Слодычы для юных пацыентаў
Васілішкавец Павел Габіс у Міжнародны дзень абароны дзяцей быў адзіным, хто не пакаштаваў цукерак. Віншаванні і слодычы замест яго прымала мама Алена, якая разам з сынам знаходзіцца ў радзільным аддзяленні Шчучынскай раённай бальніцы.
У Міжнародны Дзень абароны дзяцей не засталіся без належнай увагі і астатнія юныя пацыенты, якім давялося сустрэць свята на бальнічным ложку. Па добрай традыцыі з кошыкам цукерак і святочнымі віншаваннямі да іх завіталі першы сакратар РК БРСМ Алена Славаміраўна Богдзель і старшыня раённай арганізацыі рэспубліканскага ГА “Белая Русь” Юрый Тадэвушавіч Пашук.
Госці закрочылі па бальніцы, дорачы святочны настрой прахожым. Безумоўна, сапраўднае свята павінна быць з музыкай, таму і далучыўся да ўсіх баяніст -- Аляксей Аляксеевіч Міцай. Музыкант націснуў на чорна-белыя кнопкі баяна і па-заліхвацку расцягнуў мяхі. Яшчэ нейкую хвілінку-дзве ён падбіраў ноты, а потым зайграў-заспяваў так, што аж на сэрцы пасвятлела! Да спеваў далучыліся і дзеці, і дарослыя. Нават медыкі прытанцоўвалі. Што тут скажаш: усё мы родам з дзяцінства!
Сапраўдны святочны настрой падаравалі хлопчыкам і дзяўчынкам вясёлыя клоўны Бімка і Бомка (спецыялісты Шчучынскага РЦКіНТ). Давялося дзецям і на хуткім цягніку праехацца, і песні заспяваць і патанцаваць ад душы. Клоўны вадзілі карагоды, жартавалі і фатаграфаваліся на памяць.
Для іх, нашых хлопчыкаў і дзяўчынак , у гэты дзень гучалі самыя шчырыя і цёплыя віншаванні са святам і пажаданні моцнага здароўя.
З добрай місіяй госці наведалі дзіцячае, радзільнае, інфекцыйнае аддзяленні і дзіцячую кансультацыю.
Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара.