Сёння ўдзельнікі міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі пабывалі ў Мураванкаўскай царкве, а ў шчучынскім палацы Друцкіх-Любецкіх абмеркавалі стратэгію захавання аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны
Шляхі міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, што праходзіць 15-17 кастрычніка на базе Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея, прывялі яе ўдзельнікаў да нас на Шчучыншчыну -- у старажытную Мураванку, дзе на ўскрайку сціплай вёсачкі велічна ўзвышаецца сама гісторыя ў паўтысячы год – царква Ражства Прасвятой Багародзіцы. Тэма канферэнцыі надзвычай актуальная – “Культавыя помнікі Беларусі – намінанты Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА: вывучэнне, ацэнка, прасоўванне”.
-- Мы толькі што пабачылі храм абарончага тыпу ў вёсцы Сынкавічы Зельвенскага раёна – помнік архітэктуры канца ХV – пачатку ХVІ стагоддзя. Уражвае і ваша царква-крэпасць, узведзеная ў 1524 годзе, -- не хаваючы захаплення, гаварылі госці, сярод якіх гісторыкі і краязнаўцы, выкладчыкі ўніверсітэтаў і супрацоўнікі музеяў, архітэктары і спецыялісты ў сферы гісторыка-культурнай спадчыны, эксперты і святары…
Настаяцель храма Ражства Прасвятой Багародзіцы іерэй Алег Засім ва ўсёй красе паказаў нашу святыню і тыя элементы архітэктурных стыляў – ад готыкі да рэнесансу, што захаваліся да нашага часу, звярнуў увагу на артэфакты, якія ў розныя перыяды былі знойдзены падчас раскопак, экспедыцый, рэстаўрацыйных работ і сталі сведкамі векапомных падзей. Ён падкрэсліў, што царква-крэпасць у Мураванцы – сімвал праваслаўя, маўклівы доказ веры, вернасці і стойкасці нашага народа, а рэстаўрацыя храма – гэта адраджэнне не толькі сцен, але і моцы нашага духа. Святыня абнаўляецца агульнымі намаганнямі, дзякуючы клопатам дзяржавы, раённай улады, дабрачыннасці мясцовых прадпрыемстваў і, вядома, саміх вернікаў, шматлікіх валанцёраў.
Пасля знаёмства з храмам і яго гісторыяй удзельнікі мерапрыемства пераехалі ў Шчучын. Навукова-практычная канферэнцыя мела свой працяг у гістарычных інтэр’ерах палаца Друцкіх-Любецкіх. Начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч і намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Таццяна Цюсіна пажадалі ўсім плённай работы. Ірына Дашчынская, начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, расказала аб важкім укладзе нашай краіны ў сусветную культурную спадчыну і тых аб’ектах на тэрыторыі рэспублікі, якія ўжо ўнесены ў Спіс ЮНЕСКА.
З дакладам выступіла намеснік дырэктара Расійскага навукова-даследчага інстытута культурнай і прыроднай спадчыны імя Д.С. Ліхачова Надзея Філатава. Яна выказала свой пункт гледжання на асаблівасці вызначэння намінацыйнай стратэгіі для прасоўвання помнікаў у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Увогуле адна з галоўных мэт канферэнцыі – прыцягненне ўвагі да праблем захавання аб’ектаў гісторыка-культурнай каштоўнасці, абмен вопытам з расійскімі калегамі. Напрацоўкамі аддзела сусветнай спадчыны і міжнароднага супрацоўніцтва Расійскага навукова-даследчага інстытута падзялілася навуковы супрацоўнік Анастасія Кілейнікава.
Галоўны архітэктар праекта Інстытута Гроднаграмадзянпраект Алена Шчасная прааналізавала храналогію і вынікі рамонтаў Мураванкаўскай царквы-крэпасці на працягу стагоддзяў. Аб культавых аб’ектах сваіх рэгіёнаў, дастойных узораў сусветнай спадчыны, распавялі навукоўцы з Віцебска і Пастаў Дзяніс Юрчак і Аксана Журава.
Заўтра ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў навукова-практычнай канферэнцыі стануць Каложская царква, помнік архітэктуры ХІІ стагоддзя, і Новы замак у Гродне.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.