“У Астрыне нават бэз пахне тэатрам!”
Скажыце, у якім яшчэ пасёлку, хоць і гарадскім, налічваецца ажно тры тэатры?! Нядзіўна, што Астрынскі Дом культуры і тэатральнай творчасці – адзіны ў рэспубліцы, надзелены такім статусам. Як і адзіны ў рэспубліцы народны музей Цёткі – пісьменніцы, рэвалюцыянеркі і… вялікай аматаркі тэатра. Так-так, гэта яна, наша зямлячка Алаіза Пашкевіч, была саратніцай знакамітага Ігната Буйніцкага і нямала зрабіла для развіцця беларускага тэатра.
Пра ўсё гэта і многае іншае вельмі цікава расказалі тыя, хто ўжо ў наш час упэўнена падхапіў тэатральную эстафету ў старэйшага пакалення, памножыў яго традыцыі. Мяркуйце самі: сёння ў Астрыне працягваюць ставіць цудоўныя спектаклі самадзейныя артысты народнага драматычнага тэатра. Далёка ідзе слава аб творчасці народнага паэтычнага тэатра “Волат”. А новыя таленты тут з маленства ўзгадоўваюць ва ўзорнай тэатральнай студыі “Обыкновенное чудо”. Давайце ж разам паспрабуем зразумець гэты неверагодны “астрынскі феномен”: пазнаёмімся з кіраўнікамі і рэжысёрамі ўсіх трох тэатраў, даведаемся пра акцёраў і іх творчыя сакрэты і нават зазірнём за кулісы тэатральнай гісторыі.
Вытокі бяруцца з “Тарбута”?
Мясцовыя краязнаўцы і даследчыкі сцвярджаюць, што ў Астрыне драматычны гурток з’явіўся яшчэ ў сярэдзіне 20-х гадоў мінулага стагоддзя. Яго арганізавала яўрэйская моладзь: у мястэчку на той час пражывала больш за тры тысячы яўрэяў. Вось і ўтварылася пры школе аматарскае згуртаванне “Тарбут”, што ў перакладзе азначае “Культура”. Аж да самай вайны радаваў сваімі пастаноўкамі гэты тэатр, а падчас нямецка-фашысцкай акупацыі мала хто ўцалеў з яўрэйскага насельніцтва.
Пасля Вялікай Айчыннай людзі прагнулі прыгажосці і гармоніі, адраджалі культуру і традыцыі. Ці не таму ў 1948 годзе маладыя астрынчане зноў арганізавалі тэатральны калектыў, дзе гучала родная мова, ставіліся п’есы беларускіх аўтараў. Завадатарамі ў гэтай творчай справе былі бухгалтар Астрынскага лясніцтва Павел Дзем’яновіч і настаўнік Мікалай Жукоўскі. Яны згуртавалі вакол сябе аднадумцаў, сяброў, сваякоў. Збіраліся на рэпетыцыі ці то ў школе (яна тады знаходзілася на ўскрайку мястэчка), ці то ў кагосьці дома.
У 1964 годзе Астрынскі Дом культуры ўзначаліў Барыс Дула – чалавек, горача ўлюбёны ў мастацтва, адмысловы музыкант і добры арганізатар. Адпавядала яму і інструктар Галіна Храпа. З новай сілай згуртавалі яны творчы люд вакол ідэі тэатра. І ўжо ў 1968 годзе ў Астрыне адбылася прэм’ера спектакля па п’есе У. Галубка “Ганка”. Гэта пастаноўка доўгі час заставалася візітоўкай Астрынскага драматычнага тэатра.
Дарэчы, сёлета адзначаецца 140 год з дня нараджэння беларускага драматурга, рэжысёра, акцёра, першага народнага артыста БССР Уладзіслава Галубка, з іменем якога звязана станаўленне прафесійнага тэатра Беларусі. Дакладна вядома, што са сваёй “Ганкай” астрынчане выступалі на сцэне 29 разоў, аб’ехаўшы ўвесь раён! Яны нібы пераўтваралі ў жыццё тую задачу, якую ставіў аўтар іх знакавай п’есы: “…працаваць, тварыць для пакуль яшчэ зусім не дасведчанага ў сцэнічным мастацтве гледача. Ехаць, ісці, дабірацца да тых, хто яшчэ ні разу не бачыў тэатральных спектакляў, жывых акцёраў, несці ім сваё мастацтва, культуру, асвету, далучаць насуперак нягодам людзей да тэатра, абуджаць у іх любоў і павагу да яго”.
Сёння мы слаба ўяўляем, якой насамрэч сілай у датэлівізійную эпоху з’яўляўся тэатр. Але ў Астрыне вам абавязкова раскажуць, з якім поспехам у тыя далёкія-блізкія часы энтузіясты ставілі, а ўдзячныя гледачы апладзіравалі, захапляючыся спектаклямі “Лявоніха на арбіце”, “Прымакі”, “Модны шляхцюк” і многімі іншымі.
Для гастроляў мелі свой аўтобус, а сцэнічныя касцюмы заказвалі ў Доме быту.
У 1973 годзе за спектакль па п’есе А. Макаёнка “Трыбунал” калектыў быў удастоены высокага звання – народны. Гэта творчая ўдача і артыстаў, і новага (а па сутнасці – першага!) рэжысёра Аляксандра Барысевіча, які да ўсяго наладзіў плённае супрацоўніцтва з майстрамі мастацтва абласнога драматычнага тэатра. Гродзенскія акцёры і рэжысёр Скарабагатаў давалі астрынскім самадзейшчыкам слушныя парады, праводзілі майстар-класы, дапамагалі ўкараняць тут лепшыя традыцыі беларускага тэатра і выкарыстоўваць здабыткі школы Станіслаўскага. Што называецца, усё па-даросламу!
Калі Аляксандра Барысевіча запрасілі ўзначаліць аддзел культуры Шчучынскага райвыканкама, кіраваць народным тэатрам стаў Мікалай Жукоўскі, як памятаеце, адзін з пачынальнікаў тэатра. А другі “хросны бацька” творчага калектыву – Павел Дзем’яновіч – загадваў пастановачнай часткай. Ён з такім умельствам і густам падыходзіў да афармлення тэатральных дэкарацый, што ніхто і не сумняваўся: гэта работа прафесійнага мастака! Зразумела, што не будзе тэатра без таленавітых выканаўцаў роляў. Ох, і агніста ігралі на сцэне ў розныя часы Яўгенія Жалязняк, Георгій Дзем’яновіч, Ірына Працкайла, Людміла Іваноўская, Ганна Сцяпанчанка…
Аддзел культуры выдзеліў для тэатра аўтобус, і на гастролі трупа адпраўлялася досыць часта. Білеты рэалізоўвалі па даступнай цане, а спектаклі праходзілі пры поўных залах. Старэйшай плеядзе астрынскіх акцёраў запомнілася, як для спектакля па п’есе М. Астроўскага “Шчаслівы дзень” сцэнічныя касцюмы – суконныя сурдуты, шляхетныя доўгія сукенкі і нават генеральскую форму – шылі спецыялісты Шчучынскага Дома быту па эскізах мясцовай мастачкі Алы Дзерынг.
З самадзейнага тэатра – у прафесіяналы
Новы, свежы струмень у жыццё тэатра ўнёс рэжысёр Мікалай Прыёмка – выпускнік Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, які кіраваў калектывам з 1982 па 1990 год, прыцягнуў у яго шэрагі новыя творчыя сілы з ліку тутэйшай моладзі, умеў у кожным адкрыць талент сцэнічнага пераўвасаблення.
У шматлікіх спектаклях па п’есах А. Макаёнка, А. Матукоўскага, А. Маўзона, І. Шамякіна, іншых аўтараў былі заняты людзі самых розных прафесій і ўзростаў: педагогі, урачы, калгаснікі, работнікі культуры, мясцовага лясгаса, школьнікі, пенсіянеры… Для многіх тэатр стаў чымсьці большым, чым захапленне. Гэта была творчая аддушына, магчымасць самавыяўлення, пляцоўка для сапраўднага крэатыву і абмену думкамі, поглядамі, энергетыкай з такімі ж апантанымі энтузіястамі сцэны. Тут завязваліся адносіны, ствараліся тэатральныя сем’і. Адзін закаханы музыкант вядомага на Гродзеншчыне гурта так захапіўся юнай актрысай, што, аказваючы прыгожыя знакі ўвагі таленавітай дзяўчыне, пастаянна паўтараў: “У Астрыне нават бэз пахне тэатрам”… Гэты выраз сярод артыстаў стаў крылатым.
Нямала астрынчан прызнаюцца вам, што менавіта тэатр паўплываў на іх выбар прафесіі. Да прыкладу, Святлана Жукоўская, якая разам з бацькамі з маленства іграла ў спектаклях, стала прафесійнай актрысай, служыць у Віцебскім тэатры. І зараз яна падтрымлівае самыя цёплыя адносіны з землякамі. Тое ж можна сказаць і пра Наталлю Будрык – актрысу Гродзенскага абласнога тэатра лялек.
Карэнны астрынчанін Яўген Атарык у свой час закончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут і школу-студыю МХАТ. На яго рахунку з паўсотні роляў у тэатры і сучасным расійскім кіно. Сястра акцёра – Аксана Атарык – вядома як стваральнік і рэжысёр узорнай тэатральнай студыі.
Рэжысёрамі Астрынскіх народных тэатраў сталі іх колішнія выхаванцы Ірына Жукоўская і Ірына Шандроха. Увогуле немагчыма ў газетным артыкуле пералічыць усіх, хто ўнёс свой важкі ўклад у развіццё тэатральных традыцый гэтага каларытнага і шчодрага на таленты мястэчка. Дый сённяшні дзень Астрыны па-сапраўднаму багаты на падзеі і творчыя пошукі. Але пра тое мы раскажам вам у наступным нумары.
У Год гістарычнай памяці асабліва востра абуджаецца інтарэс да мінулага. У Астрынскім Доме культуры і тэатральнай творчасці гэта цікаўнасць жыла заўжды. А на працягу апошніх месяцаў тут ідзе напружаная работа па зборы і апрацоўцы матэрыялаў для навукова-папулярнага выдання “Народны тэатр: шлях да сцэны”.
Істотную дапамогу ў даследчай рабоце аказвае работнікам культуры настаўніца Ала Балобан, якая не толькі выкладае беларускую мову і літаратуру ў мясцовай школе, але да ўсяго з’яўляецца захавальніцай і душой народнага музея Цёткі. Падрыхтоўка матэрыялаў для будучай кнігі супала з распачатымі даследаваннямі педагога і яе выхаванцаў пра “тэатральны след” Алаізы Пашкевіч і, канечне, яе духоўных нашчадкаў-землякоў – саміх астрынчан. Сілы і досвед, што называецца, аб’ядналіся, бо культасветработнікі і школа насамрэч робяць адну вялікую справу, падымаючы вялікі культурны пласт свайго мястэчка.
“Волат” – на парозе 40-годдзя!
– З 1982 годам звязана стварэнне яшчэ аднаго тэатра ў Астрынскім Доме культуры – паэтычнага, калі творчай, натхнёнай натуры рэжысёра Мікалая Прыёмкі стала цесна ў рамках толькі драматычнага калектыву, – расказвае сённяшні рэжысёр народнага паэтычнага тэатра “Волат” Ірына Шандроха. – Тады з нагоды векавога юбілею Янкі Купалы і Якуба Коласа па творах класікаў быў пастаўлены спектакль “Тры жаданні”, які атрымаў дыпломы лаўрэатаў на абласным і рэспубліканскім аглядах-конкурсах, а яшчэ – персанальную ўзнагароду Літаратурнага музея імя Я. Коласа “За лепшую рэжысёрскую пастаноўку”.
Поспех натхніў! Наступная прэм’ера – тэатралізаванае прадстаўленне “Прысяга над крывавымі разорамі”, прысвечанае жыццю і творчасці слаўнай зямлячкі Алаізы Пашкевіч. З гэтай пастаноўкай астрынчане выступалі не толькі перад гледачамі Шчучыншчыны, але і ў рэспубліканскім Доме літаратара ў Мінску, ездзілі ў Польшчу ў мястэчка Рыбалы па запрашэнні тамтэйшага згуртавання беларусаў.
Мабыць, гэта быў яшчэ і пачатак добрай традыцыі, бо ўжо на працягу многіх гадоў у дзень нараджэння Цёткі ў Астрыне праходзіць свята паэзіі, што стала брэндам рэгіёна. І менавіта дзякуючы акцёрам паэтычнага тэатра “Волат” зноў і зноў прыходзіць да ўдзельнікаў мерапрыемства сама Цётка, прыводзіць у госці герояў сваіх кніг.
– Даводзілася выконваць ролю Алаізы Пашкевіч і мне, – узгадвае Ірына Станіславаўна Шандроха. – Гэта была літаратурна-музычная кампазіцыя “Жыве мая ліра нанова”, прымеркаваная да 120-годдзя пясняркі. А самую “першую” Цётку ў свой час надзвычай таленавіта сыграла санітарачка мясцовай бальніцы Наталля Дзем’яновіч, якая ў далейшым жыцці стала цудоўным урачом.
Увогуле вельмі многія астрынскія дзяўчаты за гэтыя гады ігралі на сцэне абаяльную Алаізу. Да прыкладу, на адным з апошніх святаў Цёткай была старшакласніца Дар’я Цівунчык – дыпламантка абласнога конкурсу чытальнікаў паэзіі, потым яе змяніла Ангеліна Семяновіч. Кажуць, ужо падрастае новая прэтэндэнтка на знакавую ролю.
Варта адзначыць, што паэтычны тэатр “Волат” атрымаў ганаровае званне “народны” яшчэ ў 1986 годзе за пастаноўку “Жаўрук” па творчасці паэта Валянціна Таўлая. З 1994 года рэжысёрам гэтага тэатра была Ірына Жукоўская, якой за час работы ўдалося паставіць багата цікавых і неардынарных спектакляў.
Вучаніцай усімі любімага ў Астрыне Мікалая Прыёмкі лічыць сябе Ірына Шандроха і на працягу апошніх васьмі гадоў упэўнена накіроўвае “Волат” на сцэнічнае ўвасабленне лепшых паэтычных твораў беларускіх аўтараў, адраджэнне народных абрадаў і традыцый. Літаратурна-музычныя кампазіцыі “Скарбы бабулінага куфра”, фальклорная рэканструкцыя “Гуканне вясны” карыстаюцца нязменнай папулярнасцю. Не толькі “дома”, але і на сцэне Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра волатаўцы паказвалі сваю абрадавую праграму “А ў нас каравай падышоў”. Мінулай восенню гэту пастаноўку здымала беларускае тэлебачанне для праграмы “Наперад у мінулае”.
– А цяпер лунае задумка паставіць новы спектакль “Пад зоркай матулі” паводле паэтычных твораў Рыгора Барадуліна, – дзеліцца планамі Ірына Станіславаўна і з пяшчотай абдымае вялікі стос тамоў знакамітага паэта.
Па слядах Крапівіхі
Аказваецца, Крапівіха – гэта яшчэ адзін з амаль трох дзясяткаў псеўданімаў Алаізы Пашкевіч, якая да ўсяго была і падзвіжніцай нашага нацыянальнага тэатра, вельмі неблагой актрысай. Пра тое мы пачулі ад выкладчыцы роднай мовы і літаратуры Алы Балобан. Падвёўшы нас да музейнай экспазіцыі, прысвечанай тэатральнай дзейнасці Цёткі, Ала Сямёнаўна распавяла, як у Кракаве, у Ягелонскім універсітэце, даследуючы беларускую батлейку, наша дабітная Пашкевічанка адначасова і сама брала ўрокі акцёрскага майстэрства ў вядомай польскай артысткі Ірэны Сольскай. Па вяртанні ў Беларусь гэта прыйшлося вельмі дарэчы: Алаіза стала іграць у спектаклях Ігната Буйніцкага. Пры гэтым называла сябе Крапівіхай.
– Чарговую тэматычную экскурсію мы так і назвалі – “Па слядах Крапівіхі”, – працягвае А.С. Балобан. – Асабліва яна запатрабаваная, калі на ўроках гісторыі вучні праходзяць тэму “Літаратура і тэатр”. І наша даследчая работа ў гэтым напрамку яшчэ не завершана…
Прыемна было даведацца, што вельмі часта экскурсіі робяць… тэатралізаванымі. Гэта вынік плённага супрацоўніцтва з паэтычным тэатрам “Волат”. І турысты, і школьнікі бываюць дужа здзіўленымі, калі нечакана для сябе ў музейнай цішы сустрэнуць “жывую Цётку” і нават маюць магчымасць пагутарыць з ёй. Так ажывае гісторыя.
Звычайны астрынскі цуд
А чым зараз жыве драматычны тэатр? Сёння гэты калектыў узначальваюць людзі, якія з юначых гадоў ігралі на яго сцэне, можна сказаць, узгадаваліся на яго падмостках. Кіраўнік калектыву – вядомы ў раёне выканаўца і аўтар баек Аляксандр Чучва, а рэжысёр – артыстычная пявуння Марына Мадаян. Захоўваючы лепшыя тэатральныя традыцыі, трупа на новы лад ставіць п’есу Каруся Каганца “Модны шляхцюк”, высмейваючы ўсё тыя ж пагардлівыя “панты”.
– Толькі цяперашні галоўны герой ужо наш сучаснік, і для стварэння яго вобразу давялося дэталёва вывучаць маладзёжны слэнг. Затое ў яблычак трапляе кожны жарт, і публіка прымае спектакль вельмі прыязна, – расказваюць Аляксандр Анатольевіч і Марына Станіславаўна.
У новай версіі паказваюць тут і спектакль “Збянтэжаны Саўка”. Узяліся за пастаноўку па п’есе А.П. Чэхава “Мядзведзь”. Крэатыўных задумак надзвычай багата.
“Дзе акцёраў бераце?” – гэта пытанне гучыць рытарычна. Тэатральныя флюіды ў Астрыне па-ранейшаму нават бэз выдзяляе. А калі сур’ёзна, то кадры для тэатра нястомна “куе” кіраўнік і рэжысёр узорнай тэатральнай студыі “Обыкновенное чудо” Наталля Лукіна – неверагодна таленавіты і незаспакоены чалавек, які ўмее знайсці залаты ключык да дзіцячых сэрцаў. Студыя была створана ў 1982 годзе, а ў 2013-м стала ўзорнай.
– Мая першая і самая любімая пастаноўка – “Дзікі” – паводле вядомай казкі “Брыдкае качаня”. З якім запалам у ім іграюць свае ролі рабяты! Мы адразу ўзялі з гэтым спектаклем другое месца на абласным фестывалі “Лідскія тэатральныя сустрэчы”, – узгадвае Наталля Аляксандраўна.
У сваёй творчай майстэрні Н.А. Лукіна рэгулярна праводзіць з пачаткоўцамі трэнінгі, практыкаванні на развіццё фантазіі, па пастаноўцы сцэнічнай мовы. Тут разыгрываюцца эцюды і сцэнкі, ставяцца флэшмобы. Як вынік – цудоўныя спектаклі, у тым ліку і лялечныя. А летась на фестывалі дзіцячых тэатральных калектываў “Слонімскія цудадзействы” студыя “Обыкновенное чудо” Астрынскага ДКіТТ заняла трэцяе месца: сур’ёзная творчая заяўка на перспектыву!
Мабыць, менавіта ў гэтай плённай пераемнасці пакаленняў – ад акцёра сталага да артыста малага – і заключаецца астрынскі тэатральны феномен.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара і з архіва рэдакцыі.