Сёння ветэраны раёна абралі на пленуме новага лідара сваёй арганізацыі
Сёння адбыўся пленум раённага савета ветэранаў, у якім прынялі ўдзел не толькі прадстаўнікі раённай ветэранскай арганізацыі, але і ганаровыя госці – старшыня раённага выканаўчага камітэта А.В. Садоўскі, старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.С. Хвядзюк, намеснік старшыні райвыканкама А.В. Пасюта, намеснік старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі ветэранаў І.І. Трусіла, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў, член раённага савета ветэранаў Ю.Т. Пашук, кіраўнікі сацыяльнай службы раёна, старшыні сельвыканкамаў.
На парадку дня стаяла пытанне аб пераемнасці старшынства ў раённай арганізацыі ветэранаў. На працягу 14 год яе ўзначальваў Эдмунд Станіслававіч Дзікевіч, якога з павагай і ўдзячнасць самі ветэраны называлі “наш апякун”. Яго работа заўжды была напоўнена стваральнымі справамі і цікавымі мерапрыемствамі, абаронай сацыяльных інтарэсаў людзей сталага веку, шчырым клопатам аб паляпшэнні матэрыяльных і жыллёвых умоў ветэранаў -- асабліва ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, многімі іншымі абавязкамі. Аднак Э.С. Дзікевіч прыняў рашэнне пайсці на заслужаны адпачынак. Не дзіўна, што ў гэты дзень Эдмунду Станіслававічу было выказана безліч добрых слоў, уручаны ўдзячнасці ад кіраўніцтва раёна і кветкі.
На пленуме Э.С. Дзікевіч выступіў з цікавай прамовай, зрабіўшы своеасаблівы экскурс у гісторыю станаўлення ветэранскай арганізацыі Шчучыншчыны. Расказаў аб слаўных справах і традыцыях, вернасці сваіх паплечнікаў тым ідэалам, якімі заўжды ганарылася старэйшае пакаленне.
-- Вядома, мне вельмі хочацца, каб наша арганізацыя і далей заставалася такой жа баявітай, здольнай вырашаць надзённыя праблемы пажылых людзей, быць для іх надзейнай падтрымкай, -- зазначыў Эдмунд Станіслававіч. – А мой пераемнік -- новы лідар ветэранскай арганізацыі – павінен быць чалавекам аўтарытэтным, з добрымі арганізатарскімі здольнасцямі, умець знаходзіць партнёрства з кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый, аператыўна вырашаць узнятыя людзьмі праблемы. І я ведаю такога чалавека! Гэта Васілій Сяргеевіч Жукоўскі, які, будучы намеснікам старшыні раённай арганізацыі ветэранаў, паспяхова вырашаў вельмі многія пытанні.
У падтрымку В.С. Жукоўскага выступілі некаторыя ўдзельнікі пленума. У прыватнасці Людміла Мікалаеўна Іваноўская зазначыла, што ведае Васілія Сяргеевіча больш за сорак гадоў як надзвычай адказнага, працавітага і надзейнага чалавека, заўжды гатовага падставіць плячо ў цяжкую хвіліну. Дарэчы, прысутныя дружна прагаласавалі за вылучаную кандыдатуру новага старшыні. А Васілій Сяргеевіч Жукоўскі выказаў словы падзякі за аказаны давер, падкрэсліўшы, што выдатна ўсведамляе той груз адказнасці за кожнага ветэрана раёна, які кладзецца на плечы старшыні. Запэўніў у сваёй адкрытасці для людзей і гатоўнасці дапамагаць у вырашэнні злабадзённых пытанняў. Віншаванні і свае пажаданні адрасавалі новаму лідару ветэранаў кіраўнікі раёна А.В. Садоўскі і Г.С. Хвядзюк, намеснік старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі ветэранаў І.І. Трусіла.
-- Я вельмі спадзяюся на вашу падтрымку і актыўнасць, бо поспех нашай арганізацыі ў камандным духу, ва ўзаемаразуменні і жаданні сумесна працаваць на карысць людзям, -- звярнуўся В.С. Жукоўскі да прысутных у зале.
У гэты дзень, калі ўжо распачалася “дэкада залатога ўзросту” гучала багата слоў удзячнасці ў адрас старэйшага пакалення, якое стварыла падмурак для поспехаў у дні сённяшнім.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.