У чым адзінства калектыву, як яднаюць людзей святы і будні роднай гаспадаркі разважае Святлана Куцкель – намеснік дырэктара па ідэалагічнай і кадравай рабоце “Жалудоцкага агракомплексу”

 

У “Жалудоцкім агракомплексе” гэтыя вераснёўскія дні выдаліся надзвычай насычанымі. Напярэдадні Дня народнага адзінства тут прыгожа і маштабна прайшлі “Дажынкі” ўсіх філіялаў ААТ “Агракамбінат “Скідзельскі”.

 

Былі звонкія песні і караваі з новага ўраджаю. Урачыста ўшаноўвалі герояў жніва, узнагародзіўшы пад сотню хлебадараў, сярод якіх былі 23 працаўнікі “Жалудоцкага агракомплексу”. Кіпелі страсці, калі на адведзеным палігоне механізатары-асы змагаліся за перамогу ў майстэрстве фігурнага ваджэння. А па вуліцы 17 Верасня (ёсць такая і ў Жалудку!) кожная з гаспадарак агракамбіната раскінула сваё стылізаванае падвор’е, бы на выставе дасягненняў дэманструючы багатыя дары восені і плён працавітых рук, нашы традыцыі і нацыянальную кухню.

 

– Гэта свята, да якога мы доўга і старанна рыхтаваліся. Яно – для людзей і прысвечана людзям, што самааддана ад ранку да ночы шчыравалі на жніве, каб да апошняга зярнятка сабраць вырашчаны ўраджай. Дзеля дабрабыту роднай гаспадаркі, сваёй сям’і, а па вялікім рахунку – дзеля працвітання роднай Беларусі, – гаворыць Святлана Куцкель, намеснік дырэктара па ідэалагічнай і кадравай рабоце “Жалудоцкага агракомплексу”. – Сімвалічна, што наш хлебаробскі фестываль праходзіў у рамках свята народнага адзінства. Мы асабліва яскрава адчулі і карпаратыўнае адзінства, і адзінства з роднай краінай, дзе столькі слаўных традыцый, на дзяржаўным узроўні праяўляецца клопат аб простых людзях, а на п’едэстале пашаны заўжды тыя, хто добрасумленна працуе. Усё гэта трэба цаніць і шанаваць, тлумачыць моладзі, прыцягваць яе да ўдзелу ў мерапрыемствах патрыятычнай накіраванасці. Менавіта так я бачу сваю работу як ідэалагічнага работніка і кадравіка. Але, бадай, самым моцным ідэолагам у нашай арганізацыі з’яўляецца… сам дырэктар. С.Ю. Гузень больш чым паўстагоддзя працуе на гэтай зямлі, у роднай гаспадарцы. Станіслаў Юльянавіч ахвотна дзеліцца ўспамінамі, як падлеткам стаў прыцэпшчыкам, цалюткі дзень ездзіў на плузе і ўручную падымаў яго з транспартнай пазіцыі ў рабочую і наадварот. Сёння па нашых дагледжаных палях, што ў разы павялічылі свае плошчы дзякуючы культуры земляробства, ходзіць сучасная энерганасычаная тэхніка, паўсюль валадараць новыя тэхналогіі. Па вытворчых дасягненнях “Жалудоцкі агракомплекс” у першай тройцы сярод філіялаў агракамбіната “Скідзельскі”, дый у раёне ў шэрагу лідараў. Сёлета мы сабралі без уліку кукурузы 10 тыс. 156 тон зерня. Ураджайнасць склала 60,3 ц/га.

 

– Святлана Мікалаеўна, відавочна, што ўсяго гэтага жалудчане дасягнулі менавіта за гады суверэннай Беларусі…

 

– Маеце рацыю, бо не заўсёды так было. Доўгажыхары Жалудка расказваюць, як даводзілася ім і іх бацькам хадзіць у парабках пры паншчыне. Адзін з нашых старэйшых працаўнікоў – намеснік дырэктара па вытворчасці Іван Станіслававіч Ханько захаваў, як цяпер аказалася для гісторыі, каштоўныя фотаздымкі і нават невялічкі кінасюжэт з жыцця колішняга калгаса “Зара камунізму”, склаў хроніку, што тычыцца калектывізацыі, пасля векапомных падзей 17 верасня 1939 года. Усё гэта адлюстравана на стэндах у актавай зале нараўне з яркімі момантамі жыцця сённяшняга – багатага на падзеі, працоўныя перамогі, святы. У ліку тых, што сёлета асабліва запомніліся – турыстычны злёт на турбазе “Немнава” ў раёне Аўгустоўскага канала. Там спартыўнае саперніцтва разгарэлася сярод каманд усіх філіялаў “Агракамбіната “Скідзельскі”. Нашых турыстаў прыехаў асабіста падтрымаць Станіслаў Юльянавіч Гузень. У такія моманты адчуваецца яшчэ і адзінства пакаленняў, пераемнасць традыцый. Дарэчы, нашы члены БРСМ і моладзь актыўна ўдзельнічаюць у патрыятычных аўтапрабегах, шэфствуюць над помнікамі землякам – удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Абеліскі ў вёсках Ашмянцы і Зара Камунізму, а таксама тэрыторыя вакол іх, заўжды ў належным стане. Пераканана: хто не беражэ памяць аб мінулым, той не здолее пабудаваць дастойную будучыню. Вось і дзень, калі Заходняя Беларусь злучылася з Усходняй, знакавы ў нашай гісторыі. І гэта вельмі добра, што дата 17 верасня нарэшце ўзведзена ў ранг дзяржаўнага свята.

 

– Святлана Мікалаеўна, ведаю, што Вы неаднаразова ўзнагароджваліся за лепшую пастаноўку ідэалагічнай работы сярод сельскагаспадарчых арганізацый не толькі на раённым узроўні, але і дыпломам Гродзенскага аблвыканкама, Ганаровымі граматамі ўпраўлення ідэалагічнай работы…

 

– Вельмі прыемна, калі заўважаюць і паважаюць тваю працу: тады і крылы вырастаюць, і натхненне не пакідае. Насамрэч я вельмі люблю сваю работу, люблю працаваць з людзьмі. А самая эфектыўная ідэалагія там, дзе работнікі маюць надзейныя сацыяльныя гарантыі. Заўсёды імкнуся дапамагчы чалавеку, які прыйшоў да мяне параіцца ў складанай жыццёвай сітуацыі ці атрымаць кансультацыю. У нас з кожным годам пашыраецца сацыяльны пакет, дапаўняецца на карысць чалавеку калектыўны дагавор. Да юбілеяў і знамянальных дат, з нагоды ўступлення ў шлюб або нараджэння дзетак, прафесійных святаў аказваецца матэрыяльная дапамога. І ў радасці, і ў бядзе не пакіне наша прадпрыемства свайго работніка. Не забываем і пра ветэранаў, якіх у нас каля 400 чалавек: у Дзень пажылых людзей усе атрымліваюць падарункі. З мэтай далейшага замацавання кадраў распрацавана і ўзгадняецца палажэнне аб стымуляванні маладых спецыялістаў і прадстаўнікоў запатрабаваных прафесій. Як вынік, у нас няма кадравага дэфіцыту – усе вакансіі запоўнены. Кожны даражыць сваім месцам і стараецца на сумленне працаваць для росквіту роднай зямлі.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ. 

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!