Шчучынскія навіны пад гарачы чай. Даведаліся, што падабаецца чытаць у “Дзянніцы” нашаму пастаяннаму падпісчыку Іосіфу Паўлюкевічу

 

Калі Іосіф Паўлюкевіч вяртаецца пасля напружанага працоўнага дня ў свой утульны і дагледжаны дом у аграгарадку Тапілішкі, яго радасна сустракае аўчарка Чарлі, а ў паштовай скрыні чакае любімая газета “Дзянніца”.

 

– Выпісваю раёнку адразу на паўгоддзе, бо аднойчы, аформіўшы толькі на квартал, забыў прадоўжыць падпіску. Чакаю-чакаю напачатку чарговага месяца “Дзянніцу”, а яе ўсё няма, – расказвае Іосіф Станіслававіч. – Хацеў ужо на пошту ісці высвятляць адносіны, а потым зразумеў, што сам не дагледзеў. Сумна было без газеты!

 

Іосіф узгадвае, што першае знаёмства з раёнкай у яго адбылося яшчэ ў дзяцінстве: бацькі з цікавасцю чыталі на той час яшчэ не “Дзянніцу”, а “Савецкую вёску”. Яму, вучню Баярскай школы, быў асабліва даспадобы куток сатыры і гумару “Кузьма Шпількін”, дзе, акрамя фельетонаў і крытычных заметак-шпілек, друкаваліся карыкатуры, сатырычныя вершы і байкі.

 

– Як толькі пайшоў на свой хлеб, стаў самастойна выпісваць раённую газету. Ну як без яе? Усё тут цікава: мясцовыя навіны і падзеі ў раёне, аповеды пра людзей знаёмых і незнаёмых, незвычайныя лёсы і жыццёвыя гісторыі… Газета можа дапамагчы, падтрымаць духоўна і душэўна ў цяжкую хвіліну, стаць цікавай суразмоўцай для чытача, – лічыць Іосіф Станіслававіч, які любіць у вольную хвілінку заварыць кубачак гарачай водарнай гарбаткі і ўзяць у рукі свежую газету. Вось гэта адпачынак!

 

Дарэчы, толькі той, хто ўмее заўзята працаваць, па-сапраўднаму ацэніць такія хвіліны асалоды і спакою. Сам І.С. Паўлюкевіч якраз-такі з кагорты незаспакоеных прафесіяналаў. На працягу шэрага год ён узначальвае электратэхнічную лабараторыю Шчучынскай МПМК-167. Калегі паважаюць гэтага чалавека за кампетэнтнасць і выключнае пачуццё адказнасці, гатоўнасць прыйсці на дапамогу, даць кансультацыю ці параду, зрэшты, адрамантаваць тое, што, здаецца, ужо ўвогуле не падлягае рамонту. За плячыма ў Іосіфа Станіслававіча багаты вопыт, а выпрацаваная гадамі “тэхнарская інтуіцыя” ніколі не падводзіць.

 

У свой час, пасля заканчэння Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі, І.С. Паўлюкевіч працаваў энергетыкам у колішнім калгасе “Расія” ў Дэмбраве. Але, бадай, самы сур’ёзны прафесійны досвед набыў, калі перайшоў на работу ў Шчучын – на ўчастак пусканаладачных работ, які дзейнічаў ад гродзенскага прадпрыемства. Маючы справу з аўтаматыкай самага рознага кшталту – ад замежных даільных установак на сучасных фермах да складанага абсталявання кацельняў, Іосіф Станіслававіч стаў сапраўдным віртуозам у тэхнічных справах. Не выпадкова менавіта яму даверылі пасаду начальніка электратэхнічнай лабараторыі, якая ажыццяўляе кантроль за электрамантажнымі работамі на будаўнічых аб’ектах, не ўпускае магчымасцей новых тэхналогій, рыхтуе дакументацыю і г.д. Увогуле ў калектыве Шчучынскай МПМК-167 І.С. Паўлюкевіч працуе ўжо на працягу 17 год.

 

Дарэчы, “Дзянніцу” заўжды выпісвае без адрыву ад вытворчасці. Кажа, гэта вельмі зручна, калі з такой прапановай непасрэдна на рабоце звяртаюцца грамадскія актывісты. А аднойчы Станіслававіч вырашыў паўдзельнічаць у розыгрышы “шчаслівых” падпісных квітанцый (такую акцыю сярод сваіх пастаянных чытачоў праводзіла наша “Дзянніца”) і выйграў у гэтай латарэі… веласіпед.

 

– Ці ездзіце Вы на ім да гэтага часу? – і жартам, і ўсур’ёз запыталі мы ў нашага суразмоўцы.
– Думаю, “Дзянніца” не пакрыўдзіцца, што я падарыў той веласіпед аднаму добраму чалавеку. Яму двухколы транспарт на той час быў куды больш патрэбны, – усміхаецца Іосіф.

 

Што ж, такім чынам мы адкрываем у гэтым чалавеку яшчэ адну цудоўную рысу – шырыню і шчодрасць натуры.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!