Шчучынскія міліцыянеры правялі прафілактычную акцыю з удзелам навучэнцаў сельгасліцэя

З 20 лютага па 1 сакавіка ў рэспубліцы праходзіць Адзіны дзень бяспекі. У яго рамках ладзяцца разнастайныя па форме і зместу мерапрыемствы. Вось і супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх Шчучынскага РАУС пры падтрымцы калег з АДАІ і патрульна-паставой службы правялі ў кінатэатры “Беларусь” прафілактычную акцыю "Школа мужнасці", на якую запрасілі навучэнцаў мясцовага сельгасліцэя.

 

 

-- Наша акцыя накіравана ў першую чаргу на прафілактыку супрацьпраўных паводзін, забеспячэнне вашай бяспекі, а таксама на прафесійнае арыентаванне – хочам заклікаць выпускнікоў ліцэя ў рады супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, -- звярнуўся да аўдыторыі начальнік ІСН РАУС Юрый Аляксандравіч Пляханаў. – І такія прыклады ўжо ёсць: былыя ліцэісты паступілі да нас на службу, закончылі міліцэйскія ВНУ, атрымалі афіцэрскія званні.

 

 

 

У праграму акцыі былі ўключаны конкурсы на скорасную экіпіроўку спецыяльнымі сродкамі і зборку-разборку аўтамата. У апошнім спаборніцтве дакладнасць дзеянняў і спрыт паказалі многія рабяты, у прыватнасці, Аляксандр Сярко. Сваё ўменне хлопец патлумачыў коратка: "Гэта ўсё "Дружына!", маючы на ўвазе, што неабходныя навыкі набыў будучы членам вядомага ў раёне праваслаўнага ваенна-патрыятычнага клуба. Між іншым, пераможцы конкурсаў атрымалі ў падарунак білеты на кінасеанс.

 

 

 

Будучыя вадзіцелі мелі магчымасць прадэманстраваць свае веды па правілах дарожнага руху. Юнакоў зацікавіла і выстава спецсродкаў і ўзбраення, разгорутая ў глядацкай зале кінатэатра. Дарэчы, кіраўніцтва КУКП “Шчучынкінавідэасетка” ахвотна падтрымала прапанову людзей у пагонах правесці мерапрыемства менавіта ў сваіх сценах. Тут прасторна і ўтульна, ёсць добрая магчымасць для дэманстрацыі відэаролікаў і фільмаў. Што, дарэчы, і было зроблена. Рабяты ўбачылі на экране цікавы фільм "Патруль 113" і тэматычныя відэаматэрыялы па тэме папярэджання такіх заганных праяў, як п'янства, хуліганства, наркаманія.

 

 

 

Па словах удзельнікаў акцыі, такі фармат мерапрыемства для іх цікавы і карысны.

 

 

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!