я закончыла другі курс педагагічнага факультэта і прыехала ў лагер на вучэбную практыку, – гаворыць выхавацель другога атрада Дар’я Салей. – Наша задача – арганізаваць для дзяцей якасны адпачынак. Адразу было крыху цяжкавата наладзіць з імі кантакт. Паступова ўсё атрымліваецца. Мы знайшлі індывідуальны падыход да кожнага дзіцяці, ведаем, чым хто цікавіцца, і ў адпаведнасці з іх інтарэсамі і ладзім для іх мерапрыемствы. Напрыклад, сёння ў нас праводзілася спартыўная аэробіка, учора – конкурс малюнкаў, а заўтра пройдзе конкурс чытальнікаў вершаў на беларускай мове. Дзяцей я вельмі люблю і працаваць мне з імі падабаецца. 
А рабятам, па ўсім відаць, падабаецца адпачываць у «Касмадроме». Прынамсі, усе мае суразмоўцы былі вельмі радыя, што прыехалі ў лагер.


– Я адпачываю тут другі раз, – гаворыць Вераніка Палхоўская, якая прыехала у «Касмадром» з Гродна. – Ужо ўдзельнічала ў спартландыі, у розных творчых конкурсах. У лагеры праходзіць шмат цікавых мерапрыемстваў, тут сапраўды ёсць чым заняцца. З задавальненнем танцую на дыскатэках. 
Паліна Карпінская закончыла чатыры класы СШ №1 г. Шчучына. 
– У лагеры здорава! – дзеліцца сваімі ўражаннямі дзяўчынка. – Мне падабаецца ўдзельнічаць у розных конкурсах. Для нас арганізавана пяціразовае смачнае харчаванне. А яшчэ нам даюць садавіну і шыпучыя вітамінкі, якія раствараюцца ў вадзе. Мы іх абавязкова выпіваем.
Упершыню прыехаў у «Касмадром» Кірыл Няцецкі, які вучыцца ў шчучынскай гімназіі. Ён вырашыў адпачыць разам са сваімі сябрамі. 
– Мне тут вельмі падабаецца, – гаворыць Кірыл. – Асабліва актыўныя гульні і дыскатэкі. Ужо танцаваў флэшмоб. Пазнаё­міўся з іншымі рабятамі і з многімі пасябраваў. 
…Надыходзіў час абеду. І самыя малодшыя насельнікі лагера роўным строем накіраваліся ў сталовую. 
– Ну як, смачненька? – цікаўлюся ў хлапчукоў.
– А то! – у адзін голас адказваюць рабяты. 
Чыстыя талеркі і задаволеныя тварыкі – лепшае таму пацвярджэнне!
Ганна РУДСКАЯ. Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!