Такое "мастацтва" караецца законам
Пракуратура Шчучынскага раёна 20 студзеня 2021 года распачала крымінальную справу па арт. 341 Крымінальнага кодэкса па факце псавання маёмасці, якая належыць УП "Баранавіцкае аддзяленне чыгункі".
З заявы, якая паступіла ў праваахоўныя органы, вынікала, што ў канцы кастрычніка 2020 года неўстаноўленая асоба на прыпыначным пункце Тур'я на дзвюх лаўках і урне, непасрэдна на павільёне, а таксама на пяці плітах пакрыцця пасажырскай платформы нанесла фарбай пратэстныя надпісы, знакі і сімвалы. Пры гэтым плошча сапсаванага пакрыцця была значнай, нанесеныя малюнкі – шматлікімі. Указаныя дзеянні выклікалі псаванне маёмасці ў грамадскім месцы, што істотна знізіла эстэтычны выгляд прыпыначнага пункта. Да таго ж змест надпісаў і характар знакаў сведчылі аб наяўнасці ў "мастака" злога намеру на неправамерныя дзеянні супраць грамадскага парадку.
Работнікі Баранавіцкага аддзялення чыгункі прынялі меры па зафарбоўванні нанесеных надпісаў і малюнкаў, аднак поўнасцю аднавіць належны эстэтычны выгляд не атрымалася. Каб зрабіць гэта, патрэбны дадатковыя фінансавыя сродкі і працоўныя рэсурсы прадпрыемства дзяржаўнай формы ўласнасці.
Прымаючы да ўвагі вышэйпададзенае, а таксама той факт, што гэтыя надпісы і малюнкі нанесены на чыгуначным прыпыначным пункце, які з'яўляецца месцам знаходжання значнай колькасці грамадзян, пракуратура раёна ўбачыла наяўнасць дастатковых даных, якія ўказваюць на прыкметы злачынства.
Хачу патлумачыць, што за ўчыненне аналагічных дзеянняў прадугледжана крымінальная адказнасць. Аб'екты інфраструктуры, будынкі і збудаванні не могуць выкарыстоўвацца як прадмет для выказвання палітычных поглядаў.
Аляксандр ДЗЯМІДАЎ, пракурор Шчучынскага раёна.