Шчучынская міліцыя падвяла вынікі аператыўна-службовай дзейнасці за 2019 год

Супрацоўнікі Шчучынскага РАУС падвялі вынікі аператыўна-службовай дзейнасці за 2019 год. У нарадзе прынялі ўдзел старшыня Шчучынскага райвыканкама А.В. Садоўскі, начальнік штаба УУС Гродзенскага аблвыканкама палкоўнік міліцыі В.К. Страчынскі, пракурор раёна А.У. Дзямідаў, начальнік раённага аддзела Следчага камітэта А.Я. Кізілевіч. Галоўны вынік мінулага года – захаваны кантроль за крымінагеннай абстаноўкай у раёне, забяспечаны правапарадак.

– Ва ўзаемадзеянні з іншымі праваахоўнымі органамі і суб’ектамі прафілактыкі прымаліся арганізацыйныя і практычныя меры, накіраваныя на падтрыманне высокага ўзроўню правапарадку ў раёне, забеспячэнне асабістай і маёмаснай бяспекі грамадзян, – падкрэсліў начальнік РАУС палкоўнік міліцыі С.М. Сыцэвіч. – Аддзел паказаў дастаткова стабільныя вынікі работы па асноўных напрамках аператыўна-службовай дзейнасці, а па асобных з іх павысіў сваю эфектыўнасць.

Так, па выніках 2019 года скарацілася колькасць зарэгістраваных злачынстваў – як па лініі ўсіх службаў, так і па лініі крымінальнага вышуку. Амаль на трэць менш цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. Летась абышлося без разбояў, вымагальніцтваў, менш стала хуліганстваў, махлярстваў, угонаў транспартных сродкаў. У поўнай меры спрацавала прафілактыка цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў у сферы сямейна-бытавых адносін, знізілася колькасць грамадска-небяспечных праяў у сельскай мясцовасці, у грамадскіх месцах, у стане алкагольнага ап’янення.

У структуры крымінальных праяў пераважалі злачынствы супраць уласнасці. Так, зарэгістраваны 161 факт крадзяжу, больш за палову – з жылля грамадзян, у 49 выпадках зламыснікі арудавалі на нежылых сядзібах, пакінутых у спадчыну. На жаль, не атрымалася пераламаць негатыўную тэндэнцыю да росту злачынстваў, учыненых асобамі з судзімасцю, а таксама непаўналетнімі. На нарадзе прыйшлі да высновы, што рашэнне праблемы рэцыдыўнай злачыннасці – гэта працаўладкаванне тых, хто вызваліўся з месцаў пазбаўлення свабоды. А кіраўніцтву міліцыі грамадскай бяспекі, супрацоўнікам ІСН варта ўзмацніць прафілактычную работу з падлеткамі.

Складанай была ў мінулым годзе абстаноўка на дарогах: адбылося 16 ДТЗ, загінулі 4 чалавекі, 13 атрымалі раненні. Усё яшчэ многа ДТЗ па віне “шумахераў”, пачасціліся выпадкі з’яўлення на трасах дзікіх жывёлін.
Арганізацыя работы РАУС, у прыватнасці, аддзялення крымінальнага вышуку дазволіла забяспечыць на дастаткова высокім узроўні прынцып немінучасці пакарання, падкрэсліў Сяргей Мікалаевіч: па многіх злачынных праявах устаноўлены падазроныя. Ёсць станоўчыя вынікі па раскрыцці злачынстваў мінулых гадоў. Між тым трэба звярнуць больш увагі на якасць мерапрыемстваў, накіраваных на вышук без вестак зніклых грамадзян. Нельга забываць і пра нераскрытыя крадзяжы.

Станоўчае ў дзейнасці па лініі БЭЗ – гэта выяўленне карупцыйных праяў, фактаў хабарніцтва. Ад супрацоўнікаў падраздзялення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі, у службовай скарбонцы якіх 14 выяўленых злачынстваў, патрабуецца, у першую чаргу, устанаўленне каналаў збыту і паступлення наркатычных сродкаў.

На немінучасці пакарання за нарказлачынствы акцэнтаваў увагу і пракурор раёна А.У. Дзямідаў. Аляксандр Уладзіміравіч таксама выказаў свае меркаванні аб актывізацыі прафілактычнай дзейнасці, падзякаваў за работу, якая дазволіла забяспечыць грамадскі парадак і законнасць.

Аб тым, што органы ўнутраных спраў знаходзяцца на чарговым этапе свайго развіцця, настроены пазбавіцца ад іміджу карнага органа, гаварыў начальнік штаба УУС аблвыканкама В.К. Страчынскі. Кіраўнік арыентаваў супрацоўнікаў міліцыі на дзелавое супрацоўніцтва з органамі ўлады і іншымі праваахоўнымі структурамі, падкрэсліў: злачынцы ўдасканальваюць свае крымінальныя метады, і трэба быць гатовым супрацьстаяць ім. Прафілактыка – важная зброя ў папярэджанні злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій.

Станоўча ацаніў работу шчучынскіх праваахоўнікаў па падтрыманні стабільнага правапарадку на тэрыторыі раёна, забеспячэнні грамадскай бяспекі старшыня райвыканкама А.В. Садоўскі. “Мы з вамі робім адну важную справу, – падкрэсліў Аляксей Валянцінавіч. – Дзякуй за службу!”.

А пад заслону нарады прайшла цырымонія ўзнагароджання. Ганаровымі граматамі, Падзякамі райвыканкама і райсавета дэпутатаў былі адзначаны 10 праваахоўнікаў, у тым ліку і начальнік РАУС С.М. Сыцэвіч. Столькі ж супрацоўнікаў райаддзела прызнаны лепшымі па прафесіі па выніках службовай дзейнасці за 2019 год. Некалькі чалавек атрымалі ўзнагарады УУС аблвыканкама.

За цеснае ўзаемадзеянне з праваахоўнікамі ў ахове грамадскага парадку, актыўную жыццёвую пазіцыю начальнік РАУС С.М. Сыцэвіч уручыў Падзячныя пісьмы чатыром дырэктарам: ААТ “Шчучынаграпрадукт” – В.Б. Патапчык, РЦКіНТ – С.П. Жвірбля, ААТ “Дэмбрава” – А.В. Туля, РУП ЖКГ – А.В. Шкіндзераву.

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.