У гонар незалежнасці, у імя міру

Больш за 100 работнікаў Шчучынскага масласырзавода прынялі ўдзел у традыцыйным велапрабегу, арганізаваным у гонар Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і напярэдадні Дня вызвалення Шчучыншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Веласіпедыстаў ля прахадной вітаў дырэктар прадпрыемства Віталій Мікалаевіч Строгі:

-- Нам пашчасціла жыць у незалежнай краіне пад мірным небам. І за гэтую шчаслівую магчымасць мы ўдзячны ветэранам, якія цаной свайго жыцця адстаялі наша права на свабоду і светлую будучыню. Маладое пакаленне шчучынцаў будзе заўсёды памятаць герояў Вялікай Айчыннай вайны і іх бяспрыкладны подзвіг! Разам нам па сіле зберагчы мір на роднай зямлі!

Ля прахадной Шчучынскага масласырзавода, адкуль стартавалі веласіпедысты, перад удзельнікамі патрыятычнай акцыі выступілі акрабаты і прайшло імправізаванае фаер-шоу. І вось веласіпедная калона ў суправаджэнні байкераў рушыла наперад. Маршрут пралягаў праз цэнтральныя гарадскія вуліцы, дзе ўдзельнікаў велапрабегу віталі гараджане.

Завадчане спыніліся ў гарадскім скверы, каб аддаць даніну памяці тым, хто загінуў у барацьбе з акупантамі і ўскласці кветкі да помніка савецкім воінам і партызанам.

Затым веласіпедысты накіраваліся ў паляўніча-рыбалоўную гаспадарку “Каменскае”, дзе іх чакала насычаная спартыўная праграма.

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!