“Такімі і павінны быць старасты!” Алена Шэўчык з задавальненнем займаецца грамадскай работай і адчувае сябе адказнай за родную вёску

 

Па словах старшыні Каменскага сельвыканкама Сяргея Панаса, менавіта Алена Шэўчык адна з тых, хто служыць добрым прыкладам у развіцці мясцовага самакіравання. Гэта жанчына на працягу 30 год была дэпутатам і ўжо не адно дзесяцігоддзе з’яўляецца “старшай па вёсцы” ў Грамавічах.

 

Аптымістка і актывістка, яна падтрымае чалавека ў бядзе, раздзеліць радасць, не дасць спуску, калі хтосьці, крый божа, саступіць на няправільную дарожку. У вёсцы ўсё навідавоку, і часцяком можна своечасова папярэдзіць непажаданую сітуацыю, калі праявіць непрымірымую пазіцыю, неабыякавасць, прынцыповасць…

 

Больш за сорак гадоў прапрацавала Алена Антонаўна загадчыцай МТФ “Грамавічы”, кіравала дружным і баявітым калектывам, які высока трымаў планку эканамічных паказчыкаў. Вытворчы вопыт вельмі спатрэбіўся жанчыне і ў грамадскім жыцці. А.А. Шэўчык з тых, хто дзеля вырашэння сацыяльна значнага пытання або экстранай дапамогі канкрэтнаму чалавеку не пасаромеецца напрамую звярнуцца да кіраўніка аграпрадпрыемства або старшыні сельсавета. Да слоў і просьбаў Антонаўны абавязкова прыслухаюцца – аўтарытэту ёй не займаць, пойдуць насустрач, бо яна – чалавек з дзелавой стрункай і ўзважанымі прапановамі. А вось тое, што залежыць непасрэдна ад самой старасты, яна зробіць з уласцівай ёй добрасумленнасцю. “Праманіторыць” па просьбе вяскоўцаў, дзе больш якасна і па даступнай цане вырабляюць аконныя рамы, высветліць, чаму надараюцца збоі ў тэлефоннай сувязі, разбярэцца з іншымі праблемамі, многія з якіх дзякуючы зацікаўленасці старасты і яе аднадумцаў станоўча вырашаюцца.

 

– Мы не нарадуемся, што нам паклалі асфальт праз вёску, што ўстанавілі кантэйнеры для бытавых адходаў – гэта вельмі зручна, – канстатуе Алена Антонаўна. – Строга па графіку, які даводзіцца загадзя, прыязджае ФАП на колах, гандлёвыя паслугі аказвае аўтамагазін. Вельмі задаволены мы і работай паштальёна Віктара Падгурскага. Людзі шчыра любяць сваю вёсачку, стараюцца падтрымліваць належны парадак на сядзібах і ў грамадскіх месцах.

 

Стала тэндэнцыяй, што пустуючыя хаты ў Грамавічах ахвотна раскупляюць гараджане: робяць рэканструкцыю, наводзяць марафет на падворках, даглядаюць агароды. Залюбуешся! Адчуваецца, што ў кожнага сельскія карані, а таму і лёгка знаходзяць агульную мову з мясцовымі.

 

– Мы любім сваіх дачнікаў, – смяецца Антонаўна. – Яны ўносяць у наша жыццё, як цяпер кажуць, крэатыў. Дый павучыцца ёсць чаму адзін у аднаго.

 

Стараста вёскі Грамавічы лічыць, што адзін у полі не воін. Яна цэніць ініцыятыву і актыўную грамадскую пазіцыю Веры Дужык, Леакадзіі Карпейчык, Таццяны Дулько, іншых вяскоўцаў.

 

– Ёсць каму перадаць эстафету і традыцыі, – кажа стараста.

 

Як сапраўдная жанчына Алена Антонаўна ўмее спалучаць грамадскія клопаты і сямейныя абавязкі. Яна – добрая гаспадыня, уважлівая жонка, мудрая мама і бабуля для дзяцей і чацвярых унукаў. Знаходзіць незаспакоеная жанчына час, каб пачытаць цікавую кнігу, выпісвае перыядычныя выданні, а без любімай раённай газеты “Дзянніца” ўвогуле не ўяўляе сваё жыццё. Будні і святы Алены Антонаўны заўжды напоўнены падзеямі, рухам і добрай энергетыкай, што зыходзіць ад удзячнасці акружаючых яе людзей.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!