Сёння -- Дзень работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці. Наша гераіня Данута Пазднякова -- чалавек каманды
Разам з інжынерам па ахове працы Шчучынскага раёна газазабеспячэння Данутай Эдвардаўнай Паздняковай мы зайшлі ў адно з вытворчых памяшканняў, дзе засталі машыніста экскаватара Руслана Амінава. Прэтэнзій і заўваг да гэтага работніка не было. Добрасумленны і адказны, заслугоўвае самай высокай пахвалы. Між тым у Эдвардаўны спрацавала службовая патрэба – напомніць маладому чалавеку пра бяспеку працы. Размовай засталася задаволена: важнасць патрабаванняў ён разумее.
За дваццаць год на сваёй жыццезасцерагальнай пасадзе Данута Эдвардаўна і сама добра засвоіла правілы бяспекі працы, і падначаленых навучыла іх выконваць, быць на рабочых месцах абачлівымі і асцярожнымі. А інакш нельга, падкрэслівае яна: “Захаваць жыццё і здароўе людзей у працэсе працоўнай дзейнасці – самае галоўнае на вытворчасці”.
– Асабліва на такой, як наша, якая адносіцца да небяспечных вытворчых аб’ектаў, – далучаецца да размовы начальнік Шчучынскага раёна газазабеспячэння Мікалай Вікенцьевіч Карповіч. – І каб забяспечыць ахову працы ў такіх умовах, інжынеру па ахове працы трэба быць патрабавальным да работнікаў і самому займаць актыўную, усвядомленую і непарушную пазіцыю ў гэтай справе.
Добразычлівая і таварыская па характары, Данута Эдвардаўна не раз была прынцыповай і неадступнай, калі справа датычыла пытанняў бяспекі працы. Пры гэтым спецыяліст заўжды знаходзіла такі спосаб уздзеяння на работніка, каб той, аднойчы дапусціўшы парушэнне, больш яго не паўтараў. А караць – гэта не яе метад, падкрэслівае кіраўнік. Маўляў, для большасці членаў калектыву прафілактычныя меры больш дзейсныя, чым жорсткія.
– Дабавіць штосьці да гатовага пірага лягчэй, чым яго спячы, – вобразна выказваецца М.В. Карповіч. – Аступіцца можа і вопытны работнік. Лепш паправіць чалавека так, каб ён зразумеў сваю памылку, чым развітацца з ім і шукаць замену. Інжынер Пазднякова менавіта так і паступала.
Незаўважна бяжыць час. Дваццаць шэсць год мінула, як прыйшла ў арганізацыю, а, здаецца, учора гэта было... “Уладкоўвалася сюды часова, бухгалтарам, – расказвае Данута Эдвардаўна. – Потым працавала кантралёрам газавай гаспадаркі, а ў 1998-ым, пасля рэарганізацыі, прапанавалі стаць інжынерам па ахове працы і кадраў”. Так новая сфера дзейнасці стала для гэтай жанчыны, між іншым, дыпламаванага агранома, асноўнай на многія гады і любімай справай. “З якой яна выдатна справілася! – дадае М.В. Карповіч. – Да таго ж Данута Эдвардаўна – чалавек каманды: надзейная, душэўная, тактоўная, уважлівая да калег”.
Інжынер па ахове працы Д.Э. Пазднякова ніколі не была пабочным назіральнікам у дачыненні да жыцця калектыву. У тым ліку і з яе ўдзелам на прадпрыемстве многа зроблена для стварэння здаровых і бяспечных умоў працы работнікаў. У адміністрацыйным будынку і ў вытворчых памяшканнях – ідэальны парадак, на прылеглай тэрыторыі – санаторны камфорт, прыродная і рукатворная прыгажосць. А яшчэ спецыяліст заўжды надзейна стаяла на варце заканадаўства па ахове працы, пры падтрымцы дырэктара, разам з майстрамі службаў і падраздзяленняў вяла актыўную работу па папярэджанні няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафілактыцы прафесійных захворванняў.
З цягам часу слова інжынера Паздняковай стала аўтарытэтным у калектыве, дзе большасць – мужчыны. Людзі разумелі: яе патрабавальнасць і строгасць дзеля іх жа дабра. Што сродкі індывідуальнай аховы, пра якія настойліва напамінае спецыяліст, засцерагуць ад траўмы, а спраўны інструмент – гарант таго, што рабочы дзень пройдзе без надзвычайных здарэнняў... Між іншым, не затрымліваліся ў камандзе газавікоў ахвотнікі да вольніцы і чаркі – сыходзілі самі, зразумеўшы, што з калектывам, дзе ў пашане дысцыпліна і парадак, ім не па дарозе.
Дарэчы, спецыяліста РГЗ Пазднякову ведаюць, лічы, ва ўсім раёне: яна не раз выступала на вясковых сходах, перасцерагала людзей ад наступстваў няправільнага абыходжання з газавымі прыборамі.
Службовыя абавязкі часта “кралі” асабісты вольны час, прызнаецца жанчына. І яна вельмі ўдзячна родным, якія да гэтага ставіліся з разуменнем. Цяпер сын Пётр ужо дарослы: працуе ў філіяле Аграпрамбанка. Дружная сям’я любіць ездзіць на малую радзіму матулі – у вёску Малая Нявіша, дзе яе стараннямі бацькоўская сядзіба патанае ў кветках. Дарэчы, адсюль і пачынаўся працоўны шлях Дануты Эдвардаўны, які яна прайшла годна.
Таццяна ПАЛУБЯТКА. Фота аўтара.