Шчучынскія баксёры заваявалі чарговае “золата” ў Вільнюсе

У сталіцы Літвы Вільнюсе прайшоў міжнародны турнір па кікбоксінгу “Vilnius Open 2018”, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі з 11 краін. За чэмпіёнскі тытул змагаліся і шчучынскія спартсмены – выхаванцы трэнераў Уладзіміра Барысавіча Шурупава і Міхаіла Пятровіча Кавалёва. 

Нашы баксёры Кірыл Куц, Яўгеній Макей і Сямён Ступакевіч правялі на рынгу па два баі і пабеданосна завяршылі іх. Сямён Ступакевіч увогуле датэрмінова завяршыў фінальны паядынак, адправіўшы ў трэцім раўндзе літоўскага саперніка ў накаўт. Дадому шчучынскія спартсмены вярнуліся з залатымі медалямі.

-- Перад першым боем моцна хваляваўся, таму баксіраваў вельмі асцярожна, -- прызнаецца шчучынскі спартсмен Сямён Ступакевіч. – Паступова нарошчваў ціск на абарону саперніка і ў выніку перамог па колькасці набраных ачкоў. У фінальным жа паядынку адчуваў сябе больш упэўнена. Паколькі я ляўша, то з’яўляюся нязручным апанентам для многіх. Не стаў выключэннем і літоўскі баксёр, якога накаўтаваў моцным ударам “з левай” у жывот.

Цяпер выхаванцы трэнераў Уладзіміра Барысавіча Шурупава і Міхаіла Пятровіча Кавалёва рыхтуюцца да ўдзелу ў міжнародным турніры па тайскім боксе, які пройдзе 15 студзеня ў Маладзечна. Жадаем ім удачы і новых перамог!

-- Вялікі дзякуй старшыні райвыканкама Сяргею Васільевічу Ложэчніку і дырэктару завода “Праймілк” Анатолію Станіслававічу Бяляўскаму, дзякуючы падтрымцы якіх нашы баксёры маюць магчымасць удзельнічаць у розных міжнародных спаборніцтвах нават за мяжой, -- гаворыць старшыня папячыцельскага савета ДЮСШ г. Шчучына Міхаіл Пятровіч Кавалёў. – Рабяты выкладваюцца на рынгу па поўнай і пакараюць усё новыя спартыўныя вышыні! Упэўнены, яны яшчэ не раз праславяць родную Шчучыншчыну!

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!