Шчучынскія футбалісткі – самыя моцныя ў вобласці
У Гродне прайшлі абласныя спаборніцтвы “Скураны мяч” сярод дзяўчынак 2008-2010 гадоў нараджэння. У турніры прынялі ўдзел сем каманд, у тым ліку і сборная Шчучынскага раёна.
На футбольным полі бушавалі эмоцыі: былі і радасць ад забітых галоў, і слёзы ад прапушчаных мячоў. Імкнучыся перамагчы, футбалісткі выкладваліся па поўнай, таму гульні праходзілі вельмі напружана і з мноствам небяспечных момантаў.
Наша зборная паспяхова прайшла групавы адбор: “у сухую” перамагла апанентаў з Навагрудка (1:0) і Слоніма (2:0). У фінальным матчы за першае месца каманда Шчучынскага раёна сустрэлася з карэліцкай футбольнай дружынай і абыграла яе з мінімалньым лікам 1:0. Па выніках праведзеных гульняў лепшай нападаючай турніру прызнана вучаніца Вісілішкаўскай СШ Ксенія Бекіш, а яе сяброўка па камандзе Наталля Кічко з СШ №3 г. Шчучына – лепшай абаронцай.
Вярнуўшыся дадому, шчучынскія футбалісткі працягваюць інтэнсіўна трэніравацца. У верасні яны паедуць у Мінск, дзе будуць абараняць гонар Гродзеншчыны на рэспубліканскім этапе спаборніцтваў “Скураны мяч”. Жадаем ім мноства забітых галоў і перамог!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.