Сляды вялі ў бок граніцы…

 

У той дзень, каля пяці гадзін раніцы, на лінію “102” паступіў званок з мабільнага тэлефона. “Граніца, … слуп”, – пачулася ў трубцы, і сувязь перарвалася. Таму занепакоеная супрацоўніца, якая прымала паведамленне, патэлефанавала абаненту сама. Мужчына, які, мяркуючы па голасе, знаходзіўся ў стане ап’янення, паведаміў, што рухаўся на аўто па лесе, заехаў у яму і знаходзіцца ўжо не ў Беларусі, а на тэрыторыі суседняй дзяржавы.

 

Каб удакладніць сітуацыю, аператар яшчэ раз паспрабавала разгаварыць чалавека, задавала пытанні. Але невядомы свае асабістыя даныя назваць адмовіўся, сказаў толькі, што грэецца ля кастра і выберацца сам. А потым увогуле адключыў сувязь. Паведамленне пра званок было перададзена ў раённы аддзел міліцыі, адтуль – пагранічнай службе.

 

Хутка да мяркуемага месца парушэння дзяржаўнай мяжы выбыла трывожная група. Вайскоўцы ўбачылі, што шлагбаум, які адгароджвае дарогу ў пагранічную паласу і непасрэдна да лініі дзяржаўнай мяжы, адкрыты, замок на ім зламаны і ляжыць на зямлі. Па пясчанай дарозе ў бок мяжы вялі сляды шын транспартнага сродку. Перамяшчаючыся па гэтых слядах, ахоўнікі рубяжоў прыбылі да пагранічнага знака і ўбачылі “бусік”, які знаходзіўся ўжо за лініяй Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь і кантрольна-следавой паласой сумежнай дзяржавы. Машына ўехала ў роў і задняй часткай вісела над зямлёй. З салона даносілася гучная музыка, побач сядзеў чалавек і яўна знаходзіўся ў стане ап’янення, бо паводзіў сябе неадэкватна. Так, на заклік аднаго з пагранічнікаў вярнуцца назад на тэрыторыю Беларусі ён прапанаваў… дагнаць і злавіць яго. Зразумела, бегаць з ім наперагонкі ніхто не збіраўся. Між тым правапарушальнік працягваў дражніцца з людзьмі ў форме: даходзіў да поліметрычнага знака, які дакладна падзяляе тэрыторыю абедзвюх краін, і вяртаўся назад – “дамоў” не спяшаўся…  У працэсе непрацяглага дыялогу прызнаўся, што да прыезду вайскоўцаў усё ж пераходзіў на беларускі бок, бо былі патрэбны… дровы для кастра.

 

У той дзень гэта гісторыя скончылася прыездам супрацоўнікаў службы аховы дзяржаўнай мяжы суседняй краіны, якія затрымалі парушальніка і адбуксіравалі яго аўтамабіль. Чужым пагранічнікам наш зямляк патлумачыў, што вельмі ўжо жадаў патрапіць у суседнюю краіну… Аднак з распарцёртымі рукамі мужчыну там ніхто не сустрэў: яго асудзілі – далі штраф 3500 еўра і канфіскавалі машыну. І дэпартавалі ў Рэспубліку Беларусь, дзе ў адносінах да гэтага грамадзяніна завялі крымінальную справу за незаконнае перасячэнне Дзяржаўнай граніцы на транспартным сродку.

 

Седзячы ў кабінеце следчага, а потым і ў зале суда, правапарушальнік настойліва даводзіў: граніцу перасёк, але ненаўмысна. Маўляў, ехаў ноччу ў іншы населены пункт і заблудзіў на лясной дарозе, не заўважыў лінію граніцы… Аднак факты сведчылі аб іншым. Малады чалавек нарадзіўся і вырас у вёсцы, ад якой рукой падаць да дзяржаўнай мяжы і, як кажуць, ведаў тут кожную лясную сцежку і палянку. І той ноччу, перамяшчаючыся на іншамарцы пры ўключаных фарах, не мог не заўважыць абсталяваны святлоадбівальнымі элементамі знак “Стоп! Пагранічная паласа” і шлагбаум за ім. А калі і заблукаў, то навошта было ламаць замок на шлагбауме і гуляць з пагранічнікамі ў кошкі-мышкі? Ды і той населены пункт, куды ён быццам бы накіроўваўся, знаходзіцца ў супрацьлеглым баку…

 

Было ўстаноўлена, што насамрэч надзвычайнаму здарэнню папярэднічала застолле. А потым малады чалавек пасварыўся са сваяком, сеў у аўто, ударыў па газах і, што называецца, “на нервах” паімчаў у бок граніцы.

 

Суд прызнаў мужчыну вінаватым у наўмысным незаконным перасячэнні Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь з выкарыстаннем механічнага транспартнага сродку і на падставе ч.1 арт. 371 Крымінальнага кодэкса прызначыў пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 150 базавых велічынь, што складае больш за 4000 рублёў.

 

Дзмітрый СІНІЛА,  памочнік пракурора раёна.
Таццяна ВІТАЛЬЕВА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!