У Дзень бабра – усім дабра!
На гэты раз гасцямі знакамітай на Шчучыншчыне аграсядзібы “Бабровая даліна” сталі жыхары Кульбачына і навакольных вёсак, аматары сельскага адпачынку са Шчучына і Астрыны, а яшчэ – партнёры і аднадумцы сапраўднага энтузіяста, чалавека з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, гаспадара сядзібы Алега Сямашкі па турыстычным кластары “Церам забаў”.
Усе, хто завітаў у мінулыя выхадныя ў “Бабровую даліну” на Дзень бабра, не расчараваліся. Нават надакучлівы дожджык не стаў перашкодай для вяселля, радасці і цікавага сямейнага адпачынку.
Было надзвычай прыемна, што прывітаць удзельнікаў мерапрыемства заехала старшыня Астрынскага сельвыканкама Наталля Лебядзевіч, якая, дарэчы, заўсёды падтрымлівае канструктыўныя мясцовыя ініцыятывы, шчыра радуецца, калі спадчыннікі адраджаюць сядзібы сваіх продкаў, уносяць жывы струменьчык у размераны быт маленькіх вёсачак і хутароў. Вось і Кульбачына дзякуючы намаганням А.М. Сямашкі стала прывабным куточкам адпачынку на ўлонні прыроды для шматлікіх турыстаў. Але не менш важна, што і мясцовы люд тут у пашане, а добрасуседства стала характэрнай рысай узаемаадносін паміж людзьмі.
Свята на сядзібе дапамагалі ладзіць работнікі культуры Астрынскага ДК і тэатральнай творчасці. А гаспадыня суседняй аграсядзібы “Конны двор “Кентаўр” Людміла Босак прапанавала сабраўшымся праграму выступленняў сваіх даўгагрывых, грацыёзных выхаванцаў. Больш таго – усе жадаючыя маглі пакатацца вярхом, паўдзельнічаць у конкурсах і гульнях. Дзеці былі проста ў захапленні! Дый дарослыя забывалі пра ўзрост. Мужчыны адважна мераліся сілай накшталт старажытных вікінгаў, кабеты завіхаліся з саганамі на вілках, паказваючы, якія заліхвацкія яны гаспадыні… Гучала народная музыка, усе разам успаміналі бабуліны песні. Да чаго ж душэўнай атрымалася гэта імпрэза!
Як і належыць па ўсіх законах беларускай гасціннасці, на аграсядзібе гаспадары частавалі свежай юшкай і смачнымі канапкамі, гатавалі піцу і прама на вогнішчы варылі фруктовы кампот для ўсіх удзельнікаў свята. І, вядома ж, у Дзень бабра жадалі ўсім дабра!
Удакладнім, што падобнага роду мерапрыемствы на аграсядзібах турыстычнага кластара “Церам забаў” – гэта не камерцыйны праект. Свята праводзіцца сапраўды для душы, для землякоў. З поспехам прайшла такая сустрэча аматараў вясковага адпачынку на сядзібе “У Мар’яна” (Савіцкага) у вёсцы Мураванка, а Людміла Босак па традыцыі запрашае на свой “Конны двор “Кентаўр” ладзіць свята вёскі Вялікія Бярозаўцы. Цікава жыве глыбінка, так што плануйце наступны тур выхаднога дня на аграсядзібу. Іх у нашым раёне ажно 26!
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота Алега СЯМАШКІ.