Там, дзе душэўнасць пануе без межаў. У Шчучыне для людзей з інваліднасцю ладзілі цікавую імпрэзу

 

Па добрай традыцыі 3 снежня ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН ладзілася цікавае мерапрыемства. Яшчэ ў холе ўвагу гасцей прыцягвалі адразу некалькі экспазіцый. Па-першае, цэлы “алімп” пад дэвізам “Нашы дасягненні”, дзе дзясяткі дыпломаў і кубкаў нагадваюць аб бліскучых перамогах людзей з абмежаванымі магчымасцямі на творчых фестывалях і спартыўных спаборніцтвах, чэмпіянатах па шашках і шахматах. Загадчыца аддзялення Аксана Шостак з задавальненнем расказвае аб кожнай з узнагарод, па-сапраўднаму ганарыцца тымі, хто штодзень пераадольвае выпрабаванні лёсу і, нягледзячы ні на што, не страчвае веры ў сябе, развівае свае здольнасці.

 

 Па-другое, уражвалі экспанаты выставы “Добрых рук майстэрства”, якія, дарэчы, ахвотна раскупляліся на сувеніры. І нядзіўна: гэта лепшыя работы тутэйшых гурткоўцаў. Наведвальнікі аддзялення Юрый Жалязоўскі і Сяргей Шуста адважыліся вынесці на суд гледачоў свае фотаработы пад агульнай назвай “Радзіма ў аб’ектыве”. І гэта, скажу я вам, былі цудоўныя відарысы і гарадскія пейзажы роднага Шчучына, сфатаграфаваныя па-майстэрску.

 

Тым часам у актавай зале ўтульна ўладкоўваліся гледачы: маладыя інваліды-калясачнікі і валанцёры, актывісты раённай арганізацыі БелТіЗ. Падтрымаць сваіх сяброў і партнёраў прыйшлі наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для пажылых грамадзян.

 

 

Прысутных цёпла віталі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Андрэй Навіцкі і дырэктар ТЦСАН Святлана Шанчук, падкрэсліўшы, што ў нашай сацыяльна арыентаванай дзяржаве вялікая ўвага ўдзяляецца людзям з абмежаванымі магчымасцямі не толькі ў Дзень інвалідаў, які адзначаецца ў Беларусі 3 снежня, але і ў паўсядзённым жыцці. Супрацоўнікі раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва заўжды гатовы прыйсці на дапамогу ўсім, хто мае ў гэтым патрэбу. Святлана Уладзіміраўна як старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын уручыла аддзяленню ў падарунак ад БСЖ… мультыпечку. Аказваецца, тут мадэрнізуюць кухню, на якой у хуткім часе будуць практыкавацца гатаваць стравы маладыя інваліды, каб быць больш самастойнымі ў жыцці.

 

Пажадала прысутным аптымізму і здароўя старшыня Шчучынскага раённага аддзела ГА “Саюз палякаў на Беларусі” Яніна Місюк. Яна падзялілася планамі сумеснай работы з творчымі супрацоўнікамі і наведвальнікамі аддзяленняў ТЦСАН. Увогуле ў гэты дзень не засталіся ў баку ад падзей і такія грамадскія фарміраванні, як РГА “Белая Русь” і раённая арганізацыя прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Дзякуючы іх спонсарскай дапамозе былі закуплены матэрыялы для работы гурткоў і салодкія падарункі для наведвальнікаў аддзялення  дзённага знаходжання для інвалідаў. Для тых, хто па нейкіх прычынах не змог прыехаць на гэта мерапрыемства, будзе арганізаваны “Маршрут дабрыні” па ўсім рэгіёне.

 

 

А вось салісты раённага цэнтра культуры і народнай творчасці прыгатавалі сваім падшэфным вельмі жывы і рамантычны падарунак – цэлы вянок цудоўных песень. Іх ад душы дарылі ўдзячнай публіцы Дзмітрый Паноў і Алёна Касатава, Яўген Майсей і Валянціна Маркевіч, Дзмітрый Паварга і Марына Макара.

 

-- Гэты канцэрт для нас не шэраговы. Ён напоўнены асаблівым сэнсам і агромністым жаданнем прынесці вам задавальненне і падарыць добры настрой, -- прызналіся напрыканцы артысты.

 

Ім апладзіравалі стоячы.

 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!