Што важней у выбары прафесіі? Пра гэта даведаліся шчучынскія школьнікі падчас прафарыентацыйнай гутаркі ў раённай бібліятэцы імя Цёткі

Якую прафесію атрымаць – кожны з нас задумваўся яшчэ ў дзяцінстве. А ў выпускным класе летуценныя думкі змяняліся сур’ёзным роздумам на гэтую тэму. Каб дапамагчы сённяшнім выпускнікам зрабіць усвядомлены выбар будучай прафесіі, у канферэнц-зале бібліятэкі сабраліся прадстаўнікі розных сфер дзейнасці.

Свае парады вучням дзявятых-адзінаццатых класаў давалі намеснік начальніка аддзела дзяржаўнай службы занятасці Т.М. Вяжбіцкая, індывідуальны прадпрымальнік М.А. Арлова і бібліятэкар сельскагаспадарчага ліцэя Т.Р. Саўрас. Пра творчую прафесію журналіста расказала школьнікам аўтар гэтай нататкі.
Таццяна Міхайлаўна пазнаёміла вучняў 9-11 класаў з асаблівасцямі рынка працы ў нашым раёне, актуальнымі вакансіямі ў горадзе і сельскай мясцовасці. Сярод запатрабаваных сёння прафесіі вадзіцеля, паштальёна, грыбавода, жывёлавода. Каб мець больш шанцаў працаўладкавацца, кожны жадаючы можа прайсці прафесійную падрыхтоўку або перападрыхтоўку. Да таго ж можна атрымаць субсідыі для адкрыцця сваёй справы.
Прысутныя даведаліся пра магчымасці навучання ў сельскагаспадарчым ліцэі ад Таццяны Раманаўны Саўрас, а Марыя Анатольеўна Арлова расказала пра свой бізнес і падзялілася з вучнямі выпускных класаў думкамі наконт ролі прафесіі ў жыцці чалавека. 
Бібліёграф Людміла Анатольеўна Аляксей прадставіла прысутным выставу літаратуры “Школа... А што далей?”.
Юлія ЦІМАШЧУК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!