Таленавітым шчучынцам уручаны стыпендыі Беларускага фонду міру
У маладзёжным цэнтры “Гродна” ва ўрачыстай абстаноўцы адбылася цырымонія ўручэння прэмій Гродзенскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” асабліва адораным дзецям, навучэнцам і студэнтам Гродзенскіх дзяржаўных навучальных устаноў. Сярод удастоеных стыпендыі – актывісты валанцёрскага і патрыятычнага рухаў, пераможцы розных конкурсаў і алімпіяд, спартсмены.
З віншавальным словам да таленавітай моладзі звярнуўся старшыня праўлення Гродзенскага абласнога аддзялення ГА “Беларускі фонд міру“ Іван Васільевіч Калбаска, адзначыўшы, што прэмія ўручаецца ўжо на працягу 16 гадоў. За гэтыя гады больш за 1500 школьнікаў, навучэнцаў і студэнтаў вобласці сталі яе ўладальнікамі.
І ў гэты дзень спіс лаўрэатаў папоўніўся новымі імёнамі - 55 таленавітым юнакам і дзяўчатам Прынёманскага краю былі ўручаны імянныя стыпендыі. Сярод стыпендыятаў – і прадстаўнікі нашага раёна. Гэта вучаніца 7 класа Мажэйкаўскага дзіцячага сада-базавай школы Ксенія Іоч і навучэнка 10 класа Жалудоцкай сярэдняй школы імя В. Урублеўскага Надзея Хмяльніцкая. Стаць намінантамі Фонду не так і проста. Для гэтага трэба старанна вучыцца, праяўляць сябе ў школьным і грамадскім жыцці. Аб актыўнасці дзяўчат сведчаць іх дасягненні.
У дзённіку ў Ксеніі Іоч - адны дзясяткі. Вучаніца інтэлектуальна адораная, добра валодае англійскай мовай, з’яўляецца прызёрам раённага турніру “Спікер-2017“. Пераможца раённай алімпіяды па веданні правілаў дарожнага руху сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Абараняе гонар школы на раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах па футболе, біятлоне, настольным тэнісе.
Не саступае ў паспяховасці і Надзея Хмяльніцкая - у яе сярэдні бал за II чвэрць 2018/2019 навучальнага года склаў 9,1. У 2018 годзе дзяўчына заняла 2 месца ў раённым турніры “Спікер-2018“ па замежнай мове, узнагароджана дыпломам II ступені раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Адкрыццё“. Захапляецца спортам, чэмпіёнка раёна ў складзе зборнай каманды па валейболе. Заняла 3 месца ў раённым этапе рэспубліканскай алімпіяды па прадмеце “Фізічная культура і здароўе“.
– Па традыцыі двойчы ў год Беларускі фонд міру прысуджае стыпендыі таленавітым і адораным маладым людзям, заахвочваючы і падтрымліваючы іх, - адзначае галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама А.У. Міхалоўская. - Стыпендыя - добры стымул для далейшай інтэлектуальнай, творчай і грамадскай актыўнасці рабят, іх новых поспехаў і перамог.
Усе стыпендыяты атрымалі грашовыя ўзнагароды ў памеры трох базавых велічынь, Ганаровыя граматы, нагрудныя знакі “Стыпендыят Фонду міру“ і стымул імкнуцца да новых вяршыняў.
Сяргей КАСПЯРЧУК.
Фота Алены БАРЭЛЬ.