Старшыня райвыканкама Аляксей Садоўскі прадставіў кіраўнікам устаноў і арганізацый раёна свайго новага намесніка па сацыяльнай сферы

 

Сёння старшыня райвыканкама Аляксей Садоўскі прадставіў кіраўнікам устаноў і арганізацый раёна, структурных падраздзяленняў райвыканкама новага намесніка старшыні райвыканкама, які курыруе сацыяльную сферу. На гэтую пасаду назначана Таццяна Цюсіна.

 

-- Сацыяльна-культурная сфера – блок вельмі важны і адказны, таму новаму кіраўніку давядзецца вырашаць вельмі шмат актуальных задач. Верыцца, што з імі Таццяна Уладзіславаўна справіцца, бо валодае ўсімі неабходнымі для гэтага якасцямі. Сур'ёзная работа прадбачыцца па рэалізацыі маладзёжнай палітыкі, прафілактыцы правапарушэнняў сярод непаўналетніх, узаемадзеянні з Саветамі дэпутатаў усіх узроўняў, неабходна ўдзяліць больш увагі развіццю турызму, фарміраванню здаровага ладу жыцця насельніцтва раёна, заняткам спортам, -- сказаў Аляксей Валянцінавіч і пажадаў Таццяне Цюсінай плённай работы, наватарства і поспехаў, каб пад яе кіраўніцтвам усё дасягнутае ў сацыяльнай сферы Шчучыншчыны было не толькі захавана, але і прымножана.

У сваю чаргу Таццяна Цюсіна падзякавала за аказаны ёй давер, запэўніла, што прыкладзе ўсе намаганні для вырашэння задач, якія стаяць перад ёй: “Галоўнымі прынцыпамі работы лічу ўзаемную павагу і давер. Спектр пытанняў, якімі трэба будзе займацца, безумоўна, вельмі шырокі і адказны. Пастараюся максімальна ўнікаць у праблемы людзей, каб па магчымасці вырашаць іх у кароткія тэрміны. Разлічваю на каманду прафесіяналаў, спецыялістаў, якія бачаць перспектывы, гатовы прымаць рашэнні і браць на сябе адказнасць”.

 

 

 

Таццяна Уладзіславаўна Цюсіна нарадзілася ў 1979 годзе. У 2003 годзе скончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы па спецыяльнасці “Гісторыя са спецыялізацыяй “Новая і навейшая гісторыя замежных краін”. Працоўную дзейнасць пачала ў сярэдняй школе № 2 г. Шчучына на пасадзе педагога-арганізатара. З 2003 года працавала настаўнікам гісторыі, намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Ракавіцкай сярэдняй школы, намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Васілішкаўскай сярэдняй школы. У 2018 годзе ўзначаліла працоўны калектыў раённага цэнтра тэхнічнай творчасці. Да новага назначэння працавала начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

 

 

Сяргей КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!