Сёння ў Шчучыне работнікі МНС выратавалі з каналізацыйнага калодзежа двух мужчын
Паведамленне аб надзвычайным здарэнні паступіла ў Шчучынскі РАНС сёння ў 10 гадзін 47 хвілін. Патэлефанаваў рабочы ТАА "Логал-Біо" і расказаў, што ў каналізацыйным калодзежы знаходзяцца два чалавекі, адзін з якіх ужо страціў прытомнасць. На вуліцу Акадэмічную неадкладна выехалі два падраздзяленні ПАВЧ-1.
Як паведамілі ў Шчучынскім РАНС, работнікі Шчучынскага ПМС – прараб і слесар – праводзілі работы па адкачцы вады з тэхналагічнага калодзежа глыбінёй 4 метры. Адчуўшы недамаганне, сталі клікаць на дапамогу. Іх пачуў рабочы, які праходзіў непадалёку. Зазірнуўшы ў калодзеж і ацаніўшы сітуацыю, што самастойна мужчыны выбрацца не змогуць, да таго ж адзін з іх ужо страціў прытомнасць, ён набраў нумар 101.
На шчасце, на момант прыезду ратавальнікаў адзін з пацярпелых у калодзежы мужчын знаходзіўся ў прытомнасці. Сабраўшы апошнія сілы, гэты чалавек здолеў абвязаць апушчанай яму вяроўкай свайго беспрытомнага напарніка, а потым і сябе. Ратавальнікі без прамаруджвання дасталі абодвух на паверхню і перадалі ў рукі медработнікаў. Хуткая даставіла гэтых людзей у бальніцу, дзе яны былі змешчаны ў рэанімацыйнае аддзяленне. Папярэдні дыягназ – атручванне сумессю каналізацыйных газаў, якія сабраліся на дне калодзежа.
Непасрэдны ўдзел у выратаванні прымалі начальнік каравула ПАВЧ-1 Сяргей Комар, старшы пажарны Віталій Ванэлік і пажарны Дзмітрый Огір.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.