“Спартсмены Беларусі – сіла ў адзінстве”
Менавіта пад такой назвай прайшла сустрэча шчучынскай моладзі са знакамітымі беларускімі спартсменамі Яўгеніем Назарэвічам і Аляксеем Талаем, арганізаваная Міжнароднай федэрацыяй гіравых відаў спорту пры падтрымцы ўпраўленне спорту і турызму аблвыканкама і Шчучынскага райвыканкама.
Рабяты з задавальненнем наведалі майстар-клас нашага знакамітага земляка Яўгенія Назарэвіча – беларускага спартсмена-гіравіка, шматразовага чэмпіёна Беларусі, Еўропы і свету, пераможца шматлікіх Кубкаў і фестываляў па гіравым спорце. Майстар-класы прайшлі для студэнтаў Шчучынскага сельскагаспадарчага ліцэя, вучняў гарадскіх школ і гімназіі.
-- Мэта дадзенага праекта – аб’яднаць усіх спартсменаў нашай краіны ў развіцці нацыянальнай спартыўнай школы для выхавання ў дзяцей і падлеткаў спартыўнай культуры, далучэння іх да спорту высокіх дасягненняў, -- патлумачыў тытулаваны гіравік. – Тым самым мы ствараем умовы для пераемнасці ў перамогах на Алімпійскіх гульнях і Чэмпіянатах свету. Сам я нарадзіўся ў Шчучыне і вельмі люблю сваю малую радзіму. Дабіўшыся высокіх поспехаў на міжнароднай арэне, хачу падзяліцца назапашаным вопытам з землякамі, дапамагчы ім акрэпнуць фізічна і ўмацаваць сваё здароўе. Таму і арганізаваў майстар-клас. Прыемна, што шчучынская моладзь масава прыняла ў ім удзел. У будучым планую правесці аналагічныя майстар-класы па ўсёй Беларусі.
Яўгеній Назарэвіч пазнаёміў рабят з асновамі гіравога спорту, паказаў базавыя практыкаванні і прадэманстраваў сваю моц і вынослівасць. Хлопчыкі і дзяўчынкі не толькі ўважліва слухалі, але і паўтаралі ўслед. У выніку ўсе выдатна размяліся і атрымалі моцны зарад бадзёрасці а аптымізму.
-- Я люблю гуляць у гандбол, а вось гіры адкрыў для сябе ўпершыню! – прызнаецца вучань 9 “Б” класа СШ№1 Вадзім Трахімчык. – Было прыемна пазнаёміцца з знакамітым гіравіком Яўгеніем Назарэвічам, які занесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса. Уражвае яго сіла і вынослівасць. Ганаруся, што ён – мой зямляк!
Пасля майстар-класа усе перамясціліся ў Палац творчасці дзяцей і моладзі, дзе прайшла сустрэча з адным з ініцыятараў і стваральнікаў праекта “Спартсмены Беларусі – сіла ў адзінстве” – рэкардсменам свету і Еўропы, членам нацыянальнай параалімпійскай зборнай па плаванні, зорным паслом II Еўрапейскіх гульняў, матывацыйным спікерам Аляксеем Талаем.
-- Калі мне было шаснаццаць гадоў, я падарваўся на міне часоў Вялікай Айчыннай вайны, і маё жыццё цалкам змянілася, -- успамінае Аляксей Талай. – Было вельмі цяжка прызнаць, што мае фізічныя магчымасці цяпер назаўжды абмежаваны. Аднак я не адчаіўся, прыняў і палюбіў сябе такім, які ёсць і стаў працаваць над сабой. Паступова даказаў усім і ў першую чаргу сабе, што сіла чалавека ў яго ўнутраным стрыжні, жаданні любіць і ствараць прыгажосць. Я радуюся кожнаму дню і дзялюся аптымізмам з роднымі і блізкімі людзьмі. Любіце бацькоў і сваю радзіму, займайцеся спортам, развівайцеся фізічна і інтэлектуальна! За вамі будучыня!
Рабяты доўга не хацелі адпускаць спікера і задалі шмат розных пытанняў, на якія тут жа атрымалі грунтоўныя адказы.
Наш зямляк Яўгеній Назарэвіч скарыстаўся выдатнай магчымасцю і ўручыў прадстаўнікам гарадскіх школ і сельскагаспадарчага ліцэя памятныя статуэткі за актыўны ўдзел у папулярызацыі спорту сярод шчучынскай моладзі.
Кульмінацыяй сустрэчы са знакамітымі беларускімі спартсменамі стаў сумесны флэшмоб на гарадскім стадыёне “Алімп”: яго ўдзельнікі выстраіліся ў форме лічбы 80 у знак 80-гадовага юбілею ўтварэння Шчучынскага раёна і развіцця спорту на Гродзеншчыне. У гэты дзень кожны атрымаў памятныя медалі і граматы.
- У сакавіку бягучага года я ўжо зрабіў свайму раёну незвычайны падарунак на юбілей: 80 разоў падняў 50-кілаграмовую гіру за 5 хвілін 16 секунд і тым самым паставіў чарговы сусветны рэкорд, -- зазначае беларускі асілак Яўгеній Назарэвіч. – Сёння яшчэ раз выказаў сваю любоў да малой радзімы удзелам у флэшмобе. Прыемна, што гэтую ініцыятыву падтрымалі мноства землякоў. Наша сіла – у адзінстве!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.