Старшыня абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын сустрэлася з жаночым актывам нашага раёна

 

Ці ж не знакава тое, што ў Год адзінства грамадская арганізацыя “Беларускі саюз жанчын” адзначае сваё 30-годдзе? Дарэчы, вельмі даўні дэвіз актывістак Гродзеншчыны гучыць так: “За мір не толькі на Зямлі, а ў кожным доме і сям’і”.

 

Аб тым, як аб’яднаць людзей цікавай і карыснай справай, знітоўваць нашы сем’і, дзе культываваць спрадвечныя духоўныя каштоўнасці і традыцыі, умацоўваць інстытут бацькоўства, ушаноўваць мнагадзетных матуль і жанчын з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, ішла размова ў канферэнц-зале Дома Саветаў, дзе з лідарамі “пярвічак” раённай арганізацыі БСЖ сустрэліся старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын Ірына Сцепаненка і яе намеснік Святлана Сяргейка.

 

Ірына Браніславаўна расказала аб шматграннай і надзвычай плённай рабоце абласной арганізацыі БСЖ, якая (між іншым, адзіная ў краіне!) за сваю кіпучую дзейнасць узнагароджана Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Крэатыўныя праекты і ініцыятывы жанчын Прынёманскага краю падхоплівае ўся краіна.

 

– Сімвалічна тое, што ў 30-годдзе БСЖ наша абласная арганізацыя налічвае ў сваіх шэрагах 30 тысяч актыўных, зацікаўленых, творчых жанчын, на рахунку якіх безліч добрых спраў! Мы падтрымліваем дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, дапамагаем людзям сталага веку, удзельнічаем у грамадскім жыцці, вялікі ўклад уносім у выхаванне падрастаючага пакалення, – зазначыла І.Б. Сцепаненка. – Вялікую сацыяльную значнасць набылі нашы праекты “Беларусь памятае. Жаночы твар Перамогі”, “Алея гераінь”, “Жанчына года”, “Мой край – квітнеючы сад”, “Гаспадыня сядзібы – гаспадыня краіны”, а ў гэтыя дні ўжо распачынаецца маштабная акцыя “Збяром дзяцей у школу”. Усяго на працягу года на Гродзеншчыне рэалізуецца каля сотні неардынарных праектаў, за якімі стаяць сотні творчых людзей.

 

 

Зараз працуем над узмацненнем так званага “маладзёжнага крыла” арганізацыі. Адкрыццё гэтага пачыну набыло рэспубліканскі размах і адбылося ў купальскія дні ў знакамітым Мірскім замку, носячы назву “Дзявочы вянок Міру”. Гродзенскі вянок на гэтым прыгожым свяце – гэта вянок талерантнасці, высокай духоўнасці і адзінства ўсіх народаў, што жывуць у нашым шматнацыянальным краі. Зрэшты, пра ўсе праекты і мерапрыемствы можна даведацца, наведваючы наш сайт і падпісаўшыся на тэлеграм-канал “Жанчыны Гродзеншчыны”.

 

Ірына Сцепаненка падкрэсліла, што Шчучынская раённая арганізацыя Беларускага саюза жанчын – адна з лепшых у вобласці. Было аб чым расказаць прысутным і лідару нашых жанчын Святлане Шанчук. Алеі сямейных дрэўцаў, дапамога дзецям з вялікіх сем’яў, канцэрты ў інтэрнатах і бальніцах сястрынскага догляду, спартыўныя мерапрыемствы – гэта і многае іншае стала вынікам рэалізацыі праектаў раённай арганізацыі БСЖ, якая працуе ў цесным супрацоўніцтве з іншымі грамадскімі фарміраваннямі.

 

Сваімі думкамі – аб ролі сямейнага выхавання ў жыцці грамадства і ролі жанчыны ў гэтым, аб тым, наколькі важна ўсведамляць, што краіна – гэта і ёсць наша вялікая сям’я, а патрыятызм і любоў да Радзімы належыць выхоўваць з малых гадоў – падзялілася намеснік старшыні абласной арганізацыі БСЖ Святлана Сяргейка. Падводзячы вынікі гэтай сустрэчы, сяброўкі (а менавіта так называюць сябе члены БСЖ) прыйшлі да агульнай высновы: падмурак любой грамадскай арганізацыі – гэта найперш моцныя “пярвічкі”, ініцыятыўны лідар і яго надзейная каманда, рэальныя справы, накіраваныя на карысць людзей і нашай роднай Беларусі.

 

 

– Менавіта ў такім ключы і мае намер будаваць сваю далейшую дзейнасць наша арганізацыя, – запэўніла Святлана Шанчук.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!