Суботнюю прамую лінію сёння правёў першы намеснік старшыні райвыканкама Генадзій Хоміч
Да Генадзія Баляслававіча людзі звярталіся па самых розных пытаннях. Так, жыхары г.п. Астрына і аграгарадка Каменка сутыкнуліся з агульнай праблемай: у мясцовых лясніцтвах ім адмовілі ў саманарыхтоўцы дрэў. Між тым, гэта -- выгадная для вяскоўцаў альтэрнатыва, прадугледжаная заканадаўствам.
Г.Б. Хоміч звязаўся па тэлефоне з дырэктарам Шчучынскага лясгаса М.В. Сушчэўскім і папрасіў пракаменціраваць сітуацыю.
-- У даным непаразуменні мы абавязкова разбяромся, -- паабяцаў кіраўнік прадпрыемства. -- Пытанне, з якім звярнуліся грамадзяне, будзе вырашана станоўча.
Як заўжды, уздымаліся і пытанні добраўпарадкавання. Так, жыхары дома № 30А па вуліцы Пушкіна ў Шчучыне наракаюць, што пасля рэканструкцыі цеплатрасы камунальнікі не прывялі ў належны стан пешаходную дарожку і падыходы да кантэйнераў па зборы бытавых адходаў.
У афіцыйным пісьме жыхарам вёскі Цейкаўшчына абяцалі, што сельская вуліца будзе падсыпана гравіем у трэцім квартале бягучага года, аднак праблема бездарожжа ў канцы вёскі пакуль так і не вырашана. Аб гэтым паведаміла на прамую лінію жыхарка Дзятлава, якая клапоціцца пра сваю бабулю і яе аднавяскоўцаў.
Па распараджэнні Г.Б. Хоміча, спецыялісты ДРБУ-161 аператыўна выедуць на месца, каб разабрацца ў сітуацыі. А вось на званок ад жыхароў Берштаў, якія таксама скардзіліся на размытыя дажджамі дарогі да Новага Двара і Савічаў, дарожная служба адрэагавала аператыўна. Там ужо праводзіцца грэйдзіраванне і сітуацыя павінна памяняцца да лепшага.
Аб тым, што на могілках ля вёскі Дубрава старыя нахіленыя дрэвы могуць пры шквальным ветры пашкодзіць помнікі, паведаміла жыхарка Шчучына і папрасіла дапамагчы з вырашэннем узнятай праблемы.
Усяго на прамую лінію да першага намесніка старшыні райвыканкама Г.Б. Хоміча сёння паступіла восем званкоў. Усе пытанні ад жыхароў раёна будуць разгледжаны згодна з дзеючым заканадаўствам.
Таццяна СТУПАКЕВIЧ.