Сто гадоў за плячамі. Віншаванні з нагоды саліднага юбілею прымала Раіса Адамаўна Красочка

 

Першага лютага 100-гадовы юбілей адзначыла наша зямлячка Раіса Адамаўна Красочка з вёскі Ліпічанка Орлеўскага сельсавета.

 

З цёплымі віншаваннямі і падарункамі да доўгажыхаркі прыехалі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Андрэй Навіцкі, дырэктар ТЦСАН і старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Святлана Шанчук, лідар ветэранаў Шчучыншчыны Святлана Малюгіна, старшыня ААТ “Орля” Віктар Мінько і прадстаўнікі аддзялення па грамадзянстве і міграцыі РАУС.

 

 

Сто гадоў – вялікі адрэзак, за які было шмат чаго зроблена. Пэўна, галоўны гонар Раісы Адамаўны – гэта яе вялікая і дружная сям’я. Разам з мужам яны выхавалі трох дачок і сына. Сёння сямейства налічвае восем унукаў і дзесяць праўнукаў. Усе яны адклалі асабістыя справы, каб раздзяліць радасць свята з старэйшым членам сям’і.

 

 

Нялёгкім было жыццё нашых землякоў у мінулым стагоддзі. Раіса Красочка ўзгадвала, як цяжка жылося ў вайну пад гнётам нацыстаў. Нялёгкім быў і пасляваенны час. Аднаўленне разбуранай народнай гаспадаркі патрабавала ад людзей вялікіх фізічных высілкаў і моцнага характару. Раіса Красочка працавала даяркай на ферме і свае калгасныя будні ўзгадвае так:

 

– На працу прачыналася а трэцяй гадзіне ночы. Даіла 25 кароў, пасля прыбягала дахаты, паднімала дзяцей, гатавала есці. А як накармлю ўсіх, то зноў бягу на працу.

 

 

Цяжкае жыццёвае выпрабаванне напаткала сям’ю Красочкаў і ў мірны час. У 1950 годзе згарэў іхні дом з хатняй гаспадаркай. Сям’я з чатырма дзецьмі засталася на вуліцы. Але аднавяскоўцы не пакінулі сваіх суседзяў у бядзе, дапамаглі аднавіць жытло і пражыць цяжкі перыяд.

 

Нягледзячы на даволі салідны ўзрост, Раіса Адамаўна застаецца вясёлай і рухавай жанчынай. У добрым настроі яна выказала спадзяванне, што разам з гасцямі яе сёлетняга юбілею сустрэне сто пятую гадавіну свайго жыцця.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота Святланы Малюгінай.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!