Шчучынскія баксёры ў чарговы раз перамагаюць на міжнародным турніры

У Мінску ў рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі “Стайкі“ прайшоў другі дзіцячы міжнародны турнір па муай тай Кубак “Стайкі-OPEN“. У спаборніцтвах прынялі ўдзел каля 250 юных спартсменаў з 10 краін свету: Беларусі, Расіі, Літвы, Латвіі, Чэхіі, Венгрыі, Кіпра, Ізраіля, Азербайджана і Грузіі.
За перамогу змагаліся і выхаванцы трэнераў Уладзіміра Барысавіча Шурупава і Міхаіла Пятровіча Кавалёва. Шчучынскія баксёры былі ў выдатнай фізічнай форме і дастойна выступілі на рынгу. Андрэй Варонік, Данііл Дземянчук і Павел Рымко датэрмінова завяршылі фінальныя баі, накаўтаваўшы апанентаў. Не пакінуў ніводнага шанца сваім сапернікам і Ілля Сырыцкі, які таксама стаў чэмпіёнам. Яго сябры па камандзе Ілля Васілька, Міхаіл Якімовіч і Дзямід Лобач заваявалі “срэбра”, а Уладзіслаў Марчукевіч – “бронзу”. Не дзіва што па выніках медальнага заліку зборная Беларусі заняла першае агульнакаманднае месца. На другой прыступцы п’едэстала размясціліся расійскія спарстмены. Замкнула тройку прызёраў каманда Чэхіі. 
– Вялікі дзякуй кіраўніцтву завода “Праймілк” за падтрымку, дзякуючы якой нашы рабяты маюць магчымасць выступаць у спаборніцтвах міжнароднага ўзроўню, – гаворыць старшыня папячыцельскага савета ДЮСШ г. Шчучына Міхаіл Пятровіч Кавалёў. – Як бачыце, яны ўмеюць перамагаць!
Дарэчы, у дадзены момант шчучынскія баксёры зноў знаходзяцца ў сталіцы, дзе прымаюць удзел у чэмпіянаце рэспублікі па тайландскім боксе, які праходзіць у рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі “Стайкі“. Жадаем нашым спартсменам удачы на рынгу і новых перамог!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!