Спартыўныя канікулы. У Шчучыне прайшоў другі этап спартакіяды сярод дзяцей і падлеткаў па месцы жыхарства
З надыходам канікул у дзяцей з'яўляецца даволі шмат вольнага часу. Школьныя заняткі і хатнія заданні адкладваюцца на восень і ў многіх з’яўляюцца праблемы з рацыянальным выкарыстаннем вольнага часу. Вырашыць гэтую праблему дапамагаюць мерапрыемствы накіраваныя на арганізацыю занятасці дзяцей у летні перыяд, да якіх адносіцца спартакіяда сярод дзяцей і падлеткаў па месцы жыхарства, чарговы этап якой нядаўна прайшоў у Шчучыне.
Спартакіяда сярод дзяцей і падлеткаў па месцы жыхарства праходзіць сёлета ў тры этапы. У чэрвені дзеці ўзялі ўдзел у спаборніцтвах па міні-футболе. Другі этап уяўляў сабой турнір па баскетболе, ён прайшоў на гэтым тыдні. На пляцоўцы спартыўнай залы шчучынскай ДЮСШ за званне лепшай баскетбольнай каманды змагаліся калектывы з розных школ горада.
Перад пачаткам турніру ўдзельнікаў спаборніцтваў прывітаў загадчык сектара спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама Дзмітрый Кірылаў. Ён нагадаў, што летам вельмі важна накіроўваць сваю энергію ў правільнае рэчышча, каб не нарабіць кепскіх учынкаў. Таксама Дзмітрый Дзмітрыевіч пажадаў спартсменам добрага настрою і ўдалай гульні.
Абстаноўка на баскетбольнай пляцоўцы была спартыўная. Бачылася, што каманды адпрацоўвалі сумесныя камбінацыі, каб паказаць сваю лепшую гульню на турніры. Імклівыя атакі ад аднаго кальца да другога суправаджаліся класнымі кідкамі і ўдалымі адборамі. Усе каманды паказалі добрую гульню, а прызёрамі сталі наступныя дружыны. Трэцяе месца занялі вучні СШ № 3, на другім месцы размясціліся іх калегі з СШ № 2, а пераможцамі турніру сталі хлопцы з гарадской гімназіі. Віншуем прызёраў і пераможцаў!
Пра арганізацыю спартакіяды нам расказаў дырэктар раённага фізкультурна-спартыўнага клуба Віктар Струкель:
– У гэтай справе важна не перагрузіць дзяцей, таму колькасць гульняў выбіраем адпаведна з іх фізічным станам. У спартакіядзе ўдзельнічаюць дзеці 2009 года нараджэння і маладзей. Ужо завяршыліся спаборніцтвы па міні-футболе і баскетболе, таму наперадзе дзяцей чакае фінальнае мерапрыемства па здачы нарматываў Дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу Рэспублікі Беларусь.
Таксама пра занятасць дзяцей у летні перыяд нам расказала намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Жанна Карпук:
– Ёсць распрацаваная рэспубліканская праграма для работы з дзецьмі “Клопат”, яна дзейнічае з 1 мая па 1 кастрычніка. Згодна з ёй арганізоўваюцца розныя мерапрыемствы, мэта якіх – заняць дзяцей у вольны час, дапамагчы правесці яго з карысцю. Што тычыцца спартакіяды, то яна ўваходзіць у раённы комплекс захадаў па прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх. Акрамя саміх выступаў на турнірах дзеці яшчэ сумесна рыхтуюцца да спаборніцтваў і такім чынам маюць занятак у летні перыяд.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.