Спачатку было слова. У Шчучыне прайшоў рэгіянальны форум, прысвечаны Дню праваслаўнай кнігі

Высокай мараллю і асаблівай духоўнасцю быў прасякнуты пятнаццаты рэгіянальны форум,прысвечаны Дню праваслаўнай кнігі. Мерапрыемства прайшло ўШчучыне ў сценах палаца Друцкіх-Любецкіх і сабрала шмат удзельнікаў. Форум наведалі жыхары горада і раёна, школьнікі і гімназісты, настаўнікі, ідэолагі арганізацый і прадпрыемстваў нашага раёна, а таксама ўсе святары Шчучынскай царкоўнай акругі. Сёлета мерапрыемства было прымеркавана да 125-годдзя з дня заснавання Гродзенскай епархіі і 160-годдзя з дня асвячэння праваслаўнага храма ў гонар Святога Архангела Міхаіла ў Шчучыне.
Ганаровымі гасцямі духоўнага форуму сталі намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Таццяна Цюсіна і начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Павел Тарчынскі. У рамках мерапрыемства яго ўдзельнікі мелі магчымасць паслухаць цікавыя даклады на тэму гісторыі Гродзенскай епархіі і праваслаўя на тэрыторыі нашага рэгіёна. Гістарычную тэматыку асвятляліпрарэктар па навуковай рабоце Мінскіх духоўных акадэмій і семінарый доктар царкоўнай гісторыі Аляксандр Слесараў, кандыдат гістарычных навук дацэнт кафедры гісторыі Беларусі археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін ГрДУ імя Янкі Купалы Аляксандр Горны, гісторык-краязнаўца, настаўніца гісторыі Шчучынскай гімназіі Алена Лісоўская і вучаніца 11 класа гімназіі Надзея Гайдук.
На пачатку мерапрыемства ў залах палаца разгарнулася выстава “Кніжны свет праваслаўя”, якая змяшчала цікавыя экспанаты з фонду Прыхода храма Святога Архангела Міхаіла ў Шчучыне. Выданні першай паловы XIX стагоддзя, навейшыя рэлігійныя кнігі раённай бібліятэкі і царкоўныя атрыбуты прыцягвалі ўвагу наведвальнікаў. Таксама ў фае палаца размясцілася цікавая выстава са старымі фотаздымкамі праваслаўных храмаў Шчучыншчыны.
Усіх прысутных прывітаў благачынны Шчучынскай царкоўнай акругі іерэй Аляксандр Пасцерняк:
– Добры дзень, дарагія браты і сёстры. Вітаю вас на нашым рэгіянальным форуме. Вельмі рады, што на такім высокім узроўні мы адзначаем Дзень праваслаўнай кнігі. Чаму так атрымліваецца? Адказ просты – бо ўсе мы разам. Аднаму чалавеку гэта не па сілах. Царква, раённая ўлада, дакладчыкі, педагогі і прыхаджане – усе мы разам. На афішы мерапрыемства было напісана “Запрашаем на свята веры, надзеі і любові”. Дык вось, я жадаю, каб у нашых сэрцах і душах вера, надзея і любоў памнажаліся, каб мы з любоўю ішлі пажыцці. Няхай з сённяшняга мерапрыемства кожны вынесе для сябе нешта такое, што дапаможа ўратаваць душу.
Сваё бачанне місіі форуму, які прайшоў у Шчучыне, выказаў Аляксандр Слесараў:
– Кніга на працягу стагоддзяў фіксавала досвед жыцця, духоўны досвед многіх пакаленняў – тых людзей, якія жылі да нас. Кнігі, калі мы ставімся да іх уважліва, змяшчаюць многія адказы на выклікі сучаснасці, якія хвалююць нас сёння. Таму правядзенне Дня праваслаўнай кнігі заўсёды арыентавана на тое, каб актуалізаваць цікавасць да тых ведаў, якія знаходзяцца ў багатай скарбніцы праваслаўнай літаратуры.
Парадавалі сваёй цікавасцю і грунтоўнасцю даклады гісторыкаў і краязнаўцаў. Так, Надзея Гайдук пазнаёміла прысутных з вынікамі даследавання, ў якім вызначыла стылістычныя асаблівасці праваслаўнага іканапісу на прыкладзе абразоў Багародзіцы шчучынскага храма Святога Архангела Міхаіла. Алена Лісоўская падрабязней спынілася на гісторыі Шчучынскай царкоўнай акругі і асобах мясцовых святароў. Пра цяжкія выпрабаванні, якія выпалі на долю праваслаўнай царквы на Гродзеншчыне ў мінулым стагоддзі, прысутным расказаў Аляксандр Горны. Аляксандр Слесараў пазнаёміў удзельнікаў форуму з жыццёвым шляхам нашага паважанага земляка, вядомага багаслова прафесара Дзмітрыя Пятровіча Агіцкага.
Форум, прысвечаны Дню праваслаўнай кнігі, выдатна дапаўнялі выступы харавых калектываў. Сваёй творчасцю прысутных радавалі народны ансамбль духавога спеву “Праабражэнне” і зводны хор Шчучынскага благачыння.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.