“Сто лят” для 100-гадовай імянінніцы. Даведаліся сакрэт доўгажыхарства Ганны Юльянаўны Кепель

 

У мінулую пятніцу ў доме шчучынцаў Яўгеніі Міхайлаўны і Эдуарда Людвікавіча Унучкаў сабраліся самыя блізкія людзі. Падстава была самая што ні на ёсць цудоўная! Іх матулі і цешчы – Ганне Юльянаўне Кепель – споўнілася сто гадоў.

 

– Гэта цяпер наша бабуля ў горад пераехала, а ў папярэднія гады жыла ў сваёй роднай вёсачцы Навасады Мажэйкаўскага сельсавета. Яшчэ пазамінулым летам сама агарод даглядала, дзе не дапускала ніводнай травінкі-пустазелінкі, а нас не дапускала… бульбу капаць. Такіх працавітых людзей яшчэ пашукаць трэба, – характарызуе любімую бабулю ўнучка Святлана Дзярбук. – Мабыць, гэта самаадданая працавітасць, пачуццё адказнасці за ўсіх, моцны характар і ёсць складальнікі доўгажыхарства. Сёння герантолагі часта схіляюцца да думкі, што вялікую ролю адыгрывае харчаванне чалавека. Дык вось, бабуля аддае перавагу простым натуральным стравам, але ўсё, што б не спажывала яна, заўжды есць з хлебам. А хлеб, як вядома, сімвал жыцця. Ён асэнсоўваецца як дар Божы, а таму і сілы надае не толькі фізічныя, але і духоўныя.

 

Прыемна ўразіла, што Святлана Эдуардаўна добра ведае свой радавод і перадае непадробную зацікаўленасць духоўнай спадчынай дачушцы Таццяне. Дзяўчынка ў гэты знакавы для сям’і дзень таксама прыйшла павіншаваць прабабулю са слаўным юбілеем, знайшла для яе кранаючыя і пяшчотныя словы.
Лёс не песціў Ганну Юльянаўну. Муж вярнуўся з Вялікай Айчыннай вайны з падарваным здароўем, і яна рана засталася ўдавой. Сама падымала сына і дачку, ніякай работы не цуралася: ні на ферме, ні ў паляводстве, а яшчэ і сваю ўласную гаспадарку цягнула. Цётка Анюта з той кагорты жанчын, што, бывала, і з канём управяцца, і для рагулі кармоў нарыхтуюць, і хлеб у печы такі спякуць, што смак ягоны праз гады ўсёй вёсцы помніцца.

 

Свой векавы рубеж юбілярка сустракала ў прыўзнятым настроі, бо побач былі яе родныя людзі, якіх яна любіць усім сэрцам. Асабліва парадавала, што на Дзень нараджэння завітала родная сястра – 85-гадовая Марыя Юльянаўна Крупіца. Ім ёсць што ўспомніць і расказаць малодшаму пакаленню, каб ведалі, якім насамрэч было жыццё на тых пакручастых віражах гісторыі, што давялося перажыць іх пакаленню.
У гонар імянінніцы дачка Яўгенія з любоўю прыгатавала стравы беларускай народнай кухні, а ўнучка Святлана – не толькі торт, але і любімы бабулін дэсерт –жэле. Не абышлося, канешне, і без выканання традыцыйнай песні-гімна “Сто лят”. А яшчэ родныя Ганны Юльянаўны плануюць абавязкова здзейсніць галоўнае жаданне юбіляркі – звазіць яе ў вёску Навасады, дзе так усё міла жанчыне, бо там засталася яе маладосць.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота Святланы ДЗЯРБУК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!