След яго жыцця. У Шчучынскай раённай бібліятэцы імя Цёткі ўспаміналі жыццё і творчасць журналіста і пісьменніка Уладзіміра Фядотава

 

У Шчучынскай раённай бібліятэцы імя Цёткі прайшла літаратурная сустрэча, прымеркаваная да 90-годдзя з дня нараджэння журналіста і пісьменніка Уладзіміра Фядотава.

 

“Мы лічым сваім абавязкам, каб не адышлі ў нябыт імёны землякоў, якімі мы можам па праве ганарыцца”, – адзначыла, адкрываючы мерапрыемства, галоўны бібліятэкар Тамара Менская. Эпіграфам да мерапрыемства стала цытата з аповесці “Мёртвыя застаюцца жывымі” Уладзіміра Фядотава: “Чалавек застаўся жыць, бо сам лёс захаваў яго ад смерці як сведку нечувалых злачынстваў, якія ўчынялі гітлераўцы на акупіраванай зямлі”. Так пісьменнік сказаў аб сваім героі. Але гэта і аб ім самім.

 

 

Уладзімір Мікалаевіч Фядотаў нарадзіўся 25 кастрычніка 1930 года ў вёсцы Заполле Шумілінскага раёна Віцебскай вобласці. Лёс падлетка апаліла вайна. А ў 12 хлапечых гадоў спазнаў жахі фашысцкай акупацыі, стаў сувязным партызанскага атрада. Тады ж юны патрыёт быў узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”! Убачанае на свае вочы і перажытае потым знайшло адлюстраванне ў журналісцкіх нататках, літаратурных творах. А таксама быццам лязом паласнула па сэрцы, спачатку аслабіўшы яго, а потым дачасна спыніўшы – у 36 гадоў…

 

У літаратурнай сустрэчы прынялі ўдзел людзі розных узростаў і роду заняткаў. Некаторыя з іх асабіста ведалі гэтага чалавека, знаёмыя з яго творчасцю, іншыя далучыліся з жаданнем пашырыць свой літаратурны досвед. Сярод удзельнікаў былі намеснік старшыні райвыканкама Алена Пасюта, в.а. начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Таццяна Цюсіна, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Васіль Жукоўскі, бібліятэчныя работнікі, мясцовыя літаратары, школьнікі, сябры.

 

Такім шырокім кругам, у дружалюбнай абстаноўцы, шчучынцы ўзгадалі жыццёвы і творчы шлях журналіста і пісьменніка Уладзіміра Фядотава. Дзякуючы старанням галоўнага бібліятэкара Тамары Менскай і яе калегі Ірыны Гудач уся кампазіцыя атрымалася цэльнай, інфармацыйна насычанай і цікавай, і грані творчасці журналіста і пісьменніка Фядотава зайгралі новымі фарбамі. У сцэнарый былі па-майстэрску ўплецены і электронная прэзентацыя, і верш, прысвечаны гэтаму аўтару (яго пранікліва дэкламаваў шасцікласнік Жалудоцкай СШ Вадзім Васюк), і ўрывак з твора ў выкананні вучаніцы гэтай жа школы Паліны Макарэвіч, а таксама водгукі знакамітых творцаў, у прыватнасці, Васіля Быкава, успаміны… Не засталася без увагі выстава, дзе галоўнае месца займалі кнігі – дакументальная аповесць “Мёртвыя застаюцца жывымі” і аўтабіяграфічная аповесць “Сорак дзён”.

 

Уладзімір Фядотаў пражыў кароткае, але яркае жыццё. Старонкі з сямейнай кнігі памяці перагарнула дачка Уладзіміра Мікалаевіча Ала Фядотава. Бацька пайшоў з жыцця, калі яна была зусім маленькай. “Але ён даў мне столькі цяпла, клопату і любві, што хапае да гэтага часу”, – прызналася яна. Ала Уладзіміраўна прыгадала сяброў бацькі, сярод якіх было многа ўдзельнікаў вайны, – Змудзяка, Нікольнікава, Мураўёва, Палякова, Сасноўскага, Долдзіна…

 

 

 Шчучыншчына ў лёсе У.М. Фядотава з’явілася ў пачатку 50-ых гадоў мінулага стагоддзя. Тут стварыў сям’ю, працаваў. Спачатку рэдагаваў газету палітаддзела Дубраўскай МТС, а з 1954-га па 1967 год працаваў у раённай газеце. У 1958 годзе стаў членам Саюза журналістаў СССР. Многа пісаў – “лёгка, душэўна і праўдзіва”, як успамінае цяпер яго калега Сцяпан Яхімчык. А ўраджэнец Шчучыншчыны Аляксандр Вярцінскі, які жыве ў Мінску і ў службовай кар’еры дасягнуў значных вышынь, у дасланым удзельнікам сустрэчы звароце назваў Уладзіміра Фядотава сваім “дарагім настаўнікам”: такім ён стаў для яго падчас вучобы ў школе рабселькораў і сталай працы ў рэдакцыі. Верш-прысвячэнне У.М. Фядотаву даслаў яшчэ адзін былы рабселькоравец, журналіст і літаратар Антон Піліпчык. Як заўжды вобразна перадаў свае адносіны да творчасці пісьменніка паэт Рычард Бялячыц. Думкамі пра час і творцаў падзяліліся на сустрэчы мясцовыя літаратары Іван Пяшко і Іван Рэкеда.

 

Дарэчы, пры падрыхтоўцы творчай імпрэзы супрацоўнікі раённай бібліятэкі звязаліся з Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеем. Справа ў тым, што кніга У.М. Фядотава “Мёртвыя застаюцца жывымі” распавядае пра вогненную трагедыю ў вёсцы Вялікая Воля гэтага раёна. Старшы навуковы супрацоўнік Алена Абрамчык у сваім відэазвароце нагадала гэты факт і падкрэсліла: “Мы вельмі ўдзячны, што ён пакінуў нам такія ўспаміны”.

 

 

Светлы, добры, таварыскі, таленавіты чалавек. І гэта далёка не ўсе эпітэты ў адрас журналіста, пісьменніка і патрыёта Уладзіміра Фядотава. Яго дачка Ала Уладзіміраўна падзякавала ўдзельнікам сустрэчы за памяць і добрыя словы і назвала іх данінай павагі ўсім прадстаўнікам гераічнага пакалення. Сімвалічна, што такая размова адбылася ў юбілейны год Вялікай Перамогі, падкрэсліла яна.

 

– След чалавека – след яго жыцця, – адзначыла Алена Васільеўна Пасюта напрыканцы сустрэчы. – Уладзімір Фядотаў – адзін з тых аўтараў, якіх мы ведаем і чытаем. Такія творчыя людзі, як ён, з’яўляюцца для нас узорам таго, як і дзеля чаго жыць, а таксама прыкладам бацькі, сябра, прафесіянала. А такія сустрэчы, як сённяшняя, аб’ядноўваюць моладзь і старэйшае пакаленне, дазваляюць паглядзець на гістарычныя падзеі па-новаму.

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!