Стараста вёскі Танявічы Шчучынскага раёна Сальвіна Аляксандраўна Ганчарык расказала, як усёй вёскай людзі працуюць дзеля сваёй Радзімы
Кожны куточак нашай любай Гродзеншчыны ўнікальны. Куды ні глянь – усюды свае традыцыі, свая гісторыя, свае людзі. Колькі незвычайных скарбаў захоўвае ў сабе малая радзіма! Дакладней – з цеплынёй і шчырасцю захоўваюць нашы землякі. І пішуць сучасную гісторыю роднага краю. Такія людзі ёсць у кожным раёне, у кожнай гродзенскай вёсачцы. З некай асаблівай цеплынёй, з яскравым агеньчыкам у вачах яны апантана працуюць у сельскіх школах, бібліятэках, крамах, калгасах, на ФАПах. І менавіта аб такіх людзях, душой і сэрцам адданых малой радзіме, ідзе гаворка ў нашым новым праекце “Твае людзі, вёска”. Бо таленты – яны паўсюль!
76-гадовая Сальвіна Аляксандраўна Ганчарык нарадзілася ў вёсцы Танявічы і большую частку жыцця працавала на сваёй радзіме. Цяпер, нават на пенсіі, не перастае актыўна бавіць час – з'яўляецца старастай роднай вёскі, піша вершы. Яе гісторыя – прыклад таго, як можна жыць і сваімі дзеяннямі захоўваць традыцыі родных мясцін, працуючы разам з аднавяскоўцамі і любячы сваю Радзіму.
Бацькоўская хата
Перш за ўсё цікаўлюся ў гераіні аб паходжанні яе імя – такое нячаста сустрэнеш. Сальвіна Аляксандраўна прызнаецца, што гэта была справа выпадку. Па ўспамінах яе бацькоў, у вёсцы была дзяўчына з такім прыгожым імем, вось і вырашылі так назваць нованароджаную дачку. Дарэчы, у тыя часы дзецям выдавалі пасведчанне не адразу пры нараджэнні, а праз час. Так і атрымалася, што ў графе паказалі дзень, калі быў зроблены запіс, – 15 сакавіка. Сальвіна Аляксандраўна з усмешкай кажа, што зараз святкуе адразу два дні нараджэння.
Сальвіна Ганчарык закончыла 8-гадовую школу і адразу пайшла працаваць на ферму. Сустрэла будучага мужа, які маладым студэнтам прыехаў у вёску на працу. Праз некаторы час маладыя пераехалі на Віцебшчыну. Шаснаццаць гадоў прайшлі як імгненне – вучоба, праца, сям'я. Але нешта ўсё роўна непакоіла – жаданне жыць на роднай зямлі, дзе нарадзілася.
– Мы вырашылі вярнуцца на Гродзеншчыну. Жылі ў Воранаўскім раёне. Потым пераехалі ў Танявічы, дзе я нарадзілася. У 80-я гады тут жыло шмат людзей, ішло актыўнае развіццё. І нарэшце я вырашыла, што толькі дадому прыеду. Так і атрымалася, што да пенсіі ўжо тут жыла і працавала. Люблю сваю вёску, нікуды не хачу з'язджаць. У мяне дзеці жывуць у Гродна, адна дачка ў Воранаве. Але я ўсё ж жыву тут. Так доўга – 24 гады, ішла сюды, каб жыць у гэтым доме. Гэта ж бацькоўская хата, дзе мне ўсё дорага – і парогі, і сцены, і родныя прасторы, – распавядае Сальвіна Аляксандраўна.
Каплічка – наша аддушына
Жыхары вёскі Танявічы ганарацца сваёй капліцай – месцам для малітваў, якое яны стварылі сумеснымі намаганнямі ў 1994 годзе. Сальвіна Ганчарык прызнаецца, што без яе суседзяў, аднавяскоўцаў і сяброў нічога б не атрымалася. Раней на месцы капліцы быў клуб і бібліятэка. Пасля таго як моладзі стала менш, мясцовыя жыхары задаліся пытаннем, як можна надаць будынку другое жыццё. І адказ знайшоўся.
– Мы з вяскоўцамі напісалі просьбу ў райвыканкам, каб гэты клуб аддалі нам пад малітоўны дом. Нам дапамагаў ксёндз, кансультаваў па ўсіх пытаннях. Пасля таго як аформілі ўсе дакументы і атрымалі дазвол, пачалася праца. Мы нікога не наймалі, нашы мужчыны з вёскі перабудоўвалі будынак сваімі рукамі. Усё рабілася калектыўна, і кожны браў удзел. Напрыклад, у той час, пакуль мужчыны былі занятыя будоўляй, жанчыны займаліся аздабленнем, дапамагалі выносіць смецце з пляцоўкі. І вось 25 верасня 1994 года каплічку асвяцілі. З таго часу гэта наша аддушына. Заўсёды разам з суседзямі яе прыбіраем, людзі высаджваюць кветкі, даглядаюць тэрыторыю. Дарэчы, сёлета мы пышна адсвяткавалі 30-годдзе нашай каплічкі, – падкрэслівае Сальвіна Ганчарык.
Свята, па словах мясцовых, і сапраўды выдалася на славу. Каб адзначыць важную для вёскі падзею, з'ехаліся людзі адусюль – запрашалі суседзяў, сяброў і сваякоў. Без самых блізкіх не абышлося. А якія былі песні і танцы – гэта была сапраўдная ўрачы-стасць для вяскоўцаў. З выступленнем прыязджаў тэатр народнай песні "Матуліна песня" пад кіраўніцтвам ураджэнкі Танявіч Тарэсы Адамовіч.
– Наогул у нас вёска музычная, – гаворыць з усмешкай Сальвіна Аляксандраўна. – Жыхары Танявіч заўсёды ўмелі адпачываць і добра бавіць час пасля працоўных будняў. У вёсцы заўжды праводзіліся танцы. У маёй сям'і таксама любілі іграць на музычных інструментах – тата і два браты ігралі на гармоніку, а трэці брат – на баяне.
Традыцыя музычных святаў працягваецца ў вёсцы і дагэтуль. Праводзяцца дні вёскі. Усе святы, напрыклад, Каляды ці дні нараджэння, таксама спраўляюцца дружна – па-суседску.
Разам з вяскоўцамі
У вёсцы Танявічы пастаянна пражывае 22 чалавекі. У населеным пункце размяшчаецца каля шасцідзесяці дамоў, а працягласць вуліцы складае каля кіламетра. На летнія канікулы сюды з'язджаюцца дачнікі, да бацькоў прыязджаюць дзеці, унукі наведваюць бабуль і дзядуль. Каб у населеным пункце быў парадак, Сальвіна Аляксандраўна як стараста падтрымлівае кантакт з мясцовымі жыхарамі.
Прытым сустрэчы паміж вяскоўцамі могуць праходзіць і ў неафіцыйных абставінах. Пагаварыць, абмеркаваць праблемы можна, калі чакаюць аўтакраму. Стараста імкнецца трымаць надзённыя пытанні на кантролі, а для гэтага пастаянны кантакт з суседзямі проста неабходны.
– Вяскоўцы заўсёды прыходзяць на дапамогу ў любой справе, у тым ліку, калі неабходна навесці парадак на зямлі. Напрыклад, у нас у вёсцы жыве жанчына, якая даглядае каплічку большую частку часу – прыбірае, наводзіць парадак. А я ўжо потым кветкі саджу. Для вырашэння праблем мы кантактуем са старшынёй нашага Астрынскага сельсавета, – дзеліцца стараста вёскі.
Адным з такіх пытанняў з'яўляецца знос пустуючых дамоў у вёсцы. Гэта працэс нялёгкі. Для пачатку неабходна знайсці ўладальніка дома і высветліць, ці не збіраецца ён заняцца атрыманай у спадчыну зямлёй. Калі знайсці не ўдаецца ці чалавек адмаўляецца, то дом даводзіцца зносіць. Гэта неабходна, каб у населеным пункце быў парадак і старыя будынкі не пагражалі бяспецы мясцовых жыхароў.
Яшчэ адзін прыклад – могілкі ў населеным пункце. Усе сутыкаюцца з неабходнасцю ўсталяваць або замяніць забор, пакасіць траву, зрубіць аварыйныя дрэвы – усё гэта становіцца магчымым толькі пры сумеснай і наладжанай працы мясцовых жыхароў вёскі Танявічы, старасты і мясцовай улады.
– Важна займацца карыснай справай дзеля сваёй Радзімы. Гэта тычыцца кожнага чалавека, – дадае Сальвіна Аляксандраўна.
Жанчына падчас размовы ўспамінае: у былыя часы ў населеным пункце знаходзілася каля 100 дамоў. Аднак у паслеваенныя гады жыць было цяжка.
– Працавалі ў асноўным рукамі. Гэта зараз у сельскай гаспадарцы дапамагае тэхніка, а тады карову даілі рукамі. То на ферме, а дома ж і свая карова была. Усёй сям'ёй шмат працавалі. Але нам гэта было не ў цяжар. Людзі тады па-іншаму ставіліся. Цяпер жа ў нас усё ёсць. Ежа, тэхналогіі. А ў дзяцінстве памятаю, як у нас вісела каўбаса – сушылася. Трохі пакідалі, каб паесці, а астатняе на гарышча ў кошык. Трэба было пакінуць на Каляды і Вялікдзень. А каўбасы як захочацца, дык палезеш і кавалачак сабе адрэжаш. Такое было жыццё. Але яно было вясёлым, бо дзякуючы сям'і, сваякам, сябрам і вяскоўцам, калі ўсе разам працуюць і адпачываюць, то лягчэй, – падвяла вынік Сальвіна Аляксандраўна.