Шчучынскія валейбалісты выйшлі ў плэй-офф чэмпіянату Гродзенскай вобласці (+ВІДЭА)

Працягваецца чэмпіянат Гродзенскай вобласці па валейболе. На выхадных наша дружына прымала ў Шчучыне гродзенскую “Мытню-ГрДУ”. Мінулая сустрэча каманд скончылася на карысць гродзенцаў, таму пры родных трыбунах трэба было браць рэванш. Тым больш, што вынік гульні меў вялікае значэнне для турнірнага становішча абедзвюх каманд.

 

Першая партыя пачалася з роўнай гульні (4:4), аднак хутка “Шчучын” выйшаў наперад і да канца сэта забяспечыў сабе перавагу ў сем ачкоў, што дазволіла перамагчы ў партыі з лікам 25:18.

 

Добры для гаспадароў пачатак сустрэчы атрымалася замацаваць і ў другой партыі. Гэтым разам шчучынцы адразу пайшлі ў адрыў (10:5). На працягу ўсяго сэта наша каманда дамінавала на пляцоўцы. Трапныя падачы і эфектыўныя блакіроўкі дазволілі павялічыць розніцу да ліку 17:8. Канцоўка партыі сюрпрызаў не прынесла, і “Шчучын” перамог 25:15.

 

 

Пасля двух пераможных партый здавалася, што вынік сустрэчы ўжо вырашаны, але госці так не думалі і ў трэцім сэце далі бой. З самага пачатку “Мытня-ГрДУ” вырвалася наперад (3:7). Потым гульня выраўнялася і ў шчучынцаў атрымалася дагнаць саперніка (13:13). Але не самая лепшая гульня гаспадароў на падачах дазволіла гродзенцам перамагчы з лікам 21:25.

 

Нібы халодны дождж, трэцяя партыя ўзбадзёрыла шчучынцаў, і яны здолелі выйсці на пераможную сцяжыну. Ад пачатку сэта гаспадары пляцоўкі авалодалі лідарствам (10:7), якое да канца сустрэчы не аддалі і перамаглі з лікам 25:15.

 

 

Такім чынам, па выніках чатырох партый з лікам 3:1 верх у сустрэчы ўзяла шчучынская каманда. Гэтая перамога важная тым, што пасля яе “Шчучын” гарантаваў сабе другое месца ў групе, якое дазваляе прайсці ў плэй-офф. Дарэчы наша каманда не прайграла ніводнага групавога матча ў Шчучыне, вось тут сапраўды можна сказаць: “Мой дом – мая крэпасць”.

 

Вынікі гульні пракаментаваў гуляючы трэнер шчучынскай валейбольнай каманды Валянцін Галамбоўскі:

 

– Гульня вельмі спадабалася, толькі трэцяя партыя крыху падвяла. Не ляцела падача, мы налічылі 10 памылак толькі на падачах. Напэўна, пасля буйной перамогі ў другой партыі расслабіліся. Але  ў цэлым сёння гульня ішла, а падтрымка шчучынскіх заўзятараў нам дапамагала.

 

 

Наступны, заключны матч групавога этапу, наша каманда правядзе на выездзе супраць лідара – зборнай Гродзенскага раёна. Сустрэча таксама будзе мець турнірнае значэнне, бо па яе выніках вызначыцца пераможца групы.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!