Сёлета аграрыі СВУ “Пратасаўшчына” істотна развілі эканамічны патэнцыял сельгаспрадпрыемства

 

Бягучы год выдаўся даволі няпростым, аднак аграрыі СВУ “Пратасаўшчына” не толькі выконваюць усе прагнозныя паказчыкі, але і развіваюць эканамічны патэнцыял сельгаспрадпрыемства: запусцілі ў эксплуатацыю новую лінію па перапрацоўцы алейных культур і сучасны зернесушыльны комплекс, якія кампактна размясціліся на тэрыторыі зернясклада.

 

– У нашай гаспадарцы налічваецца амаль 5,8 тысячы галоў буйной рагатай жывёлы, – канстатуе галоўны аграном СВУ “Пратасаўшчына” Віктар Мінько. – Для збалансавання кармоў у рацыён жывёл трэба абавязкова ўключаць рапсавую макуху, якая каштуе даволі дорага. Каб паменшыць выдаткі, мы вырашылі пабудаваць сваю лінію па перапрацоўцы алейных культур. І яна аказалася вельмі запатрабаванай: сёлета пры ўраджайнасці 54,3 цэнтнера з гектара мы намалацілі 1630 тон насення рапсу. Частку здалі ў лік дзяржзаказу, а астатняе перапрацуем. Пры алеістасці насення 35-40% з кожнай тоны атрымаем 350-400 кілаграмаў алею і звыш 550 макухі.

 

 

Вытворчы працэс на новай лініі амаль цалкам аўтаматызаваны. Насенне рапсу мы падвозім і выгружаем у спецыяльную яму, з якой тое трапляе ў 10-тонны бункер. Праходзячы праз сепаратар, яно ачышчаецца ад смецця і дробных камянёў. Затым магутны прэс плюшчыць насенне і выціскае алей, які па трубаправодзе падаецца ў дзве ёмістасці агульным аб’ёмам 40 тон. Атрыманая макуха па канвееры адразу адгружаецца ў кузаў грузавіка. Пакуль лінія загружана не на поўную магутнасць – ідзе “прыцірка” абсталявання. Аднак пасля завяршэння ўсіх пуска-наладачных працэсаў яна будзе працаваць кругласутачна і дазволіць мясцовым аграрыям перапрацоўваць у дзень прыкладна 8 тон насення рапсу. Дарэчы, першыя 30 тон свежавыціснутага алею тут ужо рэалізавалі заахвочаным пакупнікам.

 

Усяго ў некалькіх дзясятках метраў ад новай лініі па перапрацоўцы алейных культур знаходзіцца камбікормавы завод. Менавіта туды і адвозіцца рапсавая макуха для вытворчасці высакаякаснага камбікорму.

 

 

– Наш камбікормавы завод не мае аналагаў у раёне, – зазначае майстар Руслан Дамуць. – Сучаснае абсталяванне дазваляе выпускаць тут за працоўную змену да 40 тон камбікорму. Прычым для кожнай групы жывёлы ён робіцца па асобай рэцэптуры. Яе распрацоўваюць нашы спецыялісты і перадаюць адпаведныя даныя, якія я заношу ў камп’ютар. Спецыяльная праграма пільна сочыць за тым, каб усе кампаненты змешваліся строга ў заданых прапорцыях. Паколькі абсалютная большасць вытворчых працэсаў аўтаматызавана, з кіраваннем гэтай “махінай” спраўляюся сам. Калі ўзнікаюць паломкі, а яны адразу высвечваюцца на дысплеі, пераключаюся на ручны рэжым і аператыўна выпраўляю іх.

 

Забор кампанентаў для вытворчасці камбікорму на лініі вядзецца з 6 асобных бункераў, 4 з якіх прызначаны для зерня, а астатнія – для соевага і рапсавага шроту. Спецыяльныя датчыкі кантралююць узровень іх запаўняльнасці. Калі ён недастатковы – работа ўсёй лініі аўтаматычна спыняецца. Абавязковымі складальнікамі рэцэпту з’яўляюцца розныя прэміксы, кармавыя дрожджы, мел і соль, якія ў строга вызначаных дазіроўках дабаўляюцца ў камбікорм уручную праз маленькія дазатары. Усё гэта дазваляе атрымліваць камбікорм вельмі высокай якасці, які захоўваецца ў трох бункерах агульным аб’ёмам 60 тон. Улічваючы, што гаспадарцы для кармлення статка буйной рагатай жывёлы ў суткі патрабуецца 20 тон камбікорму, корм “на складзе” не залежваецца.

 

Сёлета аграрыі СВУ “Пратасаўшчына” таксама запусцілі новы зернесушыльны комплекс, які дазволіў істотна павялічыць аб’ёмы сушкі зерня. Прывялі тут у парадак і лінію па дапрацоўцы насення: “абшылі” фасад, перакрылі дах, зрабілі новы пандус, абнавілі асфальт. Для захоўвання вырашчанага ўраджаю адрамантавалі ўсе зернясклады.

 

 

– Не забываем і пра камфорт нашых работнікаў, – гаворыць галоўны аграном СВУ “Пратасаўшчына” Віктар Мінько. – На зерняскладзе заканчваем будаўніцтва будынка для персаналу, у якім кампактна размесцяцца пакоі для прыёму ежы і адпачынку, а таксама душ. Акрамя таго, дапамагаем нашым спецыялістам вырашыць жыллёвае пытанне: у вёсцы Залесна запланавалі будаўніцтва чатырох дамоў, адзін з якіх будзе здадзены пад ключ у бліжэйшы час, а астатнія – да канца зімы. Як бачыце, год заканчваецца для нас вельмі прадуктыўна, і мы пастараемся захаваць гэтую станоўчую тэндэнцыю і надалей.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!