У Гродзенскай лютэранскай кірсе запусцяць аўтэнтычны гадзіннік

 

Сапраўдны гістарычны гадзіннік неўзабаве будзе запушчаны ў лютэранскай царкве Святога Іаана ў Гродне. Яго механізм аднаўляўся на працягу двух гадоў магілёўскім майстрам.

 

Па словах Уладзіміра ТАТАРНІКАВА, пастара храма, вежавы гадзіннік, выраблены нямецкай фірмай, быў усталяваны пасля чарговай рэканструкцыі кірхі, у 1913 годзе. Ён працягваў працаваць да пачатку Вялікай Айчыннай вайны і змоўк, калі было вырашана размясціць тут гарадскі архіў.

 

– Аўтэнтычны гадзіннік будзе выстаўлены на ўсеагульны агляд, каб жыхары і госці горада маглі прыйсці і паглядзець. Мы яго запусцім вясной гэтага года, і кожны зможа ўбачыць, як ў адзіным механізме працуе кожная шасцярэнька, кожная дэталь,– растлумачыў Уладзімір.

 

Да 2019 года гадзіннік не дзейнічаў. Справа ў тым, што яшчэ ў 44-м годзе ён быў моцна пашкоджаны кулямі і асколкамі снарадаў. Сваю ролю адыграла таксама звычайная карозія, з-за якой метал паступова разбураўся.

 

 

Механізм гадзінніка захаваўся толькі на 70 %, а астатнія дэталі прыйшлося заказваць ў той самай фірме, якая ў пачатку мінулага стагоддзя гэты выраб ўсталёўвала. Аказваецца, гэтая кампанія існуе да нашага часу. Пастар кірхі падзяліўся, што сувязь з ёй ўсталявалі былыя парафіяне, якія пераехалі з часам ў Германію.

 

 

Рэстаўрацыя вежавага гадзінніка стала адным з этапаў маштабнай рэканструкцыі лютэранскага храма XVIII стагоддзя ў Гродне — адзінага дзеючага ў Беларусі.

 

— Увесну да нас плануе прыехаць майстар з Магілёва, каб запусціць яго у дэманстрацыйным рэжыме. Справа ў тым, што наладжванне гадзінніка — складаны працэс, бо пакуль ён будзе запушчаны, майстар павінен усталяваць на ім цыферблаты, якія ён стварыў самастойна, — заўважыў Уладзімір Татарнікаў.

 

Пашкоджаны часам быў і звон канца XVIII стагоддзя. Новы адлілі ў Маскве. Ён, дарэчы, працягвае званіць, а гэта значыць, заўважае пастар Лютэранскай кірхі, можна ацаніць хуткаплыннасць часу.

 

— Падзея стала радасцю не толькі для прыхаджан, але і для ўсіх жыхароў горада, якія прыходзяць паглядзець на ўнікальны механізм, бо, пагадзіцеся, не ў кожным храме ёсць аўтэнтычны гадзіннік, гісторыя якога налічвае больш за сто гадоў. Мы ганарымся гэтым і спадзяемся, што хутка і гараджане, і турысты будуць звяраць час па нашым гадзінніку, — дзеліцца хваляваннямі пастар.

 

Неўзабаве ў пратэстанцкай кірсе з'явіцца тэматычная выстава. Яна раскажа і пакажа гісторыю вежавага гадзінніка. Справа ў тым, што ў архіве храма ёсць мноства кадраў у розныя перыяды — даваенныя і цяперашняга часу. У падрабязнасцях будзе выкладзены працэс рэстаўрацыі гадзіннікавага механізму.

 

У бліжэйшы час тут таксама з'явіцца драўляны разны алтар. Яго таксама павінны прывезці з Германіі з падобнай па тыпе, аднак расфарміраванай гарнізоннай лютэранскай царквы.

 

 

ЗВЯЗДА

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!