Сёння, у Дзень беларускай сімволікі, у моладзі Шчучыншчыны нарадзілася новая патрыятычная традыцыя: прынясенне клятвы вернасці Дзяржаўнаму сцягу Рэспублікі Беларусь (+Відэа)

 

 

Радасць і гонар – менавіта гэтыя пачуцці перапаўнялі сёння кожнага, хто прымаў удзел у адным з галоўных свят нашай краіны – Дні дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Кіраўніцтва раёна, ветэраны Узброеных Сіл, школьнікі, навучэнцы Шчучынскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя, гараджане аб'ядналіся ў адным парыве: у чарговы раз прадэманстраваць сваё імкненне да міру, да незалежнасці роднай краіны. Мы - мірныя людзі… Мы ганарымся нашымі дзяржаўнымі сімваламі, у якіх захоўваюцца каштоўнасці і традыцыі слаўнай беларускай зямлі.

 

 

 

 

 

Да шчучынцаў і гасцей горада звяртаецца старшыня Шчучынскага райвыканкасма Аляксей Садоўскі:

 

– Сучасныя герб, сцяг і гімн аб'ядноўваюць лёсы розных пакаленняў беларусаў і з'яўляюцца арыенцірам на будучыню роднай краіны -- мірнай, моцнай і суверэннай.

 

Галоўныя сімвалы дзяржавы пераадолелі доўгі этап станаўлення. У іх беражліва захаваны рысы, якія адлюстроўваюць мірныя, стваральныя мэты беларускага народа і дзяржавы. Гісторыя стварэння нашых першых сімвалаў дзяржаўнасці непарыўна звязана з савецкай эпохай, якая падарыла народам законнае права на самавызначэнне. З іх набыццём мы, беларусы, склаліся як нацыя, прайшлі вялікі шлях ад беларускай народнасці да народа-пераможцы.

 

 

Дзяржаўная сімволіка абараняе суверэнітэт Беларусі, аб'ядноўваючы ўсіх нас у імкненні зберагчы жыццёвы ўклад, спрадвечныя традыцыі і гераічнае мінулае. Заўтра ўвесь наш народ адзначыць чарговую гадавіну Вялікай Перамогі, і сімвалічна тое, што ў нашым Дзяржаўным сцягу ёсць часціца Чырвонага сцяга, які ўзвіўся над заваяваным Рэйхстагам у маі 1945 года. Таму нам гэты сцяг яшчэ даражэйшы. Менавіта з павагі да дзяржаўнай сімволікі, шанавання духоўных каштоўнасцей народа і культурнай спадчыны краіны пачынаецца любоў да Радзімы. Грамадзянам, якія ведаюць і паважаюць нацыянальныя каштоўнасці, пад сілу зрабіць Айчыну квітнеючай.

 

 

Прыемна, што шчучынцы сваёй плённай працай разам ствараюць гісторыю нашай краіны, з гонарам працягваючы слаўныя традыцыі мінулага. Толькі разам мы зможам паспяхова адказваць на ўсе выклікі часу, умацоўваць і абараняць суверэнітэт і бяспеку Беларусі.

 

Пачэснае права падняць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь атрымалі гімназісткі Дар’я Філіпчык – прызёр заключнага этапа рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове, і Дар’я Барыш – пераможца раённага і прызёр абласнога этапа рэспубліканскага конкурсу “Піянер года", вучань СШ №1 г Шчучына Уладзіслаў Комар – пераможца і прызёр абласных спаборніцтваў па гандболе, а таксама былы кіраўнік Шчучынскага раёна, Ганаровы грамадзянін г. Шчучына Вінцэнты Іванавіч Казяк.

 

 

 

Горда ўзвіваецца пад гукі Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь  над плошчай Дзяржаўны сцяг нашай краіны. Кожны прысутны адчувае асаблівую ўрачыстасць моманту…

 

Са святам гараджан віншуе Вінцэнты Іванавіч.

 

На плошчу горада знаменныя групы ўстаноў адукацыі раёна выносяць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь і сцяг г. Шчучына. Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь уносяць таксама навучэнцы ліцэя і ветэраны Узброеных Сіл. Моладзь прымае сцяг у старэйшага пакалення. Вядучая свята Алена Барэль расказвае аб тым, што азначаюць колеры нашага сцяга.

 

 

 

Чырвоны колер са старажытных часоў служыць знакам сонца і сімвалізуе кроўныя сувязі, братэрства, барацьбу за справядлівасць. Зялёны колер – гэта колер прыроды… Гэта колер беларускіх палёў і лясоў, колер дабрыні, росту, развіцця, дабрабыту і міра. Белы колер – колер свабоды, маральнай чысціні і мудрасці. Арнамент на белым полі сімвалізуе працавітасць і поспех у выкананні праведных і добрых спраў.

 

 

 

Сёння, у дзень беларускай сімволікі, у моладзі Шчучыншчыны нарадзілася новая  патрыятычная традыцыя: прынясення клятвы вернасці Дзяржаўнаму сцягу Рэспублікі Беларусь – сімвалу нашай незалежнасці і дзяржаўнасці, пад якім мы будуем суверэнную Беларусь і ўпэўнена ідзём наперад да новых здзяйсненняў у імя шчасця і росквіту роднай краіны.

 

 

 

Са святам віншуе моладзь і усіх удзельнікаў мітынгу першы сакратар Шчучынскага раённага камітэта грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Віталія Селівончык і запрашае старшыню Шчучынскага райвыканкама Аляксея Садоўскага ўручыць членскія білеты БРСМ самай актыўнай і ініцыятыўнай моладзі.

 

 

 

 

Яркім завяршэннем свята стала выступленне ўзорных калектываў “Апрель” і “Кантрасты” “Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі.

 

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.

 

 

 

 

Фота: Сяргей КАСПЯРЧУК.

 

 

 

Відэа: Таццяна ГЕРАСІМЧЫК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!