Талерка з... марыхуанай, або Як можна пракурыць два аўтамабілі

Не так даўно на лаве падсудных аказаўся малады мужчына, бацька траіх непаўналетніх дзяцей. Аднойчы ён сарваў і перавёз каноплі, а потым пусціў у сваё жыццё згубную, да таго ж крымінальную звычку – выкурыць цыгарэту з марыхуанай.

На крымінальную сцяжынку, па словах абвінавачанага, ён стаў па волі выпадку. Неяк едучы на ўласным аўтамабілі па рабочых справах, спыніўся ля вадаёма – захацеў раздабыць жыўца для будучай рыбалкі. Непадалёку заўважыў кусты канапель. Сарваў, паклаў у кузаў грузавіка і прывёз наркаўтрымліваючыя расліны дамоў. Адтуль, ужо на легкавушцы, – на дачу. Паклаў «траўку» у патаемнае месца. Калі каноплі высахлі, здрабніў, насыпаў у талерку і паставіў далей ад чужых вачэй – на шафу. Крыху прыхапіў з сабой.

 Рука мужчыны цягнулася да гэтай талеркі не раз і не два. Прыязджаў на дачу, адсыпаў у карабок ад запалак, а дома вечарком, стаіўшыся ў салоне легкавушкі, скручваў атрутную цыгарэту з наркотыкам.

Родныя, па ўсім відаць, нічога не заўважылі. Жонка не прыглядалася, а дзеці яшчэ малыя, каб зразумець прычыну змен у паводзінах і настроі таты. Затое супрацоўнікі міліцыі, якія аднойчы спынілі аўтамабіль ахвотніка да наркатычнай зацяжкі, каб высветліць, чаму той дазваляе сабе ездзіць не прышпіленым рэменем бяспекі, адразу ж прыкмецілі нядобрае. Кіроўца гаварыў павольна і не зусім зразумела, адказваў на пытанні неўпапад... Паху алкаголю не было, таму праваахоўнікі западозрылі, што прычына ў наркатычных рэчывах. І хаця вадзіцель факт іх ужывання адмаўляў, рухацца далей яму не дазволілі.

Медыкі пацвердзілі здагадкі людзей у пагонах. Да таго ж пры аглядзе транспартнага сродку гэтага грамадзяніна ў прысутнасці панятых у салоне былі знойдзены здробненыя фрагменты рэчыва расліннага паходжання. Малады чалавек ужо сам паказаў талерку з марыхуанай, якую захоўваў на дачы. Свой вердыкт вынеслі эксперты: у першым і другім выпадку высушаная сумесь з’яўляецца небяспечным наркатычным сродкам – марыхуанай.

Вясковец поўнасцю моцна раскайваўся ў сваіх дзеяннях. І абяцаў, што больш ніколі і нізавошта... І што абавязкова стане для ўласных дзяцей узорам законапаслухмянасці.

Вінаватасць мужчыны не выклікала сумненняў ні ў следства, ні ў суда, поўнасцю пацвярджалася сабранымі доказамі, паказаннямі сведак, заключэннямі экспертаў і г.д. Маючы адзіны намер на незаконнае, без мэты збыту набыццё, захоўванне і перавозку небяспечнага наркатычнага рэчыва, гэты грамадзянін учыніў злачынства, адказнасць за якое прадугледжана ч. 1 арт. 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. З улікам даных асобы абвінавачанага, а таксама шэрагу змякчальных абставін суд палічыў, што мэты крымінальнай адказнасці могуць быць дасягнуты пры вызначэнні яму пакарання ў выглядзе абмежавання свабоды без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. А лёс рэчавых доказаў суд вырашыў у адпаведнасці з патрабаваннямі арт. 98 КПК: грузавік і легкавушка, як сродкі ўчынення злачынства (нагадаем: на іх перавозілі спачатку каноплі, а потым і марыхуану), канфіскаваны. Вось так і пракурыў два аўтамабілі...

Алена АДАМІЦКАЯ, старшы памочнік пракурора раёна.

Таццяна ВІТАЛЬЕВА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!