Свята-кірмаш «Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня» сабрала ў Гродне майстроў з усёй вобласці

Учора гістарычны цэнтр Гродна ператварыўся ў маляўнічую палітру народнай творчасці. Каля маладзёжнага цэнтра «Гродна» разгарнулася маштабнае свята-кірмаш «Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня», якое сабрала лепшых майстроў з усіх куткоў вобласці. Шумны, яркі і па-веснавому светлы кірмаш стаў месцам пакупак і падарожжам да вытокаў нашай культуры.
На Гродзеншчыну прыйшоў час падрыхтоўкі да самых светлых дзён календара – Вербнай нядзелі і Вялікадня. Пляцоўка ў цэнтры горада напоўнілася водарам свежага традыцыйнага печыва і сонечным святлом, якое адлюстроўвалася ў яркіх велікодных паштоўках і ажурных карункавых сурвэтках.



Гараджане і госці горада з цікавасцю вывучалі багаты асартымент: плеценыя з лазы кашы, у якіх так зручна несці святочныя стравы на асвячэнне, тэматычны тэкстыль і ўпрыгожванні для дома. Здавалася, што кожная рэч тут мае сваю душу, бо зроблена яна не на канвееры, а клапатлівымі рукамі чалавека.

Галоўнай адметнасцю кірмашу стаў удзел у ім носьбітаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гродзеншчыны. Гэта людзі, чыё майстэрства прызнана нацыянальным здабыткам і ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

Сапраўды, дзе яшчэ можна ўбачыць знакамітыя яйкі-пісанкі з іх філіграннымі ўзорамі, легендарныя гродзенскія вербы, якія самі па сабе з’яўляюцца творам мастацтва, ці тканыя паясы, што захоўваюць мудрасць продкаў? Побач з імі суседнічалі далікатныя выцінанкі, якія нагадвалі папяровыя карункі, і сонечныя вырабы з саломы – сімвал дабрабыту і ўраджаю.




Але свята не абмежавалася толькі назіраннем. Самае каштоўнае на такіх імпрэзах – гэта магчымасць пераняць вопыт. Пад кіраўніцтвам вопытных майстроў кожны жадаючы мог паспрабаваць сябе ў ролі творцы. На майстар-класах дзеці і дарослыя вучыліся плесці элементы з саломы, ствараць уласныя велікодныя сувеніры і дакранацца да таямніц народнага ткацтва.
Атмасферу сапраўднага народнага гуляння стваралі лепшыя аматарскія калектывы вобласці. Са сцэны ліліся звонкія песні, якія прымушалі пусціцца ў скокі нават самых сур’ёзных мінакоў.

Асаблівую ўвагу арганізатары надалі тэматычным лакацыям, прысвечаным Году беларускай жанчыны. Гэта было вельмі сімвалічна, бо менавіта жанчына здаўна з’яўляецца захавальніцай хатняга ачага і тых самых традыцый, што перадаюцца ад маці да дачкі.






